Нават КДБ, які цяжка папікнуць цярпімасьцю, даў адмоўнае заключэньне на праект закону, выказаўшы перасьцярогу, што ён можа спарадзіць міжканфэсійную напружанасьць. Наўрад ці справа тут толькі ў лабісцкім ціску з боку патрыярхату, Беларусь – усё ж дзяржава сьвецкая, гэта не Іран, дзе апошняе слова ў дзяржаўных рашэньнях належыць аятолам. Здавалася б, утрымаць улады ад такога згубнага рашэньня мусіла б не прыхільнасьць да правоў чалавека (у такой прыхільнасьці беларускае кіраўніцтва ніхто і не падазрае), а дзяржаўны клопат пра грамадзянскі спакой, які звычайна ўласьцівы нават і дыктатарскім рэжымам.
Вера – гэта здабытак не дзясяткаў і ня сотняў, а сотняў тысячаў і мільёнаў людзей. Беларусь – не Расея, дзе цкаваньне, дыскрымінацыя каталікоў і іншых іншаслаўных – практыка брыдкая, але з цынічнага пункту гледжаньня – сацыяльна бясьпечная: колькі ў Расеі тых каталікоў. А ў Беларусі – паводле самых сьціплых ацэнак 10-15%. А дадаўшы сюды яшчэ і шматлікія пратэстанцкія абшчыны, атрымаем, што сёньня палатачнікі плюнулі ў твар добрай чвэрці сваіх суграмадзянаў. Адкуль такая ўпэўненасьць, што жахлівы досьвед Паўночнай Ірляндыі і былой Югаславіі, дзе міжканфэсійныя напружаньні прывялі да рэкаў крыві, – не пра нас?
Праўда тое, што цягам стагодзьдзяў у беларусаў стварыўся унікальны мэханізм міжканфэсійнай талеранцыі. Але любы мэханізам, нават самы ўстойлівы, можа зламацца, асабліва калі ламаць яго з тупой упартасьцю.
У адрозьненьні ад праваслаўнай царквы каталіцкая і пратэстанцкія цэрквы ня пелі асанну “дарагому Аляксандру Рыгоравічу”, але, нягледзячы на дыскрымінацыю, якая і дагэтуль існавала, вытрымлівалі ляяльнасьць да існых беларускіх уладаў. У адрозьненьні ад Польшчы 1980-х гадоў, ані беларускі касьцёл, ані пратэстанцкія абшчыны ня ёсьць агулам апазыцыйнымі сіламі. Але выглядае, што сёньняшнім законам іх проста штурхаюць у апазыцыйнасьць.
Прычым, у апазыцыйнасьць упартую. Мітынг можна жорстка разагнаць у разьліку на тое, што людзі спалохаюцца і ня пойдуць на наступны. А тут на што разьлік? Што каталікі і пратэстанты, спалохаўшыся дзяржаўнага ціску, пяройдуць у “адзіна-правільную” праваслаўную веру? Глупства. Не Лукашэнку перамагчы цэрквы, якія пранесьлі свой крыж праз сталінскі тэрор. Але сёньняшняга закону дастаткова, каб улада ў вачох гэтых людзей стала ганіцелем іх веры, нашчадкам Нэрону і Сталіна, іншымі словамі, іх зацятым ворагам.
Так што сёньняшняе юрыдычнае вынаходніцтва выглядае ня толькі несправядлівым, але і бязглуздым, шкодным для самой улады.
Але глузд, сэнс у гэтым рашэньні, так падаецца, ёсьць.
Яно – каштоўны падарунак, і ня толькі і ня столькі ўладыку Філарэту, колькі маскоўскім гіерархам Рускай Праваслаўнай Царквы. Каштоўнасьць падарунку падвышаецца і тым, што закон прыняты ў самы разгар вострага канфлікту паміж праваслаўнай царквою і Ватыканам.
Апошняя сутычка па пытаньнях інтэграцыі паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам асабліва выразна прадэманстравала, наколькі вузкаю і хісткаю за некалькі апошніх гадоў сталася падтрымка беларускага лідэра з боку ўплывовых сілаў у Расеі. Фактычна саюзьнікаў у Лукашэнкі, здольных сказаць слова насуперак Крамлю, і не засталося. Амаль. Акрамя кліру Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэта – ці не адзіная сіла, зь якой Уладзімер Пуцін, падмяўшы і палітычную эліту, і алігархаў, і губэрнатараў, вымушаны лічыцца. Маскоўскай патрыярхіі паднесены каштоўны падарунак. Паводле праваслаўнага звычаю за падарунак трэба аддзячваць.
Ёсьць і яшчэ адна вэрсія прычынаў зьяўленьня сёньняшняга закону. Часам кантраляваны канфлікт забясьпечвае ўстойлівасьць улады нават лепш, чым усеагульнае маўчаньне. У малых памерах беларуская ўлада і раней выкарыстоўвала гэты прынцып, робячы ворагаў з апазыцыянэраў, бізнэсмэнаў ды іншых, адносна нешматлікіх групаў насельніцтва. Цяперашняя сытуацыя патрабуе іншых маштабаў: рэйтынг упаў, эканамічнае становішча імкліва пагаршаецца, магчымасьць сацыяльнага выбуху робіцца дастаткова рэальнаю. У гэтай сытуацыі, каб прадухіліць выбух, можна самому яго выклікаць, знайшоўшы сур’ёзьнейшага ворага. Каталікі і пратэстанты на сёньняшні закон маўчаць ня будуць, і добра – кіраўнік праваслаўнай, паводле ягоных словаў, краіны “правільную” веру ад ворагаў абароніць. У такім змаганьні за веру не да заробкаў будзе, якія чамусьці выплочваюцца ня ў тэрмін як каталікам і пратэстантам, гэтак і праваслаўнаму люду.
Магчыма, на самой справе ніхто такіх далёкіх і шматхадовых плянаў і не выношваў, магчыма, сапраўды сп. Канаплёў быў абсалютна шчырым, калі сказаў, што хацеў выканаць сваё абяцаньне ўладыку Філарэту. Але чалавечае глупства часам мае больш жахлівыя наступствы, чым самыя зламысныя пляны.