Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ КЛІМАЎ. НЕЗАВЕРШАНАЯ ПАРТЫЯ


Ганна Соусь, Менск

Лістапад 1996 году. Авальная заля Вярхоўнага Савету Беларусі. Разглядаецца пытаньне аб імпічмэнце Аляксандру Лукашэнку. Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня трыццаціаднагадовы Андрэй Клімаў у элегантным сьветлым гарнітуры падыходзіць да мікрафону й з імпэтам гаворыць, што ён гатовы асабіста начапіць кайданкі на Лукашэнку...

2002 год. Праз два дні пасьля вяртаньня Андрэя Клімава з-за кратаў я прашу яго дакладна паўтарыць тыя словы. Ён добра памятае іх, але, у адрозьненьне ад 1996 году, зьмяніліся інтанацыі Андрэя.

(Клімаў: ) "Калі няма годных вайскоўцаў у нас у дзяржаве, то я, як былы супрацоўнік пажарнай аховы, старшы лейтэнант, магу ўзяць на сябе місію арыштаваць Лукашэнку за арганізацыю дзяржаўнага перавароту, калі гэткія паўнамоцтвы мне надасьць Вярхоўны Савет".

(Соусь: ) "Гэта была падрыхтаваная ці спантанная фраза? Увогуле, ці ўяўлялі Вы яе наступствы?"

(Клімаў: ) "Не, канешне, тады пераважалі эмоцыі, жаданьне было дакладнае, можа, недакладна сфармуляванае. Трэба было любым чынам спыніць тое, што адбывалася ў той час у краіне. Любым чынам, але ж зразумела, не крывёй".

Імпічмэнт быў правалены. Начапіць кайданкі на Лукашэнку не давялося. І той рэзкі выступ дэпутата-бізнэсоўца стаўся пачаткам палітычнага перасьледу — пільнай праверкі прадпрыемстваў Андрэя Клімава, што цягнулася больш за год, ягонага арышту й чатырохгадовага зьняволеньня.

(Клімаў: ) "Я быў самадастатковай асобай. Я меў свой бізнэс, зарабляў сабе на жыцьцё, плаціў заробкі вялікай колькасьці людзей. Я дакладна ведаў, што буду рабіць сёньня, заўтра, пасьлязаўтра. Лічыў, што ўсё, што рабіў да сёньня, было правільна, і буду надалей усё рабіць правільна. Ужо гэтае дадавала мне ўпэўненасьці. Але, маючы мандат дэпутата Вярхоўнага Савету і дамагаючыся ад дзяржаўнай асобы, да таго ж найвышэйшай, выкананьня законаў, я выконваў закон. Гэта было вынікам майго ўнутранага перакананьня. Знаходзячыся там, я ніякім чынам ня мог зьмірыцца з тым, што найвышэйшая службовая асоба ў нашай дзяржаве, гарант Канстытуцыі парушае яе".

Я стаю ў некалькіх мэтрах ад дома Андрэя Клімава на вуліцы Жукоўскага. У суседнім доме раней жыла сям'я Юр'я Захаранкі, іхныя пазавешваныя вокны мне добра бачныя адсюль. А калі зірнуць у другі бок, то праглядаецца дарога, па якой Захаранка 8 траўня 1999 году не дайшоў дадому. Дарэчы, былы міністар ставіў сваю машыну на стаянку ў пажарнай частцы, дзе больш за дзесяць гадоў таму працаваў начальнікам каравула Андрэй Клімаў. Да гэткага перапляценьня лёсаў і месцаў дадам яшчэ адную дэталь. З гэтага месца, дзе я цяпер стаю, 11 лютага 1998 года распачаліся турэмныя ўнівэрсытэты Андрэя Клімава. Ягоная жонка Тацяна добра памятае той дзень.

(Леановіч: ) "Раніцай мы выйшлі разам зь ім на працу. Тым разам не было машыны, каб даехаць, і мы пайшлі пехам на мэтро. Выйшлі з пад'езду, зайшлі за рог дому, і там ужо нас чакала машына, нейкія цывільныя "Жыгулі". Адтуль выйшлі чатыры чалавекі, схапілі нас пад рукі й запіхнулі ў гэтую машыну. Яны сказалі так: "Ну што, Андрэй Яўгенавіч, што, вы ня ведаеце? Чаго ламаецеся?” Адвезьлі нас да ўчастку, мяне пакінулі ў калідоры хадзіць туды-сюды, а Андрэй гэтым часам зьнік за дзьвярыма".

Тацяна ўбачыла мужа толькі празь некалькі месяцаў у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Адметна, што за некалькі дзён да арышту маці Андрэя Ала Клімава гадала на картах. Тады Андрэю выпаў казённы дом...

Да таго, як Андрэй Клімаў трапіў у казённы дом, ён будаваў дамы для людзей — элітныя, прыгожыя, зусім не падобныя да таго шараговага панэльнага дома, дзе ён жыве цяпер. Сярод ягоных аб'ектаў — каля трыццаці катэджаў вакол Менску, якія праектавалі лепшыя беларускія архітэктары, гарадок на замову фірмы "Пушэ", будынак для прадстаўніцтва "Кока-Колы" ў Калядзічах. Дарэчы, увесь прыбытак ад гэтага аб'екту пайшоў на будаўніцтва вядомага дома на Лодачнай. Працягвае Тацяна Леановіч:

(Леановіч: ) "У яго было чуцьцё — самыя вялікія прыбыткі даюць апэрацыі зь нерухомасьцю й будаўніцтвам. Ён гэта зразумеў інстынктыўна і пачаў ўкладаць усе сродкі ў будаўнічую тэхніку, у будаўнічыя кадры. Шмат людзей, інжынэраў, у тым ліку інжынэраў-будаўнікоў атрымлівалі тады жабрацкія аклады ў розных СМУ, РСУ, будаўнічых трэстах. І калі ім прапанавалі нармальныя грошы, далі самастойнасьць, людзі вельмі добра працавалі. Андрэй — не скупы, ён даваў магчымасьць людзям зарабіць. Я лічу гэта асноўным прынцыпам капіталізму, каб людзі ўдзельнічалі ў прыбытках прадпрыемства".

Для прыкладу. Муляры ў Андрэя Клімава атрымлівалі каля 500 даляраў штомесяц. Калі прадпрымальніка арыштавалі, сярод недабудаваных аб'ектаў ягонай фірмы быў дом насупраць "Паркінгу", што побач з Камароўскім рынкам. Доўгі час ніхто не хацеў брацца за працяг будаўніцтва, але калі нарэшце яно было адноўленае, сярод будаўнікоў засталіся муляры, якія працавалі на Клімава. І вось якім чынам яны выказалі сваю ўдзячнасьць і павагу да былога гаспадара — выклалі каменямі на доме зьнізу ўверх вялікімі літарамі імя "Андрэй".

(Музыка)

Гэта музыка Эніё Марыконэ з улюбёнага фільма Андрэя Клімава "Прафэсіянал", дзе галоўную ролю выконвае францускі актор Жан-Поль Бэльмандо. Пэрсанаж Бэльмандо абраў экстрэмальнае жыцьцё, увесь час рызыкуе, змагаецца з сыстэмай, якая мацнейшая за яго, часам перамагае яе, і галоўнае — ніколі ня здраджвае самому сабе...

Людзі, якія добра ведаюць Андрэя Клімава, кажуць, што ён невыпадкова абраў у юнацтве прафэсію пажарнага — ужо тады ён прагнуў “экстрыму”. Хаця былі й іншыя прычыны, каб паступаць у Львоўскую пажарную вучэльню — гэткім чынам тады можна было засьцерагчыся ад службы ў Афганістане.

Клімаў вылучаўся, хацеў быць ва ўсім першым — меў тагачасную ленінскую стыпэндыю, быў камсоргам вучэльні. Потым была праца пажарным інспэктарам, работа ў міністэрстве ў аддзеле прапаганды. І нарэшце — лета 1991 году, калі 26-гадовы Андрэй вырашыў заснаваць сваю фірму.

(Леановіч: ) "Я была сьведкам ягонага радыкальнага рашэньня ў жыцьці.Звольніцца зь міністэрства, дзе людзі нядрэнна сябе адчувалі, і пайсьці ў прадпрымальнікі... 26 лістапада ён зарэгістраваў прадпрыемства, да таго ж з такой назвай, аналягаў якой ніколі не было "Малое прадпрыемства Андрэя Клімава". Я думала, што будзе нейкі "Арыён" ці "Арыядна", і так зьдзівілася. Яшчэ раз упэўнілася, які ён незвычайны. Нейкая генная цяга да дынастыяў прамыслоўцаў, купцоў і туга па продках. Потым ужо мне Андрэй распавядаў, што ягоныя продкі — буйныя ўкраінскія капіталісты, і гарадзкая радзільня ў Сумах — гэта іхны былы маёнтак. Генэтычная памяць шмат што тлумачыць у Андрэі".

Андрэй Клімаў не хавае эмоцыяў, калі гаворыць пра свой былы бізнэс.

(Клімаў: ) "Самае галоўнае, што я меў — гэта ўласнае прадпрыемства. Нічым у жыцьці я так не ганарыўся, ніколі не атрымліваў такой асалоды, як ад уласнай справы. Вось гэтае было для мяне самым галоўным. Зьмянілася прадпрыемства — зараз гэта палітыка, гэта мае аднадумцы, калегі па Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Зараз я адшукаў сабе месца на больш шырокай арэне ў маштабах усёй Беларусі. Чаго мне шкадаваць? Я атрымаў тое, да чаго імкнуўся. Проста прадпрыемства зьмянілася, але я па-ранейшаму застаўся пры працы”.

Анатоль Лябедзька, калега Андрэя па Аб'яднанай грамадзянскай партыі, мяркуе, што Клімаў ад нараджэньня больш схільны да грамадзка-палітычнай дзейнасьці, чым да якой іншай.

(Лябедзька: ) "Ён азартны чалавек, і калі гуляе, то робіць вялікія стаўкі. Клімаў разумее, што выйграць можна толькі тады, калі нечым рызыкуеш і нечым ахвяруеш. Мы ня раз гулялі ў футбол, і мне падабаецца ягоны стыль — ён гуляе заўсёды на перамогу".

Калі я сустракалася з Андрэем Клімавам празь некалькі дзён пасьля вяртаньня з калёніі, ён пажартаваў, гаворачы пра свой гарнітур: "Бачыце, давялося пэўным чынам падкласьці нагавіцы — схуднеў за чатыры гады зьняволеньня". Гарнітур на Клімаве быў яшчэ з таго, датурэмнага жыцця — дарагі й якасны.

Дарэчы, паводле атрыбутаў у часе росквіту свайго бізнэсу Андрэй Клімаў адпавядаў вобразу “новага беларуса”. Мог раптам паехаць у Маскву, толькі каб патанчыць на дыскатэцы "Мяцеліца", набываў вопратку ў дарагіх бутыках, меў пяцісоты "Мэрсэдэс" і джып, мабільны тэлефон, хадзіў у найлепшыя рэстарацыі. Але гэта ўсё ў мінулым. Калі Андрэй гаворыць пра тое, што забрала ў яго турма, пра гэтае ён проста ня ўзгадвае.

(Клімаў: ) "Турма забрала чатыры гады ў маёй сям'і, турма забрала чатыры гады ў тых людзей, якім я быў патрэбны. Мне было вельмі балюча ўсьведамляць, што пасьля арышту маё прадпрыемства зачынілі, і многія людзі, якія мне верылі й разьлічвалі на маю дапамогу, апынуліся бяз сродкаў для існаваньня. Падсумоўваючы гэтыя чатыры гады, я магу з упэўненасьцю сказаць, што турма зрабіла зь мяне тое, да чаго я імкнуўся даўно. Турма пазбавіла мяне напускной важнасьці. Я зразумеў, што чалавек ёсьць такім, які ён ёсьць. Я дакладна цяпер уяўляю, што Лукашэнка й існуючы рэжым вельмі моцныя. Моцныя бязьмерна. Але я выдатна ведаю яго слабіні. З-за кратаў, з зоны яны вельмі добра бачныя".

Андрэй узгадвае эвалюцыю сваіх пачуцьцяў за кратамі.

(Клімаў: ) "Я павінен прызнацца, што я ня вельмі моцны чалавек, я павінен прызнаць, што я звычайны чалавек, і мне ўласьцівыя слабасьці. У той жа час я зразумеў, што я нармальны чалавек, таму што нармальны чалавек ня можа зьмірыцца з тым, што яго гвалтоўна пазбавілі волі. Спачатку страх, зямля ўходзіць з-пад ног, ты не разумееш, што адбываецца, ты забываеш, хто ты. Вось гэтае самае страшнае. Потым ты кажаш сабе, што напэўна гэта ўжо ўсё — пра цябе ўсе забыліся. За кратамі былі створаныя такія ўмовы, каб я гэта адчуваў. Ты думаеш, што пражыў жыцьцё дарма й няма ніякай пэрспэктывы. Напэўна, гэта нармальная перабудова арганізму. Ты проста павінен ацаніць сытуацыю такім чынам, каб адшукаць сваё месца ў новай сыстэме каардынат. Зразумець ня толькі розумам, але й фізычна адчуць, што ты нечага ўжо ня проста ня можаш, а й не павінен жадаць. Але нешта ты па-ранейшаму павінен рабіць, і гэтае нешта я бы назваў захаваньнем інтэлекту".

І тады Андрэй Клімаў папрасіў, каб яму перадалі шахматы.

(Клімаў: ) "Я абклаўся шахматнымі падручнікамі, я перагуляў з усімі сукамэрнікамі, я гуляў сам з сабой. Толькі б не заснуць, толькі б ня даць свайму мозгу атрафавацца. Я стаў вырашаць самыя невырашальныя задачы — спрабаваў чытаць Галсўорсі "Сагу пра Фарсайтаў" у арыгінале. Я ламаў сябе. Я дайшоў да таго, што гэты Галсўорсі мне ўжо ўначы сьніўся. Калі я не магу вырашыць праблему цалкам, пазбавіцца ізаляцыі, значыцца, я павінен прымусіць свой мозг думаць. Вось проста так. Можа з гэтай прычыны я ўжо пазьней заняўся вышэйшай матэматыкай. Многія думалі, што з глузду зьехаў. Аднак, вывучаючы, прыкладам, тэарэму Бальсана ці Вэерштрасэ, ці ламаючы галаву над інтэгралам Рымана, я выдатна разумеў — мне ён не спатрэбіцца. Але я паставіў перад сабой мэту — разабрацца. Колькі на гэта пойдзе — дзень, два, год, тры... Галоўнае, каб галава была забітая. Вось гэтае й дапамагло".

(Соусь: ) "А якая была вашая апошняя кніга ў турме?"

(Клімаў: ) "Шахматныя партыі матчу-рэваншу на першынство сьвету Каспарава й Карпава".

Акрамя ангельскай, Андрэй Клімаў вывучаў за кратамі нямецкую й гішпанскую мовы. Турэмнае кіраўніцтва дазволіла Клімаву мець уласную кніжную паліцу. Звычайна там было каля 50 кніг, але яны ўвесь час мяняліся. І газэты, шмат газэтаў, у якіх часам можна было прачытаць, што пішуць пра яго журналісты. Бадай, самым актыўным аўтарам быў Валеры Шчукін, ягоны калега па Вярхоўным Савеце, калісьці адзін з апанэнтаў Клімава. Бо, як распавядаў Валеры Шчукін, ён пайшоў у дэпутаты абараняць правы рабочых, а Клімаў для яго быў яскравым прадстаўніком капіталістычнага сьвету эксплюататараў.

(Шчукін: ) "Мы зь ім пасябравалі ўжо напрыканцы, калі справа падышла да імпічмэнту, калі я зразумеў, што пры Лукашэнку я ня здолею рэалізаваць свае сацыялістычныя ідэі, а Клімаў ня можа рэалізаваць свае капіталістычныя. І тады й я, і ён аказаліся ў адной камісіі ў справе дасьледаваньня антыканстытуцыйных дзеяньняў Лукашэнкі. Я напісаў больш за 60 артыкулаў пра Клімава за чатыры гады. У тым ліку адседзеў 10 сутак за яго... Калі я па праспэкце ішоў з плякатам "Свабоду дэпутату Клімаву".

Калі 25 сакавіка Андрэй Клімаў выходзіў праз галоўную браму калёніі на свабоду, другім чалавекам, якога ён абняў, быў Валеры Шчукін. А першым, безумоўна, была жонка Тацяна.

(Клімаў: ) "Дзеля сваёй жонкі я гатовы на ўсё — нават жыцьцё аддаць".

Калі я прыходзіла ў госьці да Тацяны Леановіч, калі яшчэ Андрэй быў у турме, яна частавала мяне печывам і яблычнам пірагом уласнага прыгатаваньня (дарэчы, шарлётку яна неаднойчы перадавала мужу за краты). Зразумела, што на нейкія больш дарