Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ КІРАЎНІЦТВА ШУКАЕ ВОРАГАЎ НАРОДУ


Алена Панкратава, Менск

Як піша на старонках венскай “Die Presse” аўстрыйскі журналіст Віланд Шнайдэр, калі народ скардзіцца на тое, што ў талерцы мала ежы, а на вуліцы шмат прадстаўнікоў спэцслужбаў, палітычнае кіраўніцтва краіны мусіць штосьці ў гэтым зьвязку рабіць. Найбольш распаўсюджаны рэцэпт — пошукі ворагаў беларускага народу. Дывэpсантаў і шпіёнаў знаходзяць сярод замежных дыпляматаў, айчынных прадпрымальнікаў і апазыцыйных палітыкаў.

Апошнім часам стала папулярным абвінавачваць ва ўсіх пакутах насельніцтва і прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ. Паводле нямецкага аглядальнікa Сэбастыяна Кайзэра з выданьня “Freitag”, журналістаў могуць выклікаць у праваахоўчыя інстанцыі без сур’ёзных юрыдычных падставаў, зыходзячы выключна з голых падазрэньняў.

Выпадкі, калі журналістам інкрымінуюць абразу гонару першай пэрсоны краіны, ужо нярэдкія. Сэбастыян Кайзэр прыводзіць як прыклад гісторыю з журналістамі гарадзенскай “Пагоні”, паведамляе пра праблемы, зь якімі нядаўна сутыкнуліся карэспандэнты нават не беларускіх, а замежных мэдыяў. Выданьне спасылаецца на экспэрта праваабарончай арганізацыі “Article ХІХ”, які перакананы, што беларускі рэжым імкнецца кантраляваць усе меркаваньне.

Кампанія татальнага кантролю вядзецца даволі ціха, аднак мэтанакіравана. Калі кабінэт міністраў ухваліць законапраекты “Аб інфармацыйнай бясьпецы” і “Аб СМІ”, дзяржава накладзе вэта на ўсе (уключна з Інтэрнэтам) інфармацыйныя крыніцы, якія не пяюць дыфірамбаў рэжыму. Сэбастыян Кайзэр узгадвае пра велізарны арсэнал юрыдычных і эканамічных рычагоў, які створаны Лукашэнкам дзеля падаўленьня незалежных СМІ. Як вынік, суд можа перасьледаваць як асобных журналістаў, так і цэлыя выданьні.

Паводле аўстрыйскай “Die Presse”, такія рэчы як дэмакратыя, правы чалавека для Лукашэнкі — як бяльмо на воку. Тое ж тычыцца і замежных дыпляматаў, якія паводле свайго мандату назіраюць за выкананьнем гэтых правоў. Той канфлікт, які апошні час назіраецца між Беларусьсю і АБСЭ — арганізацыяй, у якой разам з 55 эўрапейскімі, азіяцкімі, паўночна-амэрыканскімі краінамі ўваходзіць і сама Беларусь, можа прывесьці Менск да сапраўднай міжнароднай ізаляцыі.

“Беларусь робіць усё магчымае, каб пазбавіць прадстаўнікоў АБСЭ магчымасьцяў нармальна працаваць у гэтае краіне, — кажуць карэспандэнту “Die Presse” дыпляматы АБСЭ. — На цяперашні момант у менскай місіі засталіся толькі тры супрацоўнікі. Віза аднаго зь іх заканчваецца 1 чэрвеня”.

Як лічаць венскія дыпляматы, “хутчэй за ўсё, Лукашэнка спадзяецца, што можа проста выкінуць місію з краіны і пры гэтым усталяваць добрыя дачыненьні з Эўразьвязам, Усясьветным банкам ды іншымі міжнароднымі інстытутамі. Гэта вялікая памылка. Калі Беларусь ня знойдзе шляхоў для супрацоўніцтва з АБСЭ, яна яшчэ больш пачне адчуваць свае эканамічныя праблемы. Шэраг міжнародных арганізацыяў уключна з банкамі ўжо далі зразумець, што ня будуць падтрымліваць Менск”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG