Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ МАЗЫНСКІ: ЧАЛАВЕК, ЧЫЮ КАР’ЕРУ ПЕРАКРЭСЬЛІЛА КАР’ЕРА АРТУРА ЎІ


Ірына Халіп, Менск

(Ірына Халіп: ) “Мой госьць мінулага тыдня Васіль Шаранговіч даведаўся пра сваё звальненьне з пасады рэктара Беларускай Акадэміі мастацтваў з газэты “Советская Белоруссия”. А як у нас здымаюць галоўных рэжысэраў?”

(Мазынскі: ) “У мяне сытуацыя была больш празрыстая. Я меў магчымасьць быць папярэджаным раз, другі раз... Розгалас ад тэатру звычайна большы, чым, напрыклад, ад карціны, якая вісіць сабе — і вісіць на сьцяне. І хто ведае, ці прыйшоў хто, ці паглядзеў? А тут мяне папярэджваў спадар Сасноўскі — то па-бацькоўску, то па-дзядзькоўску. І калі ён сказаў: “Ня трэба нам тут рабіць Таганку”, — я адказаў, што для мяне вялікі гонар пачуць у свой адрас такі камплімэнт. Потым атрымалася тое, што атрымалася: яны палічылі нямэтазгодным трымаць чалавека, якім немагчыма кіраваць. А я папярэджваў, што не магу жыць так, як ім хочацца”.

(Халіп: ) “А як ім хацелася, каб вы жылі?”

(Мазынскі: ) “Каб было ціха, каб было спакойна, каб нічога нідзе не выпірала. З аднаго боку, яны хацелі, каб тэатральнае мастацтва было папулярнае, з другога боку — не хацелі папулярнасьці. Таму што папулярнасьць складаецца яшчэ і з творчых скандалаў. Вы паглядзіце, колькі тэатраў у Беларусі.Чым усе гэтыя расейскамоўныя абласныя тэатры адрозьніваюцца ад расейскіх тэатраў? Толькі тым, што на нашых сцэнах акторы дрэнна гавораць па-расейску. Тэатры жывуць самі па сабе, а жыцьцё — само па сабе”.

(Халіп: ) “І мне здаецца, што жыцьцё рухаецца хутчэй”.

(Мазынскі: ) “Дакладна так. Тэатральнае жыцьцё павінна ісьці ў нагу са звычайным жыцьцём і яшчэ хаця б на паўкрокі апярэджваць. Тэатар павінен размаўляць на сёньняшняй мове. Нават клясыку сёньня ставяць, каб яна гучала сучасна, каб быў перакід са сцэны ў жыцьцё і з жыцьця на сцэну, каб мы адчувалі аналёгіі.

І мне было прыемна, калі наконт “Прынца Мамабука” спадар Валадзько, які ў Міністэрстве курыруе цэнзуру, сказаў, што гэта п’еса пра Аляксандра Лукашэнку. Сядзелі аўтары, пыталіся: “Дзе там Лукашэнка, дзе там слова такое? Там нават Беларусі няма, там ёсьць Бусярось!”

(Халіп: ) “Калі прыгадваць творчыя скандалы, алюзіі, якія ўзьнікаюць у чыноўнікаў зь Міністэрства культуры, я адразу ўзгадваю ваш спэктакль “Кар’ера Артура Ўі, якой магло ня быць”. Што там убачылі нашыя чыноўнікі?”

(Мазынскі: ) “Тут я ўвогуле хацеў зрабіць прэм’еру хуценька, таму што мусіў адбыцца Другі зьезд беларусаў сьвету, і я хацеў ім паказаць спэктакль. Думаў: запросім іх, яны прыйдуць, будзе аншляг... І тут у восем гадзінаў раніцы мяне сустракае прыбіральшчыца, якая кажа, што мяне там чакаюць зь міністэрства. У восем раніцы, калі ў тэатры яшчэ нікога няма? У мяне ногі падкасіліся, я думаў, штосьці абрынулася ці памёр нехта... Не, аказалася, прыйшлі людзі — амаль што міністар — прасіць мяне зьняць гэты спэктакль, таму што будзе зьезд. Дык я ж дзеля зьезду ўсё так хутка рабіў! Яны мяне малілі, каб я зьняў гэты спэктакль”.

(Халіп: ) “Але ж спэктакль прайшоў?”

(Мазынскі: ) “Прайшоў. Я іх неяк змог угаварыць, што нічога страшнага ня будзе, і нічога страшнага не было! Яны самі сябе “накруцілі”, самі сабе ўсё прыдумалі. І потым спадар Сасноўскі паставіў, як кажуць, пытаньне рубам: альбо ты працуеш у дзяржаве і атрымліваеш грошы, якія дзяржава табе выдае, і тады павінен адпавядаць ідэалёгіі гэтай дзяржавы, альбо ты ідзеш “у арт”. “Арт” — гэты быў такі вольны спэктакль у Ігара Забары. Дык Сасноўскі сказаў: “Ідзі ў арт”, — на вуліцу, значыць. Я сказаў: “Калі так, дык я пайду ў арт”.

(Халіп: ) “І што вы цяпер робіце ў гэтым арце?”

(Мазынскі: ) “А нічога! Справа ў тым, што ў нас нічога не памянялася, у нас тут Савецкі Саюз”.

(Халіп: ) “Але ў Савецкім Саюзе ў вас не было праблемаў зь дзяржавай”.

(Мазынскі: ) “Былі, але не ў такой ступені. Мы там штосьці абыходзілі, але ніколі не было такога, каб мне спэктакль забаранялі. Былі праблемы зь мясцовым начальствам, але калі мясцовае начальства штосьці забараняла, то міністэрства было разумнейшае. Прыемна было мець справу з такім міністэрствам. А зараз, вы ведаеце, ёсьць нейкае адчуваньне Масквы — не па мастацтве, а па ўзроўні забаронаў, па ўзроўні табу.

Таму я кажу, што Менск цяпер — сталіца СССР. Праўда, мы і сталіца, і правінцыя, тут усё разам. Неяк мы сядзелі ў міністэрстве, і я сказаў спадару Валадзько: “А вы ведаеце, што байку “Воўк і ягня” Крылоў пра мяне і Лукашэнку напісаў? Воўк — гэта Лукашэнка, а ягня — гэта я. А байкі Лёфантэна? Гэта ж ён пра нас напісаў!”

(Халіп: ) “Напэўна, і Эзоп таксама?”

(Мазынскі: ) “Натуральна, і Эзоп! Размова тады ішла пра “Кар’еру Артура Ўі” Бэртольта Брэхта. Напісаў у 1936 годзе немец п’есу пра Амэрыку, пра гангстэрскае грамадзтва. І ў Расеі, дарэчы, зараз гэтая п’еса неактуальная. А ў нас — страшэнна актуальная! Чаму? Усё проста: таму што пэрсанажы на сцэне размаўлялі па-беларуску. Вось вам і ўсе алюзіі. Гэта проста даказала, што п’еса Брэхта — гэта клясыка”.

(Халіп: ) “Сёньня вы б узяліся за пастаноўку п’есы Аляксея Дударава — я маю на ўвазе, пасьля таго, як ён атрымаў узнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі?”

(Мазынскі: ) “Адназначна ўзяў бы, калі б мне п’еса спадабалася. Тут зараз модная фраза наконт мух і катлетаў — дык у мяне свае катлеты! Тое, што Дудараў узяў, — гэта як я ўзяў, напрыклад, заробак, зьеў яго, і незразумела, ці ён быў, ці не. Для мяне тое, што напісаў Дудараў як творца, значыць многа. І няхай яму хоць мільёны плацяць! Гэта ягоная праблема, як ён да гэтага ставіцца...”

(Халіп: ) “Што вас цяпер ратуе, пасьля таго як вы страцілі тэатар? Страцілі магчымасьць рабіць тое, што можаце і хочаце? Гэта, напэўна, цяжка — вы ж малады чалавек, моцны, таленавіты...”

(Мазынскі: ) “Сапраўды, гэта нялёгка. Часткова выратоўваюць студэнты — у мяне ёсьць курс, які я набіраў яшчэ туды, на Крапоткіна — думаў, для сябе. Я іх ня кінуў. Яны для мяне як кісларод. Гэта ўвогуле вялікая праблема — будучыня нашага тэатру. Праблема акторская, а калі ўжо гаварыць пра рэжысуру, то поўны цэйтнот. Калі адыйдзе нашае пакаленьне, тыя, каму 50–60 гадоў, нікога не застанецца. Ёсьць Коля Пінігін, які гуляе сам па сабе, а ў тэатрах гола. Моладзь не прыходзіць”.

(Халіп: ) “А чаму вашае пакаленьне ня выхавае новае пакаленьне?”

(Мазынскі: ) “Я вам скажу, што гэта штучны прадукт, і ў нас у Беларусі тэатар непапулярны. Ні ў матэрыяльным пляне, ні з гледзішча славы, што таксама вельмі важна для маладога чалавека. І віна тут і нашая, рэжысэрская. Не знайшлі сабе пераемнікаў — эгаізм, відаць, не дазваляе”.

(Халіп: ) “А мне задецца, што агульная бяда рэжысэраў і палітыкаў — усе яны думаюць, што будуць жыць вечна і працаваць вечна”.

(Мазынскі: ) “Гэта ёсьць. Я магу гаварыць толькі пра сябе і тых, каго я ведаю. Вось, напрыклад, Георгі Таўстаногаў — тое, што вы сказалі, якраз пра яго. Ён не хацеў нікога. Многія цяпер называюць сябе ягонымі вучнымі. А ён сам казаў, што ў яго няма вучняў. Ён не займаўся імі — яны займаліся каля яго. Я быў каля яго год. За год ён два разы паразмаўляў са мной. І для мяне гэта два шчасьлівых дні, калі ён апусьціўся да мяне і паразмаўляў! Мы былі каля яго і вучыліся самі. Навучыць, кажуць, нельга. Навучыцца — можна.

Так што прафэсія гэтая — страшнейшая. Яна патрабуе такой харызмы! Гэта сэктанцтва. Гэта мэсіянства — зрабіць так, каб за табой пайшлі людзі. А потым ты глядзіш — а ты ідзеш не туды. А яны ідуць за табой. А можа, ты і сам сьляпы, чорт яго ведае! Ахвяраў вельмі многа”.

(Халіп: ) “А сябе вы лічыце ахвярай?”

(Мазынскі: ) “Чорт яго ведае... Ахвярай чаго?”

(Халіп: ) “Напрыклад, ахвярай рэжыму”.

(Мазынскі: ) “Калі ўсё гэта здарылася, мне стала лёгка. Я стаў больш сябе паважаць. І ўрэшце я згодны са спадаром Сасноўскім: я не хачу супрацоўнічаць з гэтай дзяржавай. І дзяржава ня хоча са мной супрацоўнічаць. На мяне табу ва ўсіх дзяржаўных тэатрах. Ніводзін тэатар ня дасьць мне пастаноўкі. Нуі ня трэба! Я зьмяню прафэсію. Ну і што? Раней я думаў: толькі тэатар, безь яго я задушуся, павешуся. А зараз разумею: ну і дурань! Таму што той тэатар, які называецца “сям’я”, заслугоўвае ня меншай адданасьці. А я аддаў усё тэатру. І што? Я сышоў, другі прыйшоў, зараз штосьці там па-свойму круціць. Мазахісты мы. Вось тэатар — і больш я нічога ня бачыў”.

(Халіп: ) “А што вы зараз убачылі?”

(Мазынскі: ) “Самога сябе! Самога сябе — трошкі збоку. Раней усё не было калі прааналізаваць сябе. А цяпер часу вельмі многа. Гэта страшэнны час, калі ты аддадзены самому сабе. Гэта вельмі небясьпечна, лепш пра сябе ня думаць.

Сам момант беспрацоўя — гэта мука вялікая. Ты мусіш перадумваць, абдумваць, да краю падыходзіць, а з краю вельмі многае відаць. Я ня стаў больш злы ад гэтага, не, ня стаў. У мяне ёсьць сілы, і я мог бы працаваць — але не выпадае! А мяняць вельмі цяжка, станавіцца на другія рэйкі вельмі цяжка, бо гэтая зараза такая, бярэ ўсяго ў палон. І выйсьці з гэтага можна толькі сьвядома — паспрабаваць, няма ўпэўненасьці, што гэта адбудзецца. Можна толькі паспрабаваць сябе адтуль выкінуць. Зусім выкінуць”.

(Халіп: ) “У студыі быў рэжысэр Валеры Мазынскі, чалавек, чыю кар’еру перакрэсьліла кар’ера Артура Ўі. Але ён выканаў звышзадачу, якую паставіў аўтар п’есы Бэртольт Брэхт. Брэхт казаў: “Калі дробны нягоднік становіцца буйным нягоднікам, гэта ня значыць, што мы павінны дазволіць яму заняць адмысловае месца ня толькі ва ўласьцівай яму брыдоце, але і ў нашым уяўленьні аб гісторыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG