Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ДУМСКІХ ФРАКЦЫЙ ПЕРАДАЛІ ЎЛАДЗІМЕРУ ПУЦІНУ ЗВАРОТ У СПРАВЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ ВЯДОМЫХ АСОБАЎ У БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Кіраўнік думскай фракцыі “Адзінства” Ўладзімер Пехцін падчас размовы выказаў меркаваньне, што пры разьвіцьці саюзнай дзяржавы “варта сканчаць дэмагогію”.

Паводле ягоных словаў, Расея імкнецца да стварэньня саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю, аднак “сустракае з боку Менску перашкоды ў стварэньні жыцьцёва неабходных дакумэнтаў”. Лідэр думскай групы “Народны дэпутат” Генадзь Райкоў сказаў, што настаў час прымаць рашэньне: ці дзьве краіны ўтвараюць адзіную дзяржаву, ці захоўваюць свае сувэрэнітэты і магчымасьць вэта. Тады, паводле думкі Райкова атрымаецца нешта кшталту Эўразьвязу. Старшыня Думы Генадзь Селязьнёў ня выключыў, што парлямэнцкі сход беларуска-расейскага саюзу можа дзейнічаць паводле прынцыпу Эўрапарлямэнту.

Варта заўважыць, што і сьпікер Селязьнёў, і лідэры прапрэзыдэнцкіх фракцыяў ў размове з Пуціным фактычна паўтарылі меркаваньні, выказаныя ім адносна магчымых варыянтаў разьвіцьця беларуска-расейскіх адносінаў.

Падчас сустрэчы ў Крамлі лідэры думскіх фракцый закранулі таксама праблему зьніклых грамадскіх дзеячоў у Беларусі. Пасьля гэтай сустрэчы лідэр фракцыі Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў патэлефанаваў у Менск свайму калегу, кіраўніку Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатолю Лябедзьку і распавёў пра зьмест размовы ў Крамлі.

(Лябедзька: ) “Натуральна, што нас больш за ўсё цікавіць беларускае пытаньне, і я хачу адзначыць, што лідэры фракцый, якія ў мінулую сераду ўзялі на сябе пэўныя абавязкі, яны іх выканалі. Сёньня Пуціну перадалі зварот за подпісам лідэраў шасьці фракцый расейскай Дзяржаўнай думы, гэта Пехцін – “Адзінства”, Валодзін – “Уся Расея”, Марозаў - “Расейскія рэгіёны”, Нямцоў – Саюз правых сіл, а таксама Яўлінскі – “Яблык”. Гэта была спроба прыцягнуць увагу прэзыдэнта Расеі да зьнікненьняў палітыкаў і журналіста Завадзкага ў Беларусі, каб Расея зрабіла пазытыўнае ўзьдзеяньне на расьследаваньне гучных справаў у Беларусі.

Апроч гэтага, Нямцоў ад імя лідэраў фракцый распавёў пра сустрэчы з роднымі й блізкімі ахвяраў палітычных рэпрэсій, рэакцыя Пуціна была абсалютна станоўчая. Ён сказаў, што яго таксама гэтае пытаньне хвалюе, і што ў Расеі немагчыма сабе ўявіць, каб нехта справа – паказаўшы рукой на Нямцова, ці зьлева – на Зюганава – мог зьнікнуць.

Пуцін таксама пацьвердзіў, што падчас сваёй асабістай сустрэчы з Лукашэнкам ён абавязкова падыме гэтае пытаньне, такім чынам, каб яно было вырашанае станоўча. Калі Пуцін публічна заявіў, што будзе займацца гэтым пытаньнем, значыць, у нас ёсьць асьцярожны аптымізм, што для гэтага будуць задзейнічаныя рохзныя мэханізмы.

Апроч гэтага, Пуцін багата часу аддаў апісаньню сытуацыі ў беларуска-расейскіх адносінах. Пуцін яшчэ раз пацьвердзіў, што інтэграцыя Беларусі і Расеі можа ісьці двума шляхамі: альбо гэта ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі, або гэта мадэль Эўразьвязу. І Пуцін схіляецца менавіта да апошняй прапановы. Ён адзначыў, што ён не выключае магчымасьць існаваньня саюзнага парлямэнту Беларусі і Расеі, але яго рашэньні могуць мець юрыдычную сілу толькі пасьля ратыфікацыі нацыянальнымі парлямэнтамі.

Такім чынам, Пуцін на сустрэчы зь лідэрамі расейскіх парлямэнцкіх фракцый заявіў, што ён ня хоча ставіць саюзны парлямэнт вышэй за расейскую Дзяржаўную думу, і ён казаў пра гэта Лукашэнку падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG