Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ЗАМЕЖЖА. ВОДГУК НА СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ У БЕЛАРУСІ З-ЗА МЯЖЫ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як вядома, 31 ліпеня ў Беларусі адбыўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, якія працуюць у галіне малога бізнэсу. Яны пратэставалі супроць намераў улады пагоршыць эканамічныя ўмовы менавіта для гэтай сфэры бізнэсу, якая складае значную, а часам і пераважную частку эканомікі цывілізаваных краінаў сьвету. Беларусь, відавочна, не імкнецца пераймаць гэты станоўчы вопыт.
А якая сытуацыя ў іншых пасьлякамуністычных краінах – Літве, Расеі, Польшчы і Чэхіі?
Пра гэта ў сёньняшняй перадачы распавядаюць нашыя суродзічы, якія ў названых краінах знайшлі сваё месца ­- якраз у галіне малога бізнэсу.

Першая наша суразмоўца Ангеліна Якшцене зь Вільні пачала сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць 10 гадоў таму. У Літве яна стварыла фірму, якая займалася продажам беларускіх мастацкіх і сувэнірных вырабаў.

(Якшцене: ) “Мы працавалі зь беларускімі мастацкімі фабрыкамі, прывозілі ў Літву беларускія сувэніры. Гэта быў цудоўны бізнэс, прыгожы. Я і сёньня, калі заходжу ў Менску ў нейкую краму, заўсёды магу сказаць, што гэта вось з Радашкавічаў, а гэтая лялька - з Маладэчна, гэта – з Магілева”.

Зьмена сытуацыі ў Беларусі, абмежаваньне магчымасьцяў для супрацоўніцтва прымусілі яе пераключыцца на іншую сфэру – у галіну турызму, якая таксама ідзе нялёгка, бо і ў Літве яшчэ ня створаныя цалкам спрыяльныя ўмовы для малога бізнэсу. Сп-ня Якшцене лічыць, што дзяржава павінна гэта рабіць.

(Якшцене: ) “Дэмакратычная дзяржава павінна ствараць. Усе мы разумеем , што на малым бізнэсе менавіта трымаецца дзяржава.
Я думаю, што сёньня 90 адсоткаў – малы бізнэс. Дзяржаве лягчэй здымаць падаткі з малога бізнэсу, бо гэтыя людзі не пры ўладзе, а вялікі бізнэс – ён заўсёды пры ўладзе, зь ім цяжэй размаўляць, а з малога і зьняць падаткі ды іншае лягчэй, малыя і плацяць спраўней, бо яны ня могуць не плаціць, іх зачыняць у адну хвіліну.

У малым бізнэсе вельмі цяжка. Я сама ў малым бізнэсе, і мне тут дрэнна. Зараз павінны пайсьці працэсы, што ўсё пойдзе наперад, ужо шукаюць шляхі, як аблегчыць.

Вельмі шмат праблемаў, але як дрэнна ні было б у Літве, калі я прыяжджаю ў Беларусь і чую, як у іх цяжка, то мне становіцца лепей, бо ў нас лягчэй”.

Запыталіся мы ў сп-ні Ангеліны і пра тое, ці абавязковыя ў Літве для дробных прадпрымальнікаў касавыя апараты - гэта тое пытаньне, што найбольш трывожыць беларускіх бізнэсоўцаў.

(Якшцене: ) “Гэта ўжо даўно, ня бачу ў гэтым праблемы. Але там ня хочуць чаму – бо гэта фіксаваньне падаткаў, але тут трэба задумацца, якія падаткі бярэ дзяржава. Прадпрымальнік ня можа даць столькі, колькі патрабуе дзяржава, і таму ён робіць што можа, каб гэтых касавых апаратаў не было.

Я веру ў тое, што прадпрымальнікам не выгодна весьці некалькі бухгальтэрый, кожны стараецца весьці толькі адну. Калі ён яе не вядзе, я лічу, што гэта дзяржава яго прымусіла”.

