Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД ГАЛУБОВІЧ: “НЕ ПАКІНЬМА ДЫКТАТУРУ Ў СПАДЧЫНУ ДЗЕЦЯМ!”


Міхась Скобла, Менск

Новапрызначаным рэдактарам літаратурна-мастацкіх выданьняў не пазайздросьціш. Улада патрабуе новага зьместу ў часопісах, прысьпешвае, а рыхтаваць нумары, якія б пачыналіся чарговым прэзыдэнцкім выступам, няма каму. Ранейшыя, ненадзейныя супрацоўнікі звальняюцца, а надзейных пашукаць трэба. Словам — кадравая праблема. Калектыў часопіса “Крыніца” ў поўным складзе пакінуў рэдакцыю — факт беспрэцэдэнтны на канфармісцкай журналісцкай кухні. Сёньня з намі — паэт Леанід Галубовіч, былы супрацоўнік “Крыніцы”.

(Скобла: ) “Леанід, што азначае ваш дружны сыход з рэдакцыі?”

(Галубовіч: ) “Гэта і своеасаблівы мэтад пратэсту, супраціву, нязгоды і, калі хочаце, то і ўнутранай душэўнай змогі... Часопіс “Родник”–“Крыніца” быў створаны за часам савецкага камсамолу, праіснаваў у такім шматтыражным грамадзка-літаратурным выглядзе ажно да 1994 году (там, дарэчы, працаваў загадчыкам аддзелу й сёньняшні рэдактар “СовБелии” Павал Якубовіч). Во якія кадры тут колісь досьведу набіраліся!

У тым жа 1994 годзе часопіс зрабіўся літаратурна-культуралягічным, элітным для Беларусі выданьнем... Але час прыходу нацыянальнай эліты дзіўным чынам супаў з часам прыходу Лукашэнкі са сваім постсавецкім электаратам... Каса на камень! І на самым пачатку 1999 году рэдакцыя вытрымлівае адну за другой пэртурбацыю кадраў, найперш у кіраўніцтве. Па шэсьць месяцаў людзі працавалі без заробку, як кажуць, жылі сьвятым духам, але часопіс свой выдавалі...

Цяпер Някляеў — у Фінляндыі... Разанаў — у Нямеччыне... Булыка — у “Беларускай думцы”... Канапелька — там, дзе і ўсе астатнія... Пры такой “ломцы праз калена” часопіс паступова губляў свой твар, наклад і чытачоў... Таму мы й вырашылі сысьці дэманстратыўна. Гэта многім, дарэчы, не спадабалася. І некаторым калегам па літаратурным цэху — таксама”.

(Скобла: ) “Праца ў часопісе давала, хоць зрэдку, хоць невялікі, але заробак, сродкі для існаваньня табе й тваёй сям’і. А што цяпер, як выжыць беспрацоўнаму паэту?”

(Галубовіч: ) “Каб выжыць фізычна — трэба, натуральна, знайсьці сталую працу па спэцыяльнасьці, альбо хоць бы такую, якая табе па сілах (начным вартаўніком, скажам, я пагадзіўся б быць за 100 тысяч “зайцоў”). Людзі выжывалі і не ў такіх умовах! Ды і сёньня жывуць... Ніна Мацяш, Мікола Купрэеў, Юры Станкевіч, Анатоль Сыс, Алесь Асташонак і многія іншыя... А чым я лепшы ці горшы за іх?”

(Скобла: ) “Сярод твораў, якія не прайшлі цэнзуру пры новым часопісным начальстве — і твае “Зацемкі зь левай кішэні”. Яны зьнятыя з гатовага ўжо нумару часопіса “Полымя” новым рэдактарам Міколам Мятліцкім. Прычым спадар Мятліцкі на прэсавай канфэрэнцыі перад шматлікімі журналістамі заявіў, што Галубовіч проста зафанабэрыўся і не ўспрыняў некалькі звычайных рэдактарскіх паправак. Мяне тут цікавіць маральны аспэкт — як такое магло адбыцца, вы ж зь Мятліцкім даўнія сябры...”

(Галубовіч: ) “Сяброўства нашае ўжо ў мінулым. Гэта на пачатку 1980-х мы сябравалі. Мікола, скажу шчыра, мне многа ў чым дапамог, асабліва ў пытаньнях матэрыяльных. За тое я яму ўдзячны і нават як бы зьяўляюся ягоным даўжніком. Але не ў такіх амаральных пытаньнях... Мы разышліся зь ім яшчэ на пачатку 1990-х: перафразуючы прэзыдэнта, скажу так: я рухаўся ў бок творча прагрэсіўнага чалавецтва, а ён ісьці “за цывілізаваным сьветам” не хацеў...

Прачытаўшы ня так даўно ў дзёньніках Міхала Дубянецкага пра супрацоўніцтва Мятліцкага з “органамі”, я быў шакаваны, бо якраз па тым часе й вялася нашая зь ім дружба... Ці ня быў і я “на кручку” ў такім разе? Вось што не дае мне спакою й сёньня. Не пасьпела высахнуць фарба на нумары часопіса зь дзёньнікамі Дубянецкага, як Мятліцкі быў пастаўлены “часовым у ворот” гэтага выданьня... Факт таксама паказальны.

Мае зацемкі, ужо з карэктуры, ён зьняў, нават не папярэдзіўшы мяне. Пра тое сказалі мне намесьнікі, паказаўшы ў пляне нумару рукой Мятліцкага выкрасьленыя зацемкі і ўпісаную замест іх аповесьць Івана Шамякіна. А поруч — нізка вершаў самога Мятліцкага... Толькі праз колькі дзён, пачуўшы ад супрацоўнікаў рэдакцыі маё “фэ” адносна яго ўчынку, ён стаў па тэлефоне дамагацца нейкага кампрамісна-таварыскага палагадненьня канфлікту”.

(Скобла: ) “Каб нашы слухачы мелі ўяўленьне, з чым змагаецца адноўленая беларуская цэнзура, прачытай адну-дзьве зацемкі, якія з гледзішча Мятліцкага ёсьць крамольнымі”.

(Галубовіч: ) “Я прачытаю дзьве зацемкі з тых, што меліся друкавацца ў “Полымі”.

* * *
Глядзеў тэлеперадачу пра лепразорый — бальніцу для пракажоных на поўдні Расеі. Пасёлак Церпскі. Людзі жывуць там па 50–60 гадоў цэлымі сем’ямі й пакаленьнямі, бо праказа, лепра — па мэдыцынскай тэрміналёгіі — гэта такое захворваньне, якое перадаецца родава. Людзі адчуваюць сябе там горш, чым у турме, бо адгароджаныя ад грамадзтва не калючым дротам, а маральным законам і псыхалёгіяй. На мой погляд, нечым падобная да таго адасобленага ад людзкога сьвету пасёлка-лепразорыя й наша сёньняшняя Беларусь у Эўропе.

* * *
Уладзімер Навіцкі, галоўны спартыўны “лукашэнкаўскі” камэнтатар на Алімпійскіх гульнях у Сыднэі: “Царамонія закрыцьця... Царамонія ўзнагароджаньня...” Гэтак ён абзывае рускую “церемонию” на свой беларуска-трасяначны лад. Атрымліваецца амаль нелегітымная “цараманія” замест сапраўднай “церемонии”. І ніхто ж не падказаў пра памылку за ўсе сямнаццаць дзён Алімпійскіх гульняў — ні з тых, хто там быў, ні з тых, хто ўсё яшчэ тут. Такая вось дзяржаўная бесцырымоннасьць над роднаю моваю...”

(Скобла: ) “Гэта былі дзьве зацемкі Леаніда Галубовіча, якія сталіся ахвяраю цэнзуры ў часопісе “Полымя”. Леанід, у зьвязку з тымі падзеямі, пра якія мы гаворым, хачу вось якую тэму закрануць. Многіх папросту шакавала, як нахабна новасьпечаныя рэдактары выжывалі з кабінэтаў сваіх папярэднікаў. Народны пісьменьнік Янка Брыль у інтэрвію нашаму радыё з абурэньнем гаварыў, што такое раней і ўявіць было немагчыма. Разбэшчаная ўлада разбэшчвае і людзей. Як на тваё гледзішча, на тваё адчуваньне, мы за апошнія сем гадоў палепшалі ці пагоршалі?”

(Галубовіч: ) “Ня думаю, што ўлада можа “пагоршыць” чалавека. У мяне ёсьць зацемка прыкладна такога зьместу, што, маўляў, бальшавікі й савецкая ўлада кантралявалі, муштравалі й мусова падпарадкоўвалі чалавека, намагаючыся зрабіць яго лепшым, але ці магчыма зрабіць чалавека лепшым, чым зрабіў яго сам Гасподзь...

Напэўна, нейкі час фізычна людзей можа трымаць ва ўладзе нават Д’ябал ці Сатана... Але як доўга? Памятаеш у Мікалая Ціханава: “Гвозди бы делать из этих людей, крепче бы не было б в мире гвоздей”? Урэшце, народ перажывае і перажоўвае ўсякую ўладу...

Што тычыцца “паляпшэння ўлады народам”, то гэта наўрад... Улада заўжды гэткая, якой дазваляе ёй быць народ. Па сутнасьці, ёсьць спрадвечнае змаганьне: народу — за ўладу, а ўлады — за народ. Дыялектыка. Спадзяюся, што ўсё ж патроху ўсе будзем “лепшаць”, сынтэзуючы “маральны кодэкс будаўніка камунізму” зь дзесяцьцю Божымі запаветамі”.

(Скобла: ) “Днямі мне давялося пабываць ва Ўкраіне, на штогадовым Шаўчэнкаўскім сьвяце, якое сёлета адбывалася на Данеччыне. Ад украінскіх калегаў я нярэдка чуў пра “рэжым Кучмы”, “дыктатуру Кучмы”, і што “Кучму — геть!” Сусед па аўтобусе пацікавіўся, чым, на маю думку, адрозьніваюцца ўкраінская й беларуская дыктатуры? Я паказаў на міліцэйскае аўто з пробліскавым мігачком, якое ўвесьчасна суправаджала нас, і сказаў, што розьніца істотная — вас возяць зь міліцэйскім эскортам, а нас — пад міліцэйскім канвоем... Я пра тое, што ў розных народаў уяўленьне пра дыктатуру рознае. Для кагосьці й Лукашэнка — дэмакрат...”

(Галубовіч: ) “Ды ўсе дыктатуры аднолькавыя. Яны могуць розьніцца толькі неардынарнымі характарамі дыктатараў... Нават добрае яны ня могуць зрабіць, не прычыніўшы злога... Па вялікім рахунку, знакі дыктатуры ёсьць паўсюль. Праўда, у цывілізаваных краінах яны адмыслова рэтушуюцца... Вось у Расеі — вялікадзяржаўная дыктатура ці імпэрская дэмакратыя? Мяркую, што бліжэй да апошняга. Разрозьнены шматлікі этнас разьядае Расею знутры...

Украіне ж неабходна скласьціся ў адно цэлае — калі не нацыянальнае, то хоць моўнае, каб пазьбегнуць расейскага варыянту. У нас — усё наадварот — адно цэлае, па сутнасьці аднанацыянальнае, больш таго, можна сказаць, і аднамоўнае. І гэта — бяда, бо — ня роднамоўнае... Сёньняшні беларускі чалавек — “двуязычен”... Яму няма веры. І ў яго самога няма веры. І Лукашэнку ён перастаў верыць, і Лукашэнка — яму... Што маем? Чырвона-зялёны сьцяг, лядовыя палацы, бульбу, хуткастрэльную кабуру, голдынг і Касьцяна ў ролі матроса Жалязьняка, які цьвёрдакаленна служыць правадыру. Дык не пакінем жа дыктатуру ў спадчыну нашым дзецям!”

(Скобла: ) “Дарэчы, пра службу. Сьвятар служыць Богу, КГБ і АМОН — дзяржаве. А каму служыць паэт?”

(Галубовіч: ) “Нашую старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольгу Іпатаву ўжо даўно хвалюе тое, што літаратар Галубовіч “гуляе як бы сам па сабе”. Вось і нядаўна сустрэліся зь ёю, і яна з парогу пытае: “Дык што, спадар Галубовіч, і пасьля таго, што адбылося, вы ўсё яшчэ будзеце самі па сабе?” І ведаеце, што мне чуецца ў тым яе запытаньні? Даўні бальшавіцкі кліч: “Вы с кем, мастера культуры?!” Ды з культурай я, з культурай, а не з намэнклятурай... Паэт, творца ня служыць. Творца — творыць.

А паэты — яны розныя: адных — ня любяць, іншых — яшчэ як прыўлашчваюць... Вось жа й Мятліцкі, і Бондар, і Дашкевіч, і Баравікова — вершатворцы, якіх дзяржава любіць і аддае ім апошняе са свайго “барского плеча” — і пасады, і прэміі, і часопісы... А Алесю Разанаву тую ж “Крыніцу” не аддалі... І ў Міколы Купрэева Дзяржпрэмію з рук выхапілі, і Славаміра Адамовіча пасадзілі...

Ня ўсё тут, Міхась, адназначна. Умешваецца яго вялікасць Час і ўсё расстаўляе па сваіх заслужаных месцах. Нядаўна пачуў чатырохрадкоўе:

Для адных — салоўка,
Іншым — верабей.
Сёньня ты — як Броўка,
Заўтра — як Хвалей”.

(Скобла: ) “Часу, сапраўды, усё падуладнае. І асобы, і цэлыя народы. Цэлае ХХ стагодзьдзе мы спрабавалі будаваць Беларускі Дом. Але раз за разам той камень, які павінен быў легчы ў падмурак і які беларусы з апошніх сілаў валаклі да месца будоўлі, нязьменна ператвараўся ў Сызыфаў камень. Гэта што — наш гістарычны лёс?”

(Галубовіч: ) “Усякі камень, які ўскочвае чалавек ці людзтва на высокую гару свайго лёсу, — заўжды Сызыфаў... Бо, дасягнуўшы вяршыні, мы мусім пазбыцца таго цяжару, зь якім адольвалі той цярністы шлях, мы нарэшце можам пазбыцца свайго каменя... Але ўсё, што ляжыць нязрушна — рушыцца знутры і звонку...

Нам — і ўсім разам, і кожнаму паасобку — наканавана несьці свой камень да канца нашага шляху, таму мы, па сутнасьці, абцяжараныя не каменем, а самім шляхам... І ўсё ж — няхай ён доўжыцца...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG