Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА САМІЦЕ СНД ЛУКАШЭНКА ХАЦЕЎ ВЫГЛЯДАЦЬ МІРАТВОРЦАМ


Віталь Цыганкоў, Кішынёў

Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, адразу адчуў, што ня ён зьяўляецца галоўнай фігурай саміту. Найбольшая ўвага прэсы была аддадзеная сустрэчы Ўладзімера Пуціна ды Эдуарда Шэварднадзэ, якая прынесла рэальныя вынікі. На гэтым фоне спатканьне беларускага і расейскага прэзыдэнтаў абыйшлося без сэнсацыйных заяваў і новых ініцыятываў. Магчыма, менавіта таму беларускі прэзыдэнт імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу незвычайнымі прапановамі. У прыватнасьці, Лукашэнка пажадаў паўдзельнічаць ва ўрэгуляваньні прыднястроўскага канфлікту. “Калі мой візыт у горад на Днястры можа дапамагчы ў разьвязаньні праблемы, я гатовы выяхаць ў Тыраспаль і сустрэцца зь мясцовымі ўладамі”, –сказаў прэзыдэнт Беларусі.

Але гэтым ягоная міратворчая актыўнасьць не абмежавалася. Лукашэнка прапанаваў сваё пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні крызісу вакол Іраку. “Калі ад Іраку сусьветная супольнасьць хоча нешта атрымаць, то я магу прапанаваць свае паслугі, зрабіць усё на прыстойнай аснове”, – заявіў беларускі кіраўнік. Чакалася, дарэчы, што ў панядзелак на саміце сярод іншых будзе абмяркоўвацца пытаньне выпрацоўкі адзінай пазыцыі краінаў Садружнасьці ў справе Іраку – пра гэта нават абвесьціў у нядзелю ўвечары міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Аднак пасьля заканчэньня перамоваў пра гэтае пытаньне ніхто не ўзгадаў – напэўна, кіраўнікам СНД не ўдалося тут прыйсьці да нейкай агульнай высновы.
Сустрэча прэзыдэнтаў у так званым вузкім коле, якая паводле графіку павінна была скончыцца ў 10.20, зацягнулася амаль да 12 гадзінаў. Толькі тады пачалося паседжаньне дэлегацыяў у пашыраным складзе. На працягу амаль дзьвюх гадзінаў журналісты чакалі прэсавай канферэнцыі прэзыдэнтаў, аднак замест яе перад імі зьявіліся толькі кіраўнікі Расеі ды Малдовы. Уладзімер Пуцін зрабіў кароткую, на тры хвіліны заяву:
“Выпрацаваны пакет захадаў, які прадугледжвае больш строгі кантроль за ходам выкананьня прынятых рашэньняў. Мы таксама дамовіліся падвысіць ролю інстытуту сталых прадстаўнікоў дзяржаваў-удзельніц. Спадзяемся, што ўзгодненыя намі крокі падвысяць аддачу ад іхняй працы, зробяць працэс рэалізацыі рашэньняў больш апэратыўным і дзейсным... Намі прынятае рашэньне аб стварэньні цэнтральнаазіяцкага аддзяленьня антытэрарыстычнага цэнтру СНД”.
Пуцін таксама паведаміў, што ён прапанаваў кандыдатуру Ўкраіны на пасаду старшыні дзяржаваў Садружнасьці. Такой пасады пакуль не існуе, і яе ўтварэньне запатрабуе ўнясеньне зьменаў у статутныя дакумэнты СНД. Дарэчы, гэтая прапанова на фоне падпісаньня расейска-ўкраінскага газавага кансорцыюма стала яшчэ адным чыньнікам расейска-украінскага зьбліжэньня і адсоўваньня Беларусі на пэрыфэрыю падзеяў у Садружнасьці.
Троххвіліннай заявай Пуціна прэсавая канферэнцыя і закончылася. Мне ўдалося прабрацца да міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова, але ён на маю просьбу пракамэнтаваць вынікі саміту адказаў “потым”, цудоўна разумеючы, што “потым” магчымасьцяў задаць пытаньне ўжо ня будзе. Прэзыдэнты не палічылі патрэбным кантактаваць з прэсай – напэўна, таму, што надта сьпяшаліся на ўрачысты абед, які даваў у сваёй рэзыдэнцыі імяніньнік – Уладзімер Пуцін. Пасьля абеду кіраўнікі дзяржаваў накіраваліся ў экскурсію па знакамітых вінных падвалах “Крыкава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG