Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД РАЗГЛЕДЗЕЎ СПРАВУ АПОШНЯГА ЎДЗЕЛЬНІКА СПРАВЫ ПРА ХАБАРНІЦТВА Ў ГОМЕЛЬСКІМ МЭДІНСТЫТУЦЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Да суду спадар Янкелевіч больш як чатыры месяцы правёў у сьледчым ізалятары, і ў залю паседжаньня быў дастаўлены ў кайданках. Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор генэральнай пракуратуры Мікалай Корзун прасіў суд пакараць Янкелевіча пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Аднак судзьдзя Аркадзь Калугін, прызнаўшы Янкелевіча вінаватым у пасярэдніцтве пры перадачы хабару, прызначыў яму чатыры месяцы пазбаўленьня волі.

Але паколькі да суду Янкелевіч правёў гэты тэрмін у ізалятары, то пасьля зачытаньня выраку быў адпушчаны дадому. Гэта ўжо, дарэчы, чацьверты супрацоўнік мэдінстытуту, якога суды (адрозна ад былога рэктара Бандажэўскага і прарэктара Раўкова) адпускаюць з залі судовага паседжаньня на волю.

У апошнім слове перад выракам Юры Янкелевіч прасіў суд улічыць, што ён шкадуе пра ўчыненае, папрасіў зьвярнуць увагу на дрэнны стан ягонага здароўя і, як ён сказаў, актыўнае спрыяньне выкрыцьцю іншых удзельнікаў справы пра хабарніцтва ў мэдінстытуце.

Сапраўды, у 1999 годзе, пасьля таго, як Янкелевіч заявіў сьледзтву, што перадаваў два гады таму Юрыю Бандажэўскаму 7 тысяч даляраў, у тым ліку 1 тысячу сваіх, за паступленьне ў мэдінстытут Вольгі і Алега Ігнатчыкаў, сьледзтва выставіла былому рэктару абвінавачаньне.

Што праўда, на працэсе Бандажэўскага загадчык катэдры Янкелевіч, выступаючы сьведкам, ніяк ня мог успомніць абставіны свайго паходу да рэктара. У другім выпадку Янкелевіч узяў хабар у памеры 5 тысяч даляраў ад пасярэдніка бацькоў абітурыенткі — зноў-такі нібыта для Бандажэўскага, але яму пра гэта нічога не паведаміў.

Цяпер Янкелевіч на волі, а вядомы ў сьвеце навуковец Бандажэўскі атрымаў 8 гадоў турмы. Жонка зарыштаванага прафэсара Бандажэўскага Галіна паведаміла сёньня, што 17 траўня турэмнае начальства дазволіла ёй перадаць мужу пасылку з харчамі й паразмаўляць зь ім па ўнутранай турэмнай сувязі.

Галіна Бандажэўская рэгулярна дасылае мужу ў менскую турму спэцыяльныя навуковыя часопісы — “Архіў паталёгіі”, “Радыяцыйная мэдыцына” ды іншыя, выпісаныя з Расеі. У турэмнай бібліятэцы ніякай навуковай літаратуры няма, і заказаць яе арыштанту таксама немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG