Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАДАВЫ КРЫЗІС У ГАЛЯНДЫІ І РЭФЭРЭНДУМ У ІРЛЯНДЫІ: ЦІ ПАШЫРЫЦЦА ЭЎРАЗЬВЯЗ?


Аляксей Дзiкавiцкi, Прага

Урадавы крызыс у Галяндыi стаў вынiкам спрэчак у адной з партыяў урадавай каалiцыi – “Сьпiс Пiма Фортайна”. Мiнiстры здароўя i гаспадаркi ад гэтай палiтычнай сiлы – Эдуард Бомхоф i Герман Гайнсбрук распачалi спрэчку за нефармальнае лiдэрства ў партыi. Па ўсiх важных пытаньнях Бомхоф i Гайнсбрук увесь час выказвалi супрацьлеглыя меркаваньнi. Апошняй кропляй, якая спрычынiлася да выбуху ў партыi i ўрадзе, сталася спрэчка пра кандыдатуру лiдэра парляманцкай фракцыi “Сьпiсу Пiма Фортайна” – абодва мiнiстры зацята падтрымлiвалi розныя кандыдатуры.

У вынiку прэм’ер-мiнiстар Галяндыi Ян Пэтэр Балькэнэндэ заявiў, што такi ўрад ня здатны кiраваць краiнай. Не дапамог нават папярэднi зыход ў адстаўку Эдуарда Бомхофа i Германа Гайнсбрука. За iмi з ураду адыйшлi мiнiстры ўнутраных справаў i юстыцыi. Новы галяндзкi ўрад не праiснаваў i ста дзён.

Варта адзначыць, што папулярнай партыя “Сьпiс Пiма Фортайна” стала пасьля забойства яе лiдэра – папулiстычнага палiтыка Пiма Фортайна. Назiральнiкi адзначаюць, што сяброў партыi не аб’ядноўвае нiякая iдэя, акрамя асобы забiтага лiдэра. Паводле апытаньняў грамадзкай думкi, калi б выбары адбылiся цяпер, дык гэтая партыя атрымала б усяго 4 месцы ў парлямэнце. Цяпер яна мае 26.

Адстаўка галяндзкага ўраду атрымала вялiкi розгалас ва ўсёй Эўропе, бо яна адбылася напярэдаднi самiту Эўразьвязу ў Капэнгагене, у часе якога мусiць быць прынятае рашэньне пра далучэньне да Аб’яднанай Эўропы 10 новых краінаў.

Яшчэ раней урадавая каалiцыя ў Галяндыi выказвала меркаваньне, што чатыры краiны-кандыдаты – Латвiя, Славаччына, Чэхiя i Польшча - не гатовыя да сяброўства ў Эўразьвязе. Некаторыя галяндзкiя палiтыкi наўпрост заяўлялi, што прыняцьцё непадрыхтаваных 4-х краiнаў будзе занадта шмат каштаваць бюджэтам краiнаў цяперашняй Пятнаццаткi, у тым лiку i Галяндыi.
Цяпер жа можа здарыцца так, што часовы ўрад не атрымае ад парлямэнту паўнамоцтваў галасаваць у Капэнгагене. Магчыма, таксама, што новы ўрад, якi будзе ўтвораны пасьля выбараў, што адбудуцца толькi праз тры месяцы, адкiне дамоўленасцi ў гэтай справе, выпрацаваныя сваiмi папярэднiкамi. Тады непазьбежная затрымка заплянаванга пашырэньня Эўрапейскага зьвязу, прынамсi, на паўгоду.

Аднак, калi закiды галяндцаў у справе пашырэньня тычацца 4-х краiнаў-кандыдатаў, дык ад вынiкаў рэфэрэндуму ў Ірляндыi, што адбудзецца ў гэтую суботу, залежыць, цi далучацца ў 2004 годзе да Эўрапейскага Зьвязу ўсе 10 дзяржаваў, рэкамэндаваных напярэдаднi Эўрапейскай камiсіяй.

Паводле iрляндзкiх законаў, пытаньне аб ухвале Дамовы, заключанай у Нiцы, якая прадугледжвае зьмены ў структуры Эўрапейскага Зьвязу, мусiць быць вырашанае праз плебiсцыт.
А дзеля таго, каб прыняць у Эўразьвяз новыя краiны, трэба каб усе 15 цяперашнiх сябраў пагадзiлiся на ўмовы пагадненьня, падпісанага ў францускай Ніцы.

Паводле дадзеных апытаньня грамадзкай думкi, надрукаваных у сёньняшнiм нумары штодзёньнiка “Irish Times”, 42% iрляндцаў гатовыя падтымаць гэтае пагадненьне, у той час, як 29% выкажуцца супраць, а кожны пяты з апытаных яшчэ ня вызначыўся.
Цяпер важна, хто прыйдзе на выбарчыя ўчасткi i цi будзе гэта больш за 50% грамадзянаў, што маюць права голасу.

Як адзначаюць адмыслоўцы, перашкодай пазытыўнаму вынiку рэфэрэндуму можа быць нiзкая папулярнасьць iрляндзкага ўраду, якая за паўгоду зьменшылася ў два разы ды складае цяпер каля 33-х адсоткаў падтрымкі. Справа ў тым, шо ўрад заклiкае грамадзянаў падтрымаць дамову.

Гэта ўжо другi рэфэрэндум у гэтай справе ў Ірляндыi.
Летась у чэрвенi, большасьцю галасоў iрляндцы адкiнулi дамоўленасьці зь Ніцы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG