Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДЗЕНЬ ПРАЦЫ АДЗНАЧЫЛІ Ў РОЗНЫХ КРАІНАХ СЬВЕТУ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Найбуйнейшыя першамайскія выступы традыцыйна прайшлі ў Эўропе, Азіі ды Расеі. Трэба адзначыць, што звычайна ў гэты дзень дэманстранты выходзяць на вуліцы не з абстрактнымі патрабаваньнямі, а зь лёзунгамі, найбольш актуальнымі для кожнай краіны.

Напрыклад, у Аўстраліі паліцыя арыштавала дзясяткі маніфэстантаў, якія пратэставалі супраць жорсткага стаўленьня да нелегальных мігрантаў і ўцекачоў, якія шукаюць прытулку ў Аўстраліі. Каля 500 удзельнікаў акцыі пратэсту спрабавалі заблякаваць офісы фірмаў, якія маюць дачыненьне да высылкі ўцекачоў з Аўстраліі.

У Інданэзіі дэманстранты патрабавалі павелічэньня заробку ўдвая і абвяшчэньня 1 траўня непрацоўным днём. У Карэі адбыліся пратэсты, узначаленыя прафсаюзамі, супраць продажу збанкрутаванай карэйскай кампаніі “Daewoo” амэрыканскай карпарацыі “General Motors”. Невыпадкова, што менавіта ў Азіі прайшлі найбольш моцныя выступы працоўных. Пасьля азіяцкага крызысу 1998 году ў рэгіёне беспрацоўе дасягае рэкордных лічбаў, расьце прорва паміж беднымі й багатымі.

У Расеі на афіцыйны мітынг, арганізаваны прафсаюзамі й падтрыманы маскоўскімі ўладамі, сабралася каля 140 тысяч чалавек. У той час як на альтэрнатыўны мітынг камуністоў прыйшло, паводле зьвестак маскоўскай міліцыі, каля 15 тысяч чалавек, хаця самі камуністы сьцьвярджаюць, што ўдзельнікаў было 100 тысяч. Абодва мерапрыемства прайшлі спакойна і без эксцэсаў.

Не такім лагодным і спакойным быў першамай у Эўропе. Першыя сутыкненьні адбыліся яшчэ ўначы ў Нямеччыне. Хуліганы пачалі рабаваць мясцовы супэрмаркет і закідваць камянямі паліцыянтаў, якія зьявіліся на месца здарэньня. На вуліцы Бэрліна сёньня вывелі больш як 5 тысяч паліцыянтаў. У выніку беспарадкаў у розных гарадох Нямеччыны, у якіх бралі ўдзел як крайне левыя, анархісцкія групоўкі, так і нэафашысты, каля 80 паліцыянтаў былі параненыя.

У сталіцы Грэцыі Атэнах першае траўня адзначылі масавымі дэманстрацыямі пратэсту каля амэрыканскай ды ізраільскай амбасадаў. Каля трох тысяч маніфэстантаў заклікалі да міжнароднай салідарнасьці з народам Палестыны.

Аднак найбольш масавыя дэманстрацыі прайшлі сёньня ў Францыі, дзе на вуліцы выйшлі прыхільнікі й праціўнікі крайне правага палітыка Лё Пэна, які прайшоў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Спачатку ў цэнтры францускай сталіцы правялі дэманстрацыю і мітынг каля 10 тысяч прыхільнікаў Лё Пэна (хаця сам Лё Пэн сьцьвярджае, што ўдзельнікаў было 100 тысяч), а потым паводле закліку многіх палітычных партыяў – і правых і левых – некалькі соцень тысяч чалавек выйшлі на антылёпэнаўскую дэманстрацыю. Звыш 4 тысяч паліцэйскіх закліканыя не дапусьціць сутыкненьняў між удзельнікамі гэтых маніфэстацыяў.

І нарэшце, на заканчэньне тэмы кур’ёзная інфармацыя, якая мае дачыненьне да першамаю. У індыйскім горадзе Калькута адбыўся прымеркаваны да гэтага сьвята марш працаўнікоў сфэры сэксуальных паслуг. У ім узялі ўдзел прыблізна 2 тысячы прастытутак і сутэнэраў, якія патрабавалі легалізацыі прастытуцыі ў штаце Заходняя Бэнгалія. “Патрабуем паважаць нашыя правы” – скандавалі прастытуткі, апранутыя ў каляровыя сары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG