Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЦЭРКВЫ ГЛЯДЗЯЦЬ НА СЫТУАЦЫЮ, КАЛІ ЗА ДАБРО ЛЮДЗЯМ ІНШЫЯ ЛЮДЗІ АДПЛОЧВАЮЦЬ ЗЛОМ?


Сяргей Абламейка, Прага

Удзельнікі: настаяцель Калоскай царквы ў Горадні айцец Аляксандар Велісейчык, расейскі каталіцкі сьвятар Аляксандар Хмяльніцкі і новы епіскап баптыстаў Беларусі Мікалай Сінкавец.

Ці ня кожны чалавек у сваім жыцьці трапляў у сытуацыю, калі за дабро яму заплацілі злом. Або і проста намагаўся некаму дапамагчы, а выйшла, што пашкодзіў сабе. Чалавек, напрыклад, дапамагае нейкаму сваяку матэрыяльна, а той пасьля можа не дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Або зімой нехта на возеры праваліцца пад лёд, а іншы хацеў яму дапамагчы і таксама ўтапіўся.

Атрымліваецца, што добрае жаданьне дапамагчы можа апынуцца злом таму чалавеку, што паімкнуўся на дапамогу. Так разважаюць многія людзі. Напрыклад, у Чэхіі зараз шырока абмяркоўваецца выпадак, зьвязаны з цыганамі. У чэхаў наагул складаныя адносіны з гэтым народам. У 10-мільённай Чэхіі жыве каля 300 тысяч цыганоў. І вось на дарозе галасавалі цыганскія хлопцы. Адзін чэх падумаў, маўляў, я ж не расіст, а яны таксама людзі, і ўзяў іх. У выніку яго моцна зьбілі, аднялі грошы, аўто, і яшчэ пазьдзекваліся зь яго. Зноў жа, чалавек хацеў дапамагчы, а атрымаў ў адказ зло. У расейцаў нават існуе выраз “добро наказуемо”. Такія выпадкі могуць падштурхнуць людзей да сумненьня ва ўнівэрсальнасьці эвангельскага прынцыпу дабрыні і запаветаў Хрыста.

Як цэрквы тлумачаць такую зьяву, калі дабро караецца? Адказу на гэтае пытаньне будзе прысьвечаны сёньняшні выпуск нашай перадачы.

Апытаньне на вуліцах Менску, якое правёў наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі, паказала, што менчукі прыблізна пароўну адказваюць на пытаньне, ці былі ў іх жыцьці выпадкі, калі за дабро ім заплацілі злом. Адны кажуць, былі, іншыя зьдзіўляюцца, і кажуць, што – не. Гэта дазваляе меркаваць, што сама такая сытуацыя – зусім ня норма жыцьця. Але ўсё ж, калі такія выпадкі здараюцца, як цэрквы глядзяць на іх і як тлумачаць такую зьяву? Вось адказ новага епіскапа баптыстаў Беларусі Мікалая Сінкаўца.

(Сінкавец: ) “Гэта вельмі добрае пытаньне і на яго вельмі складаны адказ. Мне думаецца, складанасьць гэтага пытаньня ў тым, што мы, людзі, па-рознаму глядзім на яго. Сьвет, у якім мы жывем, вельмі далёкі ад той рэальнасьці, якім ён павінен быць. Бог, які стварыў гэты сьвет і нас, людзей, прапануе нам новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце. Толькі Ён можа перарадзіць нашую чалавечую прыроду, і тады чалавек, што ўжо мае новую прыроду ад Бога, можа мець лепшыя адносіны да ўсяго ў гэтым сьвеце. Праблема чалавечых адносінаў сёньня заключаецца ў тым, што людзі маюць свае погляды на жыцьцё, на адносіны паміж сабой. Таму вельмі часта можна сустрэць у адносінах паміж людзьмі няўдзячнасьць. Людзі жывуць паводле двух законаў. Адзін закон – чалавечы, па ім людзі жывуць на гэтай зямлі. Яны тут не гатовыя плаціць дабром за дабро. Ёсьць іншы закон – закон Божы. Праводле гэтага закону, чалавек за дабро абавязкова атрымае ўзнагароду ў іншым сьвеце, калі злучыцца з Госпадам”.

(Абламейка: ) “Як бачым, епіскап баптыстаў Мікалай Сінкавец прычыну сытуацыяў адплаты злом за дабро бачыць у тым, што людзі жывуць у недасканалым сьвеце і ня ўсе прымаюць заклік Хрыста жыць паводле яго прыкладу. Мікалай Сінкавец сказаў, што ў сьвеце можна жыць па чалавечых і па Божых законах. Паводле чалавечых, мы чакаем належнай заплаты ўжо на зямлі і не заўсёды яе атрымліваем. Паводле Божага закону, адплату мы атрымаем пасьля сьмерці.

Яшчэ адзін ўдзельнік сёньняшняй перадачы – настаяцель Калоскай царквы ў Горадні айцец Аляксандар Велісейчык. І ў яго пытаюся пра тое самае. Магчыма, Праваслаўная царква інакш глядзіць на гэтую сытуацыю?”

(Велісейчык: ) “Тут можна адказаць так – пытаньне стаіць аб хрысьціянскай любові. А любоў – гэта пачуцьцё ахвярнае. І калі ты любіш іншага чалавека, дык не павінен чакаць, што табе нешта будзе наўзамен. Вось ў Апостала Паўла мы чытаем яго гімн любові – Першае пасланьне да карынцянаў, 13 разьдзел. Апостал Павал кажа: “Любоў не шукае свайго...” Гэта значыць, той, хто любіць, не шукае свайго. Таму і нічога дзіўнага няма, што калі мы робім дабро, дык павінны ахвяраваць сваім часам, сваёй маёмасьцю, можа, і сваім здароўем. І не павінны чакаць за гэта ўдзячнасьці. Калі нам цяжка бывае гэта перанесьці, калі нам ня дзякуюць людзі, трэба задумацца, а ад каго мы спадзяемся атрымаць узнагароду і падзяку. Калі ад Бога, дык Госпад усё бачыць, і трэба сябе гэтым суцяшаць і памятаць пра гэта. Калі будзем чакаць, што нам людзі аддзячаць, ну дык значыць мы для людзей робім, або каб пацешыць свой гонар. Можа і такое быць”.

(Абламейка: ) “Айцец Аляксандар Велісейчык таксама засьцярог ад сытуацыі, калі чалавек можа азлобіцца, чакаючы, што за дабро яму аддзячаць або хаця б яму ня будзе зла ад тых, каму ён зрабіў добрае”.

(Велісейчык: ) “Можа быць так, што рабіў-рабіў для людзей, але ніякай удзячнасьці, таму буду рабіць так, каб добра было мне. І можа стацца так, што чалавек страціць сваё сумленьне. Таму мы павінны мець за крытэр не таго або іншага чалавека, а вышэйшы крытэр – нашага Госпада. І Госпад папярэджваў, што гора вам, калі пра вас усе людзі будуць казаць дабро, калі вы ўсё будзеце рабіць на паказ перад людзьмі. Фарысэяў, якія маліліся на рагах вуліцаў, давалі міласьціну і трубілі аб гэтым, Хрыстост папярэджваў: маўляў, людзі іх хваляць – вось іхная ўзнагарода, а вы рабеце так, каб атрымаць узнагароду ад Айца Нябеснага”.

(Абламейка: ) “Гаварыў настаяцель Калоскай царквы ў Горадні айцец Аляксандар Велісейчык. Той, хто любіць, сказаў ён, той не крыўдуе. Гэта варыянт чыстай хрысьціянскапй веры.

А як Каталіцкая царква тлумачыць гэтую сытуацыю? Вось што адказаў на гэты конт расейскі каталіцкі сьвятар лацінскага абраду айцец Аляксандар Хмяльніцкі, рэдактар маскоўскага каталіцкага часопісу “Истина и жизнь”.

(Хмяльніцкі: ) “Эвангельле на гэты конт дастаткова ясна гаворыць аб тым, што чалавек павінен рабіць дабро і нават на зло адказваць дабром. У гэтым – пакліканьне хрысьціяніна. І сапраўды, у іншых месцах Эвангельля гаворыцца, што чалавек не павінен чакаць ніякай узнагароды. Гэта сапраўды так”.

(Абламейка: ) “Тады я запытаўся ў айца Аляксандра Хмяльніцкага пра сытуацыю, калі чалавек зусім не чакае дабра ў адказ, ён нічога не чакае, проста хоча дапамагчы, як той чэх, што падвез цыганоў, а атрымлівае яшчэ і шкоду. Што тады казаць?”

(Хмяльніцкі: ) “Таму што зло ў сьвеце існуе аб’ектыўна, незалежна ад людзей. Каб зла не было, дык наагул ніякіх пытаньняў не існавала б. А задача хрысьціяніна – тварыць дабро пры любых умовах. І калі людзі наракаюць, што паплаціліся за зло – гэта абсалютна не эвангельскі падыход. Вы якраз чакаеце, што калі вы зрабілі дабро некаму, вам таксама павінна быць адплочана дабром неадкладна. Прынамсі, у выніку такой сытуацыі вы не павінны зазнаваць сумненьні – бо тады гэта будзе абсалютна неэвангельскі падыход”.

(Абламейка: ) “Як бачым, айцец Аляксандар Хмяльніцкі крыўду людзей, якім адплацілі злом на дабро, называе зусім неэвангельскім падыходам. Хрысьціяне павінны рабіць дабро пры любых умовах. Калі ж чалавек з хрысьціянскага пункту гледжаньня абсалютна, так бы мовіць, карэктны і не чакае падзякі і заплаты адразу, а ўсё роўна дастае зло, дык гэта тлумачыцца, паводле Каталіцкай царквы, аб’ектыўным існаваньнем зла ў сьвеце. Зло існуе побач з намі і ў нас. Калі б яго не было, сказаў айцец Аляксандар Хмяльніцкі, дык і пытаньняў не было б. А хрысьціянін павінен рабіць дабро пры любых умовах.

Як бачым, усе тры ўдзельнікі перадачы змадэляваную намі сытуацыю ўважаюць зусім нармальнай і проста даюць маральныя арыентыры людзям, каб яны не рабілі няправільных высноваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG