Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ КРУГЛЫ СТОЛ НА ТЭМУ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ІНФАРМАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛЁГІЯХ


Валянціна Аксак, Менск

Дзяржаўны інтарэс да беларусізацыі кампутарных праграмаў, як зазначалі сёньня ўдзельнікі "круглага стала", узьнік разам з абвяшчэньнем незалежнасьці, бо гэта, паводле вызначэньня аднаго з выступоўцаў, ёсьць фактарам зьнешняй бясьпекі краіны. Тады ж у Белдзяржунівэрсытэце на катэдры матэматычнага забесьпячэньня аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня распачалася праца па стварэньні машыннага фонду беларускае мовы. Як зазначыў сёньня кіраўнік творчага калектыву Ігар Соўпель, да ўзроўню дзяржаўнае праграмы гэтая праца не дайшла.

Заказчык – фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь – да гэтага часу не забясьпечыў праўнай базы ўкараненьня створаных у БДУ праграмаў. І сёньня дзяржаўны бок ня быў прадстаўлены адказнымі асобамі, хоць арганізатары запрашалі на сустрэчу кіраўнікоў адпаведных міністэрстваў і фонду інфарматызацыі.

Тым часам вырасла вялікая група маладых энтузіястаў, якія лічаць, што дастаткова кіраўніку краіны падпісаць адпаведны дакумэнт, і створаныя імі тэхналягічныя рэсурсы будуць прадстаўленыя для карыстальнікаў.

Гаворыць дырэктар кампаніі "Golden Software" Андрэй Кірэеў:

(Кірэеў: ) "Зараз сытуацыя такая, што хапае людзей, якія гатовыя працаваць сваім коштам. Дзяржаве трэба проста не ўстаўляць ім палкі ў колы – гэта ўсё, як мне здаецца. Калі б была якая падтрымка нават не грашыма, а хаця б зацікаўленым стаўленьнем да беларускае мовы, то было б проста выдатна. Хаця б было нейкае распараджэньне ці закон, што калі ствараецца нейкі сайт, за бюджэтныя грошы, то ён абавязкова павінен мець беларускі інтэрфэйс. Гэта было б выдатна, а далей адно пацягнула б другое”.

Такіх маладых энтузіястаў беларусізацыі кампутарных праграмаў на "круглым стале" сабралася даволі шмат. Вынікам іхнае ажыўленае дыскусіі сталася прыняцьцё рэзалюцыі, у ліку канкрэтных прапановаў якое, апрача спэцыяльных задачаў, запісаная і неабходнасьць стварэньня пры фондзе інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь каардынацыйнае рады з прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў у пытаньнях падтрымкі беларускае мовы ў інфармацыйных тэхналёгіях. Ролю каардынатара бярэ на сябе намесьнік старшыні Таварыства беларускае мовы Сяржук Кручкоў. Ён плянуе стварыць пры ТБМ адмысловую аналітычную лябараторыю, якая будзе напачатку вывучаць, а потым і ствараць беларускі кампутарны прадукт.

(Кручкоў: ) "Лябараторыя будзе займацца тымі праблемамі, якія зараз і не падымаюцца, бо ёсьць больш насьпелыя праблемы. Але маем вострую праблему, напрыклад, беларускіх электронных падручнікаў, слоўнікаў англа-беларускіх, іншых электронных рэчаў, якімі мы зоймемся і якія рэальна зрабіць невялікаму колу дасьведчаных людзей. Мы абавязкова будзем гэтым займацца і будзем каардынаваць ініцыятыву тых людзей, якія згодныя і здольныя, часта зусім ахвярна, рабіць тыя рэчы, якія ня робіць ні дзяржава, ні камэрцыйныя структуры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG