Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА АДМАЎЛЯЕЦЦА ЗАКРЫВАЦЬ ЧАЧЭНСКІЯ ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ЦЭНТРЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сярод іншых, у Польшчы працуюць два чачэнскія інфармацыйныя Цэнтры – у Варшаве і Кракаве, “Камітэт Польшча – Чачэнія” – таксама ў Варшаве, і “Камітэт Свабодны Каўказ” з прадстаўніцтвамі ў Кракаве і Познані.

Гэтыя грамадзкія арганізацыі займаюцца інфармаваньнем польскіх грамадзянаў пра парушэньні правоў чалавека ў Чачэніі, пішуць артыкулы ды выдаюць у гэтай справе кнігі, а таксама арганізуюць вулічныя акцыі ў падтрымку чачэнскай незалежнасьці.

У аўторак Міністэрства замежных справаў Польшчы атрымала ноту, у якой Расея запатрабавала ад польскіх уладаў забараніць дзейнасьць, перадусім, чачэнскіх інфармацыйных Цэнтраў у Варшаве і Кракаве, якія часта называюць неафіцыйнымі амбасадамі Чачэнскай Рэспублікі.

Камэнтуючы патрабаваньні Масквы, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі сказаў наступнае:

(Квасьнеўскі: ) “Усе гэтыя ўстановы дзейнічаюць на падставе польскіх законаў, і пакуль яны будуць працаваць у адпаведнасьці з гэтымі законамі, няма ніякіх прычынаў, каб перашкаджаць іхнай дзейнасьці”.

А інфармацыі пра тое, што гэтыя арганізацыі, а таксама чачэнцы, якія знаходзяцца ў Польшчы, займаюцца падрыхтоўкай тэрарыстычных замахаў ці іншай супрацьзаконнай дзейнасьцю, паводле польскіх спэцслужбаў, няма. Гэта падцьвердзіў і прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер:

(Міллер) “Паводле інфармацыі, якую я маю, сярод чачэнцаў, што знаходзяцца ў Польшчы, тэрарыстаў няма”.

У сваю чаргу, міністар замежных справаў Польшчы Уладзімер Цімашэвіч заявіў, што абвінавачаньні расейскага боку на адрас чачэнскіх інфармацыйных цэнтраў у Польшчы беспадстаўныя.

Варшава пакуль не даслала Маскве афіцыйнага адказу на ноту, аднак, беручы пад увагу меркаваньні кіраўнікоў польскай дзяржавы, няцяжка прадказаць, якім ён будзе. Тым больш, што менавіта ў гэтай справе ўрад і кіроўная кааліцыя маюць абсалютную падтрымку ўсіх палітычных сілаў парлямэнту. Гавораць дэпутаты Сэйму Ежы Яскерня і Марыюш Каміньскі:

(Яскерня: ) “Польшча мусіць вельмі ўважліва прыслухацца да сэнсу расейскіх патрабаваньняў – ці не зьяўляюцца яны празьмернымі. Польшча ёсьць краінай дэмакратычнай, свабоднай”.

(Каміньскі: ) “Расея ня можа цяпер ставіцца да Польшчы так, як у часы няволі, калі мы былі васаламі Расеі і яна магла груба ўмешвацца ў нашыя ўнутраныя справы”.

Калі не лічыць Турэччыны, дык пасьля Нямеччыны Польшча зьяўляецца другой краінай у Эўропе паводле колькасьці чачэнскіх уцекачоў. Толькі сёлета па палітычны прытулак да польскіх уладаў зьвярнуліся каля 2000 грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі чачэнскай нацыянальнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG