Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАЧАЛАСЯ АЧЫСТКА СЬВІСЛАЧЫ АД ГЛЕЮ І СЬМЕЦЦЯ — ПЕРШАЯ ЗА 60 ГАДОЎ


Ганна Соўсь, Менск

Ваду спусьцілі на ўчастку Сьвіслачы ад Камсамольскага возера да парку Горкага. Дзе-нідзе вада яшчэ засталася ў рэчышчы, але пакрысе й яна спадае. Рабочыя зь “Менскводаканалу” ў гумавых ботах ходзяць па сьлізкім дне й рукамі зьбіраюць сьмецце. На дне ракі заўважаю разьлезлыя колы ад машынаў, парожні сэйф, аброслы ракавінкамі, партманэ, бак ад матацыклу, дзіцячыя вазочкі, кухонны посуд. Рабочыя, якія чысьцяць рэчышча Сьвіслачы, распавядаюць Радыё Свабода пра свае знаходкі:

(Рабочы: ) “Колы знаходзім, бутэлькі, шкло...”

(Другі рабочы: ) “Знайшлі мабільны тэлефон”.

(Рабочы: ) “Тэхналёгія якая — граблямі, кошыкам, чым можам, вяроўкамі выцягваем. Парапэт высокі. Дзе трактарамі выцягваем, пад’ёмнікамі. Сюды ж не пад’едзеш, тэхніку не падгоніш. Так вось поўны дзень і корпаемся ў брудзе, у вадзе, а плаціць ня хочуць”.

Рабочыя скардзяцца на складаныя ўмовы працы й маленькія заробкі — нават 100 даляраў, якія абяцаў Лукашэнка перад выбарамі, яны не атрымліваюць за сваю цяжкую працу.

Што да рэдкіх ці старажытных знаходак, то, паводле майстра ўчастку “Менскводаканалу” Аляксандра Поляка, пакуль іх няма, трэба капаць глей глыбей. Да таго ж, у сьвіслацкай вадзе столькі таксычных рэчываў, што ўсё, што туды трапляе, хутка ледзь не распушчаецца. Гэта зьвязана з тым, што ў Сьвіслач шмат гадоў ліліся сьцёкі з гарадзкіх ліўневых каналізацыяў. Гаворыць Аляксандар Поляк:

(Поляк: ) “Сёньня знайшлі некалькі патронаў ад кулямёта. Бачыце, вось аўтамабільныя нумары. Нашая задача — прыбраць усё бытавое сьмецьце. Потым тэхніка будзе ісьці. На Камсамольскім возеры сёньня перакрываем шандоры, і вада больш у Сьвіслач паступаць ня будзе. Штодня вывозім па некалькі трактароў, машын са сьмецьцем, якое менчукі кінулі ў Сьвіслач”.

Паводле Аляксандра Поляка, да 1 красавіка рабочыя павінныя цалкам ачысьціць гэты ўчастак ракі. Цалкам генэральная ачыстка Сьвіслачы мусіць скончыцца да 2012 году. Апроч гарадзкога бюджэту, гэтыя працы фінансуюцца і з адмысловага пазабюджэтнага фонду. Дарэчы, усім прадпрыемствам Менску было рэкамэндавана пералічваць на яго рахунак каля 240 рублёў з кожнага супрацоўніка штомесяц.

Якія экалягічныя наступствы для гораду можа мець ачыстка Сьвіслачы? Гаворыць намесьнік старшыні Беларускай экалягічнай партыі зялёных Яўген Церахаў, які амаль 15 гадоў сочыць за станам вады ў Сьвіслачы:

(Церахаў: ) “Сьвіслач патрэбна чысьціць, гэта безумоўна. Але іншая справа, як гэта ўсё будзе зроблена. Безумоўна, трэба распачынаць працы зь Вялейскага вадасховішча. У жніўні там вада была такога вельмі інтэнсіўнага колеру. Гэта значыць, што ў вадзе вялікая колькасьць як арганічных, так і біягенных рэчываў. І гэта звычайна прыводзіць да таго, што вельмі хутка на дне ўтвараецца глей.

Пачынаць трэба зь Вялейскага вадасховішча, пачынаць з дастаткова дакладных навуковых дасьледаваньняў. Галоўнае, каб акуратна абышліся з той расьліннасьцю па берагах. Справа ў тым, што балота ўздоўж ракі — гэта самы лепшы біяфільтар. І галоўнае, каб ня вырашылі прыбіраць па берагах гэтую траву і накладваць бэтон”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG