Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"КАЛІ Б ЯНЫ ХАЦЕЛІ НАС УЗАРВАЦЬ, ТО ЎЗАРВАЛІ БЫ"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Страх за жыцьцё жыве ў кожным чалавеку, нават у тым, хто сабраўся на той сьвет і хоча забраць з сабой як мага больш душаў. Гэтая думка ня раз гучала падчас маёй размовы з Тацянай Ткачук, акушэркай менскага абласнога радзільнага дома, якая была сярод закладнікаў – наведнікаў мюзікла "Норд-Ост". За ўсю больш чым гадзінную гутарку з Тацянай тэма страху ўзьнікала некалькі разоў, нават сама сабой. Тацяна шчыра прызналася, што кожны раз, калі яны чулі стрэлы, іх усіх ахоплівала пачуцьцё страху, якое па сваёй моцы ні з чым нельга параўнаць. Потым яно крыху адпускала, і тады ўзьнікалі думкі пра сваякоў, перш за ўсё пра дзяцей. Жыць тры дні ў пастаянным адчуваньні страху было вялікай пакутай.

(Ткачук: ) "Я ніколі ня думала, што гэтак жахліва, калі страляюць. Там быў момант, калі недалёка, але не ў залі, нешта выбухнула – і мы ўсе ўзьняліся. І чэчэнка, якая сядзела побач, сказала: "Бачыце, як вам жахліва. А ў нас гэтак сама кожны дзень".

Часам чачэнцы стралялі ў калідоры, але толькі каб запалохаць кагосьці, хутчэй за ўсё тых, хто зьбіраўся штурмаваць будынак, лічыць Тацяна Ткачук. Але тройчы яны сапраўды выкарысталі зброю па прызначэньні. Першы раз, калі забілі маладую жанчыну, якая прыйшла ў залю і пачала крычаць на чачэнцаў. Тацяна ня можа сказаць, ці была тая жанчына нецьвярозая, бо не магла з балкону, дзе яны сядзелі, разабраць гаворкі. Празь дзень трагічны выпадак паўтарыўся. У залю прыйшоў ужо мужчына, які сказаў, што тут знаходзіцца ягоны сын. Чачэнцы абвесьцілі імя сына, але ніхто ня выйшаў. Гэтага мужчыну таксама забілі ў калідоры, бо вырашылі, што ён шпіён ФСБ. А ў апошнюю ноч ня вытрымалі нэрвы ў аднаго закладніка – ён кінуўся праз усю залу і ледзь не дабег да маладой чачэнкі зь пісталетам. Відаць, хацеў завалодаць пісталетам. Але падвярнуў нагу і ўпаў. Потым яго таксама расстралялі, а калі лавілі, далі чаргу з аўтамата ў залі і паранілі жанчыну ў грудзі, ды мужчыне пашкодзілі вока. Больш нейкіх праяваў агрэсіі з боку чачэнцаў Тацяна Ткачук не памятае. Яна ўвогуле лічыць, што некаторыя зь іх, асабліва маладыя жанчыны, баяліся таго, што адбываецца, ня менш за закладнікаў.

(Ткачук: ) "Я казала сяброўцы: паглядзі ёй ў вочы. Яны ж былі поўныя старху. Яна нас ніколі не ўзарве... Магчыма, такім было маё уражаньне, але я бачыла, што яна таксама вельмі баялася. Гэта было бачна нават па тым, як яна дакраналася да дроцікаў на бомбе..."

У тым, што чачэнцы не блефавалі, калі пагражалі ўзарваць залю, яе пераканала якраз гэтая маладая шахідка, што значыць смяротніца. Яна сказала Тацяне: "Вы ўсе няверныя, таму павінны загінуць". І усё ж Тацяне хацелася верыць ня ёй, а чачэнцу Аслану, галоўнаму ў іх на балконе. Ён супакойваў жанчын, казаў, што яны ўсе застануцца жывыя. "Мы толькі хочам, каб спынілі вайну ў Чачэніі", – тлумачыў Аслан і запэўніваў, што дзеля гэтага яны будуць сядзець тут колькі спатрэбіцца, але "прымусяць Пуціна скончыць вайну". Як – чачанцы не хавалі. Сказалі, што праз тры дні ад захопу пачнуць расстрэльваць закладнікаў.

Моманту штурму, калі ў залю пусьцілі газ і пачалася страляніна, Тацяна ня памятае, бо ў той час яны зь сяброўкай Вольгай Золінай спалі, выпіўшы па некалькі таблетак барбіталу – снатворнага. Яна прачнулася ў шпіталі – нехта пляскаў яе па шчаках. Моцна хацелася спаць, а потым яна некалькі разоў ванітавала.

Пазьней яна ня раз задумвалася, чаму ж чачэнкі ня выканалі сваё абяцаньне ўзарваць тэатр. Гэтае пытаньне яны шмат часу абмяркоўвалі з жанчынамі ў палаце. Тыя кажуць, што часу, каб злучыць правады зарадаў, у шахідак было дастаткова, але яны гэтага не зрабілі.

(Ткачук: ) "Хацелі б узарваць, узарвалі б, і мы б тут ужо не сядзелі. Але не зрабілі яны гэтага. Альбо загад не атрымалі, альбо ня выканалі, я ня ведаю чаму, магу толькі меркаваць, што, магчыма, пашкадавалі нас".

Увогуле, Тацяне шкада ня толькі загіблых закладнікаў, але і чачэнцаў, якія прынесьлі свае жыцьці ў ахвяру. Дзеля чаго – пра гэта яна пакуль ня хоча думаць. Пакуль яе галоўнае жаданьне – супакоіцца і ўвайсьці ў рытм жыцьця, дзе няма страху. Хаця цяпер яна ведае, што такое амаль немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG