Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА. ДЗЕ БОЛЬШ ШАНЦАЎ ПАСЬЛЯ ПІКЕТУ ЗАСТАЦЦА НА ВОЛІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Сьвятлана Нех: ) “Цяпер, калі ў горадзе праходзяць якія-небудзь несанкцыяваныя мерапрыемствы, то мы нясем за іх адказнасьць, і судзіць будуць нас. Прыкладам, гэтак было са мною 25 сакавіка. Я не была арганізатарам мітынгу, не выступала на ім, але мяне затрымалі менавіта таму, што было рашэньне гарвыканкаму, паводле якога я за яго адказваю. У выніку мяне асудзілі і пакаралі штрафам 500 тысяч рублёў”, — кажа актывістка “Маладой грамады”, жыхарка Горадні Сьвятлана Нех.

Ужо некалькі гадоў Сьвятлана ўдзельнічае ў дэмакратычным руху, у тым ліку яна арганізоўвала пікеты ў абарону правоў чалавека ў Горадні. Яе шмат разоў затрымлівалі й судзілі, але яна не саступала, і вось гарадзенскія ўлады прыдумалі наступнае. Ёй, а таксама Зьмітру Іваноўскаму забаранілі ўвогуле зьвяртацца ў гарвыканкам з заявамі на правядзеньне вулічных акцыяў пратэсту ды яшчэ й папярэдзілі, што за любыя акцыі, якія адбудуцца ў горадзе, іх пакараюць.

Як бачым з расповеду Сьвятланы Нех, гэтыя папярэджаньні на Дзень Волі спраўдзіліся. Цяпер актывісты “Маладой грамады” судзяцца з гарадзенскімі ўладамі, абвінавачваючы іх у парушэньні аднаго з галоўных сваіх правоў — права выказваць і дэманстраваць свае погляды і меркаваньні. Сьвятлана Нех, да якой я зьвярнуўся з просьбай быць сёньня экспэртам у гэтай праблеме, ацэньвае сытуацыю як прыкладна аднолькавую па ўсёй Беларусі.

Паводле Сьвятланы, права на свабоду дэманстрацыяў гарантуе Канстытуцыя, але на практыцы яно паўсюдна парушаецца. У якасьці абмежавальных нормаў наш экспэрт назвала прэзыдэнцкія ўказы 1997 і 2002 гадоў. “Гэтыя ўказы адмыслова былі накіраваныя на тое, каб стрымаць вулічныя акцыі пратэстаў не задаволеных уладамі людзей. Яны даюць шырокія магчымасьці мясцовым уладам забараняць і не пушчаць, а тое, як гэтым карыстаюцца на месцах, ужо залежыць ад фантазіі мясцовых кіраўнікоў”, — кажа Сьвятлана Нех. На яе думку, цяжэй за ўсё даводзіцца дэманстрантам у абласных цэнтрах.

(Нех: ) “Маленькія гарадкі — там адзін аднаго ведаюць, там усё адбываецца па суседзтву — і там цяжка судзіць чалавека, зь якім жывеш амаль на адной пляцоўцы. Гэта будзе даволі цяжка. Менск — гэта сталічны горад, там усе ведаюць, што адбываецца, ён знаходзіцца на перакрыжаваньні, пад наглядам розных тэлеканалаў. А вось абласныя гарады менш значныя, і тут могуць адбывацца розныя парушэньні правоў людзей. І гэта пройдзе даволі ціха, бо ніхто гэтага нават не заўважыць”.


* * *
І ўсё ж у некаторых абласных цэнтрах знаходзяцца людзі, якія працягваюць змаганьне за дэмакратычныя каштоўнасьці і ў гэтых умовах. Зь Віцебску перадае наша карэспандэнтка Браніслава Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Я стаю ў цэнтры Віцебску, каля славутага “Сіняга дому”, а побач са мной — ці не абсалютны беларускі рэкардзмэн па правядзеньню несанкцыяваных пікетаў Уладзімер Плешчанка. Ён выходзіць сюды амаль штодня, сьвядома парушаючы цяперашні Закон аб мітынгах, пікетах і дэманстрацыях, бо перакананы: праводзіць пікеты як-небудзь іначай проста ня мае сэнсу.

(Плешчанка: ) “Пікеты сёньня практычна забароненыя. Што ў Віцебску — дык гэта дакладна. Фармальна гарвыканкамам вызначаныя для пікетаў тры месцы. Мясьціны гэтыя малалюдныя: сабак там выгульваюць у асноўным, людзей няма. А паводле азначэньня сёньняшняга заканадаўства, пікет — гэта тое, што выклікае нейкую цікаўнасьць у людзей. У лесе праводзіць пікет, зь нейкім плякатам стаяць — гэта ж ужо не пікет, бо не выклікае ніякае ўвагі”.

Уладзімер Плешчанка ня раз спрабаваў дамагчыся афіцыйнага дазволу на пікеты менавіта ля “Сіняга дому". Але безвынікова. Гарадзкія ўлады ня дазваляюць пікетаў у цэнтры Віцебску, нават калі на гэткім пікеце ўсяго толькі распаўсюджваюцца артыкулы Зянона Пазьняка ды іншыя партыйныя матэрыялы.

Як пікетовец зь вялікім стажам, спадар Плешчанка заўважае цяпер і іншыя прыёмы, з дапамогаю якіх улады імкнуцца абмежаваць колькасьць непажаданых для іх пікетаў:

(Плешчанка: ) “Браць дазвол на пікет цяпер трэба за два тыдні. Два тыдні ўлады разглядаюць… За гэты час можа зьнікнуць сама праблема, дзеля якой ладзіўся пікет”.

Болей з просьбамі да ўладаў Уладзімер Плешчанка не зьвяртаецца. І падобна, што такая пазыцыя задаволіла ўрэшце абодва бакі: ягоныя несанкцыянаваныя зьяўленьні ля “Сіняга дому” імкнуцца не заўважаць ні дзяржаўныя чыноўнікі, ні міліцыянты. Затрымліваюць яго толькі ў тым выпадку, калі ў міліцыю пачынаюць тэлефанаваць найбольш пільныя грамадзяне пераважна пэнсійнага веку. Дый тады міліцыянты складаюць пратаколы аб затрыманьні далёка не заўсёды — часьцей адпускаюць.

Калі ж справа даходзіць да судовага разьбіральніцтва, спадар Плешчанка атрымлівае, як правіла, чарговае грашовае пакараньне. І колькі на цяперашні момант ён вінны ў дзяржаўны бюджэт, спадару Плешчанку вызначыць цяжка — гэтая лічба проста астранамічная. Судовыя выканаўцы аднойчы апісалі капусту на ягоным гародзе, бо іншае маёмасьці ў кошт нявыплачаных штрафаў у спадара Плешчанкі не знайшлося”.



* * *
Усяго, паводле праваабаронцаў, за два мінулыя гады звыш тысячы грамадзянаў Беларусі былі пакараныя за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту, зь іх больш як сто атрымалі турэмнае зьняволеньне і некалькі соцень аштрафаваныя на сумы, выплаціць якія ім не дазваляюць нават заробкі за год.

Пры канцы нагадаем галоўныя навіны пра справы зьніклых палітыкаў. Учора ў Парыжы гэтая праблема разглядалася на паседжаньні камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і было прынятае рашэньне рэкамэндаваць стварыць камсію з удзелам незалежных экспэртаў дзеля расьсьледаваньня справаў зьніклых. Лідэры беларускай апазыцыі не хаваюць, што яны задаволеныя гэтым рашэньнем і кажуць, што цяпер трэба будзе патрабаваць ад беларускіх уладаў супрацоўніцтва з будучай камісіяй ПАРЭ.

А ў Менску ўчора прайшоў “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысьвечаны 50-годзьдзю Анатоля Красоўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG