Хуткі цягнік Менск-Сімферопаль з прычапнымі вагонамі з Горадні прыйшоў ў Жлобін апоўдні. Паўла Мажэйку, апроч мяне, сустракалі на вакзале актывісты мясцовых дэмакратычных суполак – Марат Афанасьеў, Мікалай Пагодзін, Анатоль Мікалаеў. Усе мы заўважаем, што 22 вагон, у адрозьненьне ад іншых, праваднікі адкрылі чамусьці на працілеглы бок ад пэрону.
Павал з рэчавым мяшком за плячыма адразу ж патрапіў у атачэньне дзясяткаў гараджанаў з самаробнымі лялькамі ўсіх колераў вясёлкі. Гэта мясцовы бізнэс. Лялькі наперабой прапануюць кожнаму, хто паказваецца ў дзьвярах вагона. Гэта, як сам прызнаўся Павал, крыху зьбянтэжыла яго. Але ўжо праз хвіліну Павал распавядаў:
(Мажэйка: ) “Дабраліся выдатна, амаль пусты цягнік. Аказалася, што мы адны як бы з галоўных герояў. Сёньня ўсе – і правадніцы, і людзі, што ехалі на Сімферопаль, усе ведаюць пра нашу справу, спачуваюць і жадаюць нам поспехаў”.
Пытаюся ў сваю чаргу, кім пачувае сябе Павал – ахвярай ці героем?
(Мажэйка: ) “Не героем. Напэўна, сотні людзей маглі зрабіць тое ж. Як бы тут няма нічога геройскага. Я – дарослы чалавек, здольны адказваць за свае ўчынкі, за свае дзеяньні. Думаю, сотні людзей знойдуцца ў Беларусі, якія больш мужныя за мяне, і таксама выбралі ня той кірунак на Варшаву, а сюды, на Жлобін”.
Да спэцкамэндатуры, што знаходзцца ў 3-м мікрараёне гораду, ці правільней, да папраўчай установы №1 пры Жлобінскай міліцыі, Паўла Мажэйку вязе на сваіх “Жыгулях” лідэр мясцовай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марат Афанасьеў. Ён спачувае маладому журналісту і абураецца прысудам.
(Афанасьеў: ) “Гэта ганьба і сорам. Толькі так можна ацаніць учынак уладаў у адносінах да гэтага маладога чалавека. Тым болей, што абвінавачаньні, якія яму былі інкрымінаваныя, практычна не даказаныя”.
Спэцкамэндатура, куды мы прыехалі – гэта адгарожаная частка інтэрнату будаўніча-мантажнай управы трэсту №40. У холе – міліцэйскі пост і мэталічныя дзьверы-краты.
Паўла сустракае памочнік дзяжурнага сяржант Кірышчанка. Разам пытаемся, чым займаюцца тут людзі, што будзе рабіць журналіст з Горадні?
(Кірышчанка: ) “Гэта ён сам будзе шукаць працу ў залежнасьці ад спэцыяльнасьці”.
(Карэспандэнт: ) “А журналістам ён можа працаваць?”
(Кірышчанка: ) “А чаму ж не! У нас у горадзе свая друкарня ёсьць”.
Начальнік спэцкамэндатуры Юры Кузьміч пацьвярджае, што, калі суд не абмежаваў род заняткаў, то Мажэйка сапраўды можа працаваць і журналістам. Але не рэкамэндуе гэта рабіць.
(Кузьміч: ) “Калі ён зноў будзе штосьці такое пісаць альбо выказваць, яго могуць зноў пакараць. Напэўна, няма сэнсу нам і яму наступаць другі раз на адны і тыя ж граблі”.
Дарэчы, ён прыязна паставіўся да навічка. Нават узрадаваўся, што ў яго ўстанове будзе адукаваны, інтэлігентны чалавек, бо з 90 утрыманцаў спэцкамэндатуры большасьць – публіка ня надта прыстойная. Злодзеі, махляры, хуліганы, алімэнтшчыкі.
З паўгадзіны начальнік распавядаў пра распарадак, правы і абавязкі, захаваньне рэжыму і неабходнасьць сумленна працаваць. Гэта галоўнае, каб праз чвэрць ці палову тэрміну атрымаць датэрміновае вызваленьне.
Начальнік спэцкамэндатуры сам паказаў Паўлу і нам пакой 208 на другім паверсе, дзе будзе з шасьцю суседзямі жыць гарадзенскі журналіст.
Ужо пасля агледзін гутарым з Паўлам наконт бліжэйшых ягоных месяцаў адбыцьця пакараньня ў спэцкамэндатуры.
(Мажэйка: ) “Я буду старацца паводзіць сябе так, каб даказваць сваю невінаватасьць. Я – нармалёвы законапаслухмяны грамадзянін”.
(Карэспандэнт: ) “Ці будзеце вы спрабаваць знайсьці працу, скажам, у газэце?”
(Мажэйка: ) “Ну так, бо абмежаваньне працы мае на ўвазе абавязковае прыцягненьне да працы. Таму я буду спрабаваць знайсьці працу паводле сваёй спэцыяльнасьці. Я – выкладчык гісторыі і журналіст. Спачатку па гэтых спэцыяльнасьцях буду спрабаваць знайсьці працу”.