У суседняй Расеі таксама яшчэ далёка да высокацывілізаванага бізнэсу,
але і там малому прадпрымальніцтву дыхаецца лягчэй, чым у Беларусі. Пра гэта мы размаўлялі зь Віктарам Сулкоўскім з гораду Сыктыўкару, што у Рэспубліцы Комі, месцы высылкі тысячаў беларусаў падчас сталінізму. Сам ён паходзіць таксама зь сям’і рэпрэсаваных з Гомельскай вобласьці. Віктар - уладальнік і дырэктар фірмы, якая гандлюе прадуктамі харчаваньня.

Напачатку ён распавёў нам пра свае беларускія карані.

(Сулкоўскі: ) “Мае бацькі і бабуля былі рэпрэсаваныя, іх выгналі з Гомельскай вобласьці, Акцябарскі раён, як ворагаў народа, на Поўнач. Частка сям’ і памерла там з голаду, а частка засталася там назаўсёды. Я нарадзіўся ўжо на Поўначы, але з самага дзяцінства быў выхаваны ў беларускім духу, і гэта засталося на ўсё жыцьцё. Я не адчуваю, што я быў недзе ўбаку, і сваёй Радзімаю лічу Беларусь. Я там бываю некалькі разоў на год, знайшоў хутар, дзе жылі мае родныя, у іх было такое вясковае прозьвішча – Самардак. Прывожу туды сваіх дзяцей, яны ў мяне чакаюць, калі стануць дарослымі, каб атрымаць пашпарт і запісацца менавіта беларусамі”.

Сп. Сулкоўскі лічыць галоўнаю ўмоваю для разьвіцьця бізнэсу ў Расеі тое, што яму не перашкаджаюць.

(Сулкоўскі: ) “Самы галоўны фактар, што хаця ў адкрытую не замінаюць займацца, няма такіх вялікіх перашкодаў. Для бізнэсу ня трэба асабліва дапамагаць, яму ня трэба толькі перашкаджаць, трэба стварыць яму натуральнае асяродзьдзе, і ён будзе разьвівацца. Ён можа разьвівацца толькі паводле натуральных эканамічных законаў. Яго можна толькі карэктаваць, улада павінна тут толькі адну функцыю выконваць – абараняць і выступаць гарантам правоў бізнэсу. Больш нічога не патрэбна”.

Але, тым ня менш, далёка ня ўсюды ўладныя структуры менавіта так разумеюць свае функцыі.

(Сулкоўскі: ) “Усё залежыць ад таго, у якім рэгіёне, на жаль у нас вельмі ўплывае суб’ектыўны фактар.

У Рэспубліцы Комі выйшаў такі як бы неафіцыйны ўказ – рэкамэндацыя, што яны могуць папаўняць сваю матэрыяльную базу за кошт прадпрымальнікаў. Пажарныя службы так робяць: яны кажуць, што яны могуць, напрыклад, дазволіць адкрыць вам склад, але вы пералічыце грошы на пакупку ім кампутара ці на ўтрыманьне супрацоўніка. Фактычна, гэта беззаконьне поўнае”.

Віктар Сулкоўскі зацікаўлена назірае за тым, як разьвіваецца сфэра бізнэсу на ягонай Бацькаўшчыне і так параўноўвае яе з расейскаю.

(Сулкоўскі: ) “Расея ўжо пайшла далей у справе бізнэсу. Гэты шлях ня мог быць ідэальным, у любым выпадку павінны быць памылкі, праблемы, але Расея стаіць на шляху да цывілізаванага бізнэсу.
А ў Беларусі, ведаеце, у чым праблема, там эканоміка ідзе ў тупік. Беларусь уяўляе сабою сёньня неэлястычны рынак. Усе ейныя суседзі будуюць рынкавую эканоміку, дзе прысутнічае вялікая колькасьць удзельнікаў эканамічнага працэсу, ёсьць моцная канкурэнцыя. Гэтыя фактары спрыяюць фармаваньню элястычнага рынку.

Я думаю, што можна сёньня зрабіць. Зьмякчыць ціск на эканамічны працэс, альбо наладзіць сувязі зь якімі-небудзь краінамі з падобнай эканомікаю, напрыклад, Іракам. Потым за кошт перапрацоўкі і продажу перапрацаванай нафты фармаваць нейкія валютныя крыніцы. У гэтым выпадку, пры ідэальнай нават сытуацыі, калі грошай будзе шмат у Беларусі, то пры наяўнасьці вялікіх грошай яна ператворыцца ў краіну-спажыўца, краіну-імпартэра. Мясцовая ж вытворчасьць будзе згортвацца”.

Сп. Сулкоўскі мае сваё меркаваньне адносна далейшых крокаў беларускага прэзыдэнта ў сфэры эканомікі і пра тое, якой магла б стаць Беларусь, калі б пайшла іншым шляхам.

(Сулкоўскі: ) “Ён вымушаны будзе сам абдумацца і шукаць нейкія крыніцы для існаваньня. У любым выпадку ён мусіць прыйсьці да той думкі, што патрэбна разьвіваць цывілізаваны рынак. У такім выпадку, калі будзе стварацца рыначная эканоміка зь мінімальным удзелам дзяржавы, пры такіх умовах Беларусь можа стаць на мапе Эўропы эканамічным “драконам”, яна мае вельмі вялікі патэнцыял, добрыя працоўныя традыцыі, кваліфікаваны пэрсанал”.

Прадпрымальнік з Сыктыўкара Віктар Сулкоўскі добра разумее праблемы беларускіх бізнэсоўцаў, якія вымушаныя праз страйк абараняць ня толькі свае правы, але разам з тым і будучыню краіны. На ягоную думку, калі гэта ня дасьць чаканых вынікаў, трэба змагацца далей іншымі сродкамі.

(Сулкоўскі: ) “Няхай яны ў такім выпадку кідаюць працу і становяцца на ўлік як беспрацоўныя, атрымліваюць дзяржаўныя сродкі і павялічваюць ціск на бюджэт”.

Наступная госьця нашай праграмы – Барбара Пякарская зь Беластоку. Лекар паводле прафэсіі, яна разам з двума калегамі стварыла прыватную фірму мэдычных паслугаў.

Мы запыталіся ў сп-ні Барбары, якія перашкоды сустрэліся на ейным шляху да стварэньня прыватнай фірмы.

(Пякарская: ) “Мушу сказаць, што ў маім выпадку абсалютна не было ніякай праблемы з боку фармальнага, хоць мой бізнэс даволі спэцыфічны. Калі мы пачыналі, тады гэта была яшчэ зусім новая справа ў Польшчы.

У Польшчы тыя людзі. што спрабавалі заняцца бізнэсам - яны мелі даволі вялікі крэдыт даверу з боку дзяржавы. Нават нейкія справы, якія ў нас напачатку не атрымаліся, яны не былі асуджаныя. Нам далі крыху часу, каб выправіць гэта ўсё. Абсалютна ніхто не шукаў спосабу, каб нас зьнішчыць, а якраз наадварот, у тым накірунку ішла ўся рэформа, каб дазволіць людзям стварыць уласны бізнэс. Такая мэта была”.

Але ці сапраўды такой гладкай выглядае дарога прыватнага прадпрымальніка ў Польшчы?

(Пякарская: ) “У тых рэформах, якія ў нас праводзяць, таксама вельмі шмат памылак было, яны і цяпер ёсьць, іх ніяк ня могуць выправіць, але працэс ідзе, павароту на горшую дарогу няма.

Я гавару са свайго пункту гледжаньня, як асоба, якая працуе ў канкрэтным бізнэсе, я пагрозы для сябе ня бачу. Вядома, што на кожным кроку трэба зь нейкай дуратою змагацца, так ёсьць, думаю, усюды, якая б дзяржава ні была цывілізаваная. Але, з пэрспэктывы 4 гадоў, калі я працую ва ўласным бізнэсе, я не памяняла б гэтага на ніякую працу дзяржаўную”.

Мы пацікавіліся ў сп-ні Пякарскай, што яна думае адносна пратэстаў беларускіх прадпрымальнікаў?

( Пякарская: ) “Камэнтар не патрэбны, усе мы разумеем, што там мэта дзяржавы зусім іншая, чымся дазволіць людзям свабодна працаваць, свабодна разьвівацца. Я думаю, тым больш балюча людзям, якія маглі б нешта рабіць там, якія маюць думкі, а ня маюць ніякіх магчымасьцяў.
Што ж гаварыць, праца ідзе супроць гэтых людзей, якія ўласнай працай, уласнымі грашыма нечага дамагліся”.

А зараз - погляд з Чэхіі. Наш суразмоўца – новы беларускі эмігрант, які меў яшчэ зусім нядаўна ўласны бізнэс на Бацькаўшчыне і з-за гэтага мусіў яе пакінуць. На чужыне ён таксама заснаваў сваё прадпрыемства вырабу вокнаў, але тут ён не адчувае пагрозы, што ў яго могуць забраць маёмасьць, ці нават беспадстаўна пазбавіць волі, як гэта было ў Беларусі. Паслухаем Генадзя Кажамяку з Прагі, які распавядае пра чэскі бізнэс.

(Кажамяка: ) “Тут увогуле дзяржава не цікавіцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, гэта ваша рызыка, нікому няма справы, што вы робіце, як робіце. Галоўнае, каб вы не парушалі закон, а першае патрабаваньне закону – аплата падаткаў, таксама, каб не гандлявалі наркотыкамі, каб не было падману.

Фірма працуе толькі год, але я заўважыў, што ніхто не цікавіцца, што я раблю з грашыма, на якія мэты я іх выдатковаю, гэта мая асабістая справа. Вельмі лібэральна ставяцца да выдачы наяўных грошай у банку, не патрабуюць шмат папераў, як у Беларусі.
Няма тут праблемаў і зь пераводам адной валюты ў другую”.

У сп. Кажамякі мы таксама запыталіся пра тую “праблему касавых апаратаў” для дробных бізнэсоўцаў.

(Кажамяка: ) “З касавымі апаратамі таксама тут няма такіх жорсткіх патрабаваньняў, можа тут дзяржава ня так хоча кантраляваць гэты бізнэс, можа лічыць, што ня трэба гэтага рабіць. Ідуць размовы пра гэтыя касавыя апараты, але вельмі лібэральныя. Карыстаюцца тыя, хто хоча, гэта асабістая справа прадпрымальнікаў – мець касавы апарат, ці ня мець”.

Сп. Генадзь быў вельмі ўзрадаваны адсутнасьцю ў Чэхіі абмежаваньняў адносна сумы грошай у касе прадпрымальніка, што найбольш перашкаджае сёньня бізнэсоўцам у Беларусі.

(Кажамяка: ) “Я думаю, што ўсе прадпрымальнікі ў Беларусі ведаюць, што гэта такое – “ліміт касы”. Гэта абмежаваньне колькасьці грошай, якая можа быць у кішэні прадпрымальніка ці ў ягонай касе. Гэта вельмі цяжка для яго таму, што ён ня можа захоўваць столькі грошай, колькі яму патрэбна для бізнэсу. Ён абавязаны гэтыя грошы здаваць у банк. Тут гэтага няма. Таксама няма тут кантролю за тым, што ты можаш рабіць з наяўнымі грашыма. Тут няма розьніцы паміж наяўнымі і безнаяўнымі грашыма, яны ходзяць аднолькава, маюць аднолькавую вагу. Тут галоўнае, каб у вас у канцы адпаведнага пэрыяду зышоўся дэбіт з крэдытам і ўсе падаткі былі заплачаныя”.

Калі мы папрасілі сп. Генадзя Кажамяку з Прагі параўнаць умовы для бізнэсоўцаў у Беларусі і Чэхіі, ён знайшоў вобразную форму, каб выказаць свае бачаньне сытуацыі.

(Кажамяка: ) “Такое было параўнаньне. У Беларусі я адчуваў сябе баранам, якога сьцерагуць ваўкі і хочуць зьесьці, але перад тым разважаюць – наколькі ён ужо аброс тлушчам, гэты баран.
А ў Чэхіі дзяржава на прадпрымальнікаў глядзіць, як на дойную карову, якую трэба даглядаць, пасьвіць, карміць, ствараць умовы, каб яна давала больш малака. Так робіць разумны гаспадар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG