Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ ПАМІЖ ІНДЫЯЙ І ПАКІСТАНАМ МОЖА ПРЫВЕСЬЦІ ДА КАТАСТРАФІЧНЫХ НАСТУПСТВАЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Асабліва вострай сытуацыя стала пасьля ўчорашняга забойства памяркоўнага лідэра кашмірскіх незалежнікаў Абдулы Гані Лона, які заклікаў дамагацца незалежнасьці мірным шляхам.

Паводле “Times”, у наступным тыдні ў абедзьве краіны накіруецца брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро, які паспрабуе папярэдзіць “найбольш сур’ёзны канфлікт у сьвеце з гледзішча патэнцыйных стратаў і ўжываньня ядзернай зброі”. Газэта спасылаецца на высокія крыніцы ва ўрадзе Вялікай Брытаніі, калі піша, што два сябры габінэту лічаць сытуацыю настолькі напружанай, што адзіная правакацыя можа прывесьці да катастрафічных наступстваў”.

Адносна падобнай сытуацыі Джэк Стро сказаў:

“Пагроза зьяўляецца вынікам таго, пра што мы ўжо ведаем і з чым сумна знаёмыя, што скончылася шматлікімі сьмерцямі і раненьнямі заходніх грамадзянаў, якія працавалі альбо жылі ў Пакістане”.

Брытанскі міністар ваеннай разьведкі падаў плян найбольш верагоднага сцэнару далейшых падзеяў, паводле якога Індыя і Пакістан “разьвяжуць крывавую вайну”, якая прывядзе да першага ўжываньня ядзернай зброі пасьля таго, як гэта адбылося ў Хірасіме і Нагасакі.

Як піша “Times”, індыйскае войска ў адказ на нядаўныя тэрарыстычныя атакі пачне наступ супраць Пакістану. Пакістанцы адаб’юць наступ, але індусы, магчыма, пачнуць ужываць сваю перавагу ў звычайных узбраеньнях на тое, каб дамагчыся пэўнага посьпеху ў канфлікце. У адказ Іслямабад можа зрабіць скрайні крок і ўжыць ядзерную зброю. Індыя – піша “Times” – вытрымае такі ўдар і адкажа сваімі ядзернымі ракетамі.

Паводле газэты, Індыя мае на сёньня прыблізна 60, а Пакістан 25 ядзерных боегаловак.

Апрача брытанскага міністра ў рэгіён накіруюцца пасланьнікі са Злучаных Штатаў і краінаў Эўразьвязу, якія будуць каардынаваць свае паралельныя дзеяньні. Але ўжо сёньня Брытанія прапаноўвае наладзіць паміж Дэлі і Іслямабадам “гарачую лінію”, накшталт той, якая была створаная ў часы халоднай вайны паміж Вашынгтонам і Масквой для папярэджаньня “выпадковай” вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG