Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІЦЭНТАР: 11 ВЕРАСЬНЯ


Сяргей Шупа, Прага і Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

У сёньняшняй, першай перадачы сэрыі мы нагадаем вам хроніку падзеяў 11 верасьня. Але напачатку – пра Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар, які стаўся першым аб’ектам нападу тэрарыстаў. Зь нью-ёрскай вуліцы перадае мой калега Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Паўночная вежа вышынёй у 110 паверхаў была ўзьведзеная ў 1970 годзе, а праз два гады было завершанае будаўніцьва і Паўднёвай вежы. Вышыня самай высокай вежы, дзе была ўсталяваная антэна, дасягала амаль паўкіляметры. Натуральна, будынкі – іх звалі “блізьняты” – справядліва лічыліся архітэктурнай дамінантай Нью-Ёрку, безь якой немагчыма было ўявіць сілуэт гораду Вялікага Яблыка.

Цяпер самым вялікім будынкам Нью-Ёрку есьць Імпайр Стэйт Білдынг, пабудаваны у 1931 годзе, а ў Ніжнім Манхэтэне, дзе былі блізьняты – будынак Вурвалт, які быў узьведзены дзевяноста гадоў таму. Можна сказаць, што ў нечым сілуэт Нью-Ёрку стаў такім, якім быў у шасьцідзясятыя гады.

На месцы WTC сёньня вялізны катлаван, гэтак званы “граўнд зіро”, у перакладзе на беларускую – “нулявы ўзровень”, хаця насамрэч ён ніжэйшы за ўзровень тратуару на некалькі дзясяткаў мэтраў, бо вывезьлі адсюль і рэшткі падземных паверхаў і камунікацыяў.

Калі летась напрыканцы верасьня я спрабаваў падысьці да “граўнд зіро”, мяне за два кварталы спынілі ўзброеныя вайскоўцы нацыянальнай гвардыі. Цяпер вось дазволілі падысьці непасрэдна да месца трагедыі, да гіганцкага катлавану, ну а вайскоўцаў зьмяніла паліцыя. Паліцыянтаў, трэба сказаць, шмат.

Звычайна, калі вымаўляюць словы WTC, ўяўляюць “блізьнятаў”, якія пратараненыя самалётамі 11 верасьня. Але насамрэч комплекс складаўся зь пяці будынкаў, дзе штодня працавалі каля 50 тысячаў чалавек. Прычым фірмы, якія мясьціліся тут, вызначаліся выключнай фінансавай стабільнасьцью, а іх супрацоўнікі лічыліся элітай амэрыканскага, ды й сусьветнага бізнэсу.

11 верасьня тут адбудзецца жалобная цырымонія з удзелам прэзыдэнта Буша, сэнатараў і кангрэсмэнаў, а таксама сем'яў загіблых. Будуць зачытаныя імёны 2 тысячаў 819 чалавек, якія загінулі ў выніку тэрактаў. Пра лёсы некаторых зь іх, а таксама і пра тых, каму ўдалося ўратавацца, я распавяду ў сваіх наступных рэпартажах зь Нью-Ёрку”.

А зараз вернемся да таго, што адбывалася год таму ў Нью-Ёрку.


Дзень 11 верасьня 2001 году, аўторак, распачаўся пагодным, не на пару цёплым ранкам. Але ў 8.45 здарылася, здавалася б, неверагоднае...

Пасажырскі самалёт Боінг 757, праляцеўшы незвычайна нізка, разьбіўся аб паўдзённую вежу 110-павярховага Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру.

Ад гэтага моманту ўсе тэлеканалы Злучаных Штатаў уключылі жывую трансьляцыю падзеяў: “Вы бачыце страшнае відовішча, якое мы перадаем у жывым эфіры. Гэта Ўсясьветны Гандлёвыа Цэнтар, і мы маем непацьверджанае паведамленьне, што аб адну зь вежаў цэнтру толькі што разьбіўся самалёт”.

У 9.03 яшчэ адзін самалёт разьбіўся аб паўночную вежу Цэнтру. Гэтыя кадры ўжо пабачыў увесь сьвет...

“Пакуль што не відаць, каб вяліся нейкія ратаўнічыя працы. Запомніце, што...” – і рэпартэр тэлеканалу ABC ня скончыў фразу.

У гэты момант стала ясна, што адбыўся тэрарыстычны напад.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў у гэты момант выступаў перад школьнікамі ў штаце Флорыда. Калі яму паведамілі пра першы самалёт, усе яшчэ верылі, што адбыўся няшчасны выпадак. Аднак празь некалькі хвілінаў Джордж Буш ужо ведаў, што на Злучаныя Штаты напалі тэрарысты. Выходзячы са школы, ён зрабіў сваю першую заяву:

(Буш: )“Я гаварыў зь віцэ-прэзыдэнтам, з губэрнатара штату Нью-Ёрк, з дырэктарам ЦРУ, і я загадаў ужыць усе ўрадавыя рэсурсы для дапамогі ахвярам і іх сем’ям, а таксама для правядзеньня поўнага расьсьледаваньня, каб знайсьці тых, хто ўчыніў гэты напад”.

Тым часам агонь, што лютаваў ва Ўсясьветным Гандлёвым Цэнтры, расплавіў сталёвыя апоры будынкаў, і, не прастаяўшы і паўтары гадзіны, абедзьве вежы адна за адной абваліліся долу.

Пад руінамі вежаў былі пахаваныя больш за 2800 чалавек, у тым ліку 343 пажарнікі, якія марна спрабавалі ратаваць людзей да самай апошняй сэкунды.

На трагічныя падзеі ў Злучаных Штатах адразу пачалі адгукацца кіраўнікі дзяржаваў сьвету. Паводле Джорджа Буша, першым словы падтрымкі выказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін:

(Пуцін: ) “Тое, што адбылося сёньня, яшчэ раз пацьвярджае важнасьць расейскай прапановы аб’яднаць міжнародныя сілы для барацьбы з тэрарызмам”.

Нямецкі канцлер Герхард Шрэдэр выказаў у Бэрліне пачуцьці эўрапейскіх лідэраў наступным чынам:

(Шрэдэр: ) “Гэта абвяшчэньне вайны ўсяму цывілізаванаму сьвету”.

Так мінуў дзень 11 верасьня. Назаўтра наш сьвет быў ужо зусім іншы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG