Якраз напярэдадні свайго двухмесяцовага знаходжаньня ў Навукова-дасьледчым інстытуце траўматалёгіі і артапэдыі Ўладзімер Мулявін быў пераведзены ў шпіталь пры ўпраўленьні справамі Лукашэнкі — у народзе гэтая ўстанова больш вядомая як лечкамісія. Звычайна перавод з рэанімацыі сьведчыць на тое, што хворы йдзе на папраўку. Але хірург інстытуту Алег Эйсмант лічыць, што ў дадзеным выпадку з высновамі сьпяшацца ня трэба.
(Эйсмант: ) “Стан стабілізавалі — і адправілі. У рэанімацыйных мерапрыемствах патрэбы ён больш ня мае, патрэбная рэабілітацыя. Наконт агульнага стану, дык нічога істотна не зьмянілася. На жаль, цудаў не бывае. Спачатку, у першыя дні, станоўчая нэўралягічная дынаміка была. У зьвязку найперш з шокавым станам, які паступова пачаў праходзіць, пачалося аднаўленьне таго, што магло аднавіцца. Але на гэтым усё і спынілася.
Нашыя адмыслоўцы зараз езьдзяць у лечкамісію з кансультацыямі — у лечкамісіі ж спэцыялістаў няма нармальных. Там толькі ўмовы, адмыслоўцы там не працуюць. А надалей я ня ведаю, з кім яны будуць дамаўляцца, дзе ён лячыцца будзе — за мяжой, ці дзе”.
Усе спробы высьветліць акалічнасьці знаходжаньня Ўладзімера Мулявіна ў шпіталі ўпраўленьня справамі Лукашэнкі плёну ня мелі. Сакратарка галоўнага лекара ўстановы Ірыны Абельскай настойліва дала зразумець, што ніякай інфармацыі для прэсы з гэтых сьценаў ня выйдзе.
Зрэшты, яшчэ адна зацікаўленая асоба, выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Людміла Пастаялка (дарэчы, маці спадарыні Абельскай) на прэсавай канфэрэнцыі да дня мэдычнага работніка ў катэгарычнай форме заявіла, што ажыятаж вакол Мулявіна надуманы і распальваць жарсьці на роўным месцы не патрэбна. І дадала, што лечкамісія — зачыненая ад прэсы тэрыторыя.
Зразумела, што падобнае стаўленьне да лёсу куміра мільёнаў аматараў “Песьняроў” абурае ня толькі прыхільнікаў творчасьці Мулявіна, якія хочуць ведаць усё пра стан ягонага здароўя. Таму найбольш верагодныя варыянты далейшага лячэньня “песьняра” мы абмяркоўваем з хірургам НДІ траўматалёгіі, дзе да нядаўняга часу ляжаў Мулявін, Алегам Эйсмантам. Запытваю, ці фігуравалі нейкія варыянты ў часе наведваньня інстытуту Іосіфам Кабзонам, які з Мулявіным у прыяцельскіх дачыненьнях ужо 30 гадоў.
(Эйсмант: ) “Бралі выпіску ў Маскву, у клініку Бурдэнкі. Але што Масква — там таксама нічога асаблівага. Ня выключана, што яны плянуюць адправіць яго лячыцца за мяжу. Грошай у Кабзона, адрозна ад Мулявіна, хапае. І гэта найбольш разумны варыянт. Што тычыцца аналізу? Пры аўтааварыі мы аўтаматычна бярэм кроў. Алькаголь быў, проста асабліва нідзе пра гэта не казалі. Якая доза? Гэта гледзячы для каго і якая. Бывае, што паступаюць такія пацыенты, што чалавек павінен быць ужо на тым сьвеце. Мулявін жывы, і нават спрабуе гаварыць. Так што доза — усё гэта адносна. Ён размаўляе. Калі прыяжджалі Разэнбаўм, Кабзон — дык доўга размаўлялі. Адзінае, што ў яго спаралізаваная ніжняя частка цела; рухае рукамі, але кісьці не працуюць”.
Мэдыкі канстатуюць, што падобная траўма, зьвязаная найперш з пашкоджаньнямі хрыбта, мяркуе вельмі працяглае лячэньне і яшчэ большы курс рэабілітацыі. Таму яшчэ доўгі час нічога пэўнага пра пэрспэктывы выздараўленьня сказаць ніхто ня возьмецца. Бо асноўным наступствам траўмы хрыбту ёсьць частковы альбо поўны параліч часткі канечнасьцяў, немагчымасьць кіраваць рухамі ног ці рук.
У выпадку з Мулявіным адмыслоўцы прагназуюць параліч ніжніх канечнасьцяў і даюць вельмі мала шанцаў на тое, што ён зможа самастойна трымаць галаву, хутчэй за ўсё спатрэбяцца адмысловыя пратэзы на шыю. Між іншым, усе працягваюць верыць, што будуць станоўчыя вынікі — ужо блізкім часам.