Чатыры дні на гэтым тыдні Павал Мажэйка заняты быў працай на пілараме. Падносіў бярвеньне, адцягваў гатовыя піламатэрыялы. Учора Алег Бабушкін паслаў журналіста на фэрму свайго брата Аляксандра ў вёску Забалаць. Меліся прыбіраць кукурузу, але патрэбная тэхніка не прыйшла. Таму Павал зь іншымі рабочымі чысьціў кароўнік.
Сёньня Мажэйка зноў у Забалаці. З раніцы тут усё-такі распачалося кукурузнае жніво. Паўла паставілі падносіць ваду да бульдозэра, што трамбуе ў траншэі кукурузны сілас. У бульдозэра цячэ радыятар, і Мажэйка абавязаны раз-пораз бегаць па ваду.
Адносіны з тымі, хто заняты ў фэрмэра, Павал называе нармалёвымі, працоўнымі:
(Мажэйка: ) “Усяго разам са мною працуе шасьцёра чалавек. Гэта мясцовыя жыхары і яшчэ двое – з нашай жлобінскай спэцкамэндатуры. Яны маюць уяўленьне пра нашу гарадзенскую справу, называюць мяне не інакш, як “палітычны” альбо “журналіст”. Ну і, зразумела, з гэтай нагоды нейкія жарты альбо нават сур’ёзныя размовы”.
Фэрмэр Бабушкін ставіцца да Паўла як да звычайнага шэраговага працаўніка. Калі я папрасіў Бабушкіна ўдакладніць, наколькі старанна адносіцца асуджаны журналіст да даручанай нязвыклай працы, фэрмэр даволі вобразна адказаў:
(Бабушкін: ) “Каб быць старанным, трэба ведаць, што ты робіш. А Павал яшчэ пакуль ня ведае. Так што я гляджу на яго, як на першаклясьніка”.
Пытаюся, а колькі можа ў фэрмэра за месяц зарабіць чалавек, які ня мае сельскагаспадарчай спэцыяльнасьці? Такі, як Павал?
(Бабушкін: ) “У межах 100 тысячаў рублёў”.