Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВАСЛАўНУЮ ЦАРКВУ БУДУЮЦЬ ГВАЛТАМ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Жыхары Бялынічаў, у тым ліку і кіраўнікі гэтага сельскага раёну, упэўненыя, што на на гэтых мясьцінах ляжыць праклён. Бо ў савецкі час тут разбурылі касьцёл кармэлітаў і кляштар пры ім, дзе калісьці знаходзіўся страчаны цяпер цудадзейны абраз Бялыніцкай маці Божай.

Адмаліць грахі перад продкамі у Бялынічах вырашылі будаўніцтвам праваслаўнай царквы. Драўлянай — каб было больш танна будаваць. Ідэю падаў Уладзімер Канаплёў і прыцягнуў да справы камэрцыйныя структуры.

Быў таксама адкрыты адмысловы разьліковы рахунак для збору ахвяраваньняў на царкву. За некалькі месяцаў удалося сабраць 850 тысяч беларускіх рублёў. Былі выпадкі, калі людзі скардзіліся на супрацоўнікаў жыльлёва-камунальных упраўленьняў, празь якія складаліся сьпісы й прымаліся грошы. Маўляў, калі патрэбная нейкая даведка, то дай грошы на царкву.

Цяпер распачаўся новы этап збору сродкаў. Старшыня Бялыніцкага райвынкаму Генадзь Шпакоўскі сабраў на нараду кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў, каб “параіцца” наконт будаўніцтва царквы.

У райвыканкаме паведамляюць, што дырэктары масласырзаводу і ПМК, дзе, дарэчы склалася не найлепшая фінансавая сытуацыя, тым ня менш выступілі з інцыятывай, каб кожнае прадпрыемства пералічыла па 1 мільёне рублёў, савет вэтэранаў заклікаў пэнсіянэраў плаціць на царкву тысячу рублёў штоквартальна, а працоўны народ — аддаць аднадзённы заробак на сьвятую справу.

Бялыніцкі журналіст Базыль Ліцьвіновіч гаворыць, што энтузіязму ў жыхароў раёну гэтыя прапановы ня выклікалі:

(Ліцьвіновіч: ) “Людзі раззлаваныя, што толькі за гэтую вясну зь іх ужо тройчы вылічвалі аднадзённы заробак”.

Журналіст лічыць, што храм у Бялынічах калісьці разбуралі гвалтам, а цяпер гвалтам будуюць:

(Ліцьвіновіч: ) “Царква павінна быць добраахвотнай, сьветлай. Калі людзі даюць сваю тысячу пад прымусам, то ці будзе сьвятасьць у сьценах гэтай царквы — гэта пытаньне”.

Бялыніцкія чыноўнікі нэрвова рэагуюць, калі ім нагадваюць, што царква адасобленая ад дзяржавы. Яны настойваюць на тым, што ніводнай бюджэтнай капейчыны ня выдаткавалі на пабудову царквы, а ўсе ахвяраваньні — добраахвотныя. Але такія заявы наўрад ці каго ўвядуць у зман. Тыя ж суботнікі таксама адбываюцца ў нас толькі з ініцыятывы працоўных. І ўсе ведаюць, што на словах — “добраахвотна”, а калі няма ахвоты браць удзел і аддаваць грошы — то магчымыя і непрыемныя наступствы.

Бялыніцкі раён — далёка не адзіны, дзе праваслаўным сьвятарам забясьпечаная падтрымка “вэртыкалі”. У Краснапольлі на Вялікдзень адчынілася царква, настаяцель якой няспынна дзякуе Івану Ціцянкову і старшыні райвыканкаму. У вёсцы Благавічы Чавускага раёну мясцовыя ўлады перадалі праваслаўным будынак дому культуры і ня бачаць нічога дрэннага ў непасрэдным суседзтве яго са школай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG