Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА ПАТРАБУЕ АД БЕЛАРУСІ ЗА СВАЮ БЫЛУЮ БІЯТЛЯНІСТКУ 15 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Ігар Карней, Менск

На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, што была скліканая ў Кіеве, кіраўніца спартовага камітэту Ўкраіны Марыя Булатава запатрабавала ад прэзыдэнта ўкраінскай фэдэрацыі біятлёну выставіць беларусам рахунак на 15 тысяч даляраў — менавіта на столькі ацаніла Булатава ўкладаньні ў спартоўку, якая і сталася прычынай супярэчнасьцяў на міждзяржаўным узроўні. І дадала, што такая сума для Лукашэнкі, які раздае вялізныя прэзыдэнцкія стыпэндыі, — ня грошы.

У Беларусі на запатрабаваньне ўкраінскага боку адрэагавалі вельмі стрымана. Прынамсі, кіраўнік Беларускай фэдэрацыі біятлёну Аляксандар Бяляеў падкрэсьліў: вольных сродкаў, каб купляць зорак за межамі, у Беларусі няма. Прычыны ж тут іншыя.

(Бяляеў: ) “Яе ніхто не запрашаў, яна сама прапанавала паслугі разам са сваім асабістым трэнэрам. Натуральна, што такая прапанова знайшла падтрымку, бо адпавядала нашым плянам. Ад гэтага выйграюць усе: спартоўка вельмі дасьведчаная, ёсьць чаму ў яе павучыцца. Колькі яна знаходзіцца ў нас на зборах, адносіны з астатнімі біятлёністкамі вельмі сяброўскія. Пляны ў яе адназначныя: дасягнуць сваёй старой мары, не рэалізаванай з шэрагу прычынаў — заваяваць алімпійскі мэдаль. Прынамсі, калі мы зь ёй размаўлялі, яна пацьвердзіла: ейная мэта — трэніравацца, каб потым узяць удзел у Алімпійскіх гульнях”.

Зубрылава — ня першая “ўцякачка” з Украіны. Напярэдадні зімовай Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сыты ў Беларусь пераехала найлепшая ўкраінская фрыстайлістка Ала Цупер. Чаму міграцыя ня ў самую заможную Беларусь набывае такі характар? І няўжо ва Ўкраіне стаўленьне да спартоўцаў не адпавядае іхным заслугам? Вось меркаваньне Алы Цупер:

(Цупер: ) “Калі і Зубрылава перайшла, то можаце ўявіць, як ставяцца. Калі я была на Алімпіядзе, падыходзілі спартовыя чыноўнікі з украінскай дэлегацыі, маўляў, шкада, што ты зьехала, вяртайся назад... І вось тое самае просяць, нават патрабуюць цяпер ад Зубрылавай. Яна выбітная спартоўка, але там пэрспэктываў у яе не было ніякіх. Калі я ад’яжджала, яны крыху абураліся. А што казаць пра Зубрылаву.

Я дакладна ведаю, што фрыстайлісты, якія трэніруюца ва Ўкраіне, маюць заробак 30–40 даляраў. Колькі за такія грошы працягнеш? Таму натуральна, у Беларусі лепей, чым ва Ўкраіне. Тут і на зборы часта выяжджаеш, і на спаборніцтвы. А там і на зборы не вывозяць, і вынікаў высокіх патрабуюць на спаборніцтвах”.

Тое, што канфлікт паміж фэдэрацыямі біятлёну паступова выходзіць за рамкі спартовага, ужо відавочна. Якія формы ён можа набыць надалей, прагназуе спартовы аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч:

(Аляхновіч: ) “Мяркую, што вайсковых дзеяньняў на прыкладу агульнавядомай футбольнай вайны паміж Гандурасам і Сальвадорам у нас з Украінай ня будзе. Але, мне здаецца, калі ў нашых украінскіх сяброў зьявіцца магчымасьць каго-небудзь гэтак жа пераманіць зь беларускай каманды, яны гэтую магчымасьць абавязкова выкарыстаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Можа найперш дадуць грамадзянства аснове кіеўскага “Дынама” — Бялькевічу ды Хацкевічу?”

(Аляхновіч: ) “Яны б гэта зрабілі зь вялікім задавальненьнем. Але ў статуце Міжнароднай фэдэрацыі футболу існуе палажэньне: калі чалавек хоць раз згуляў за нацыянальную каманду ў афіцыйным матчы, ён ня мае права больш гуляць за іншую краіну. У біятлёне такіх перашкодаў няма”.

У часе нядаўняй зімовай Алімпіяды самая славутая беларуская біятлёністка Сьвятлана Парамыгіна ў інтэрвію Радыё Свабода выказвала шкадаваньні з той нагоды, што функцыянэры ўсё болей спадзяюцца на дастаткова сталых па спартовых мерках спартоўцаў, якім не знаходзіцца месца ў сваіх нацыянальных камандах, і ўсё меней акцэнтуюць увагу на ўласных кадрах.

Апошняя Алімпіяда пацьвердзіла прагнозы Парамыгінай, што з такой тактыкай першым ніколі ня будзеш. Падобна, чыноўнікі прытрымліваюцца іншага меркаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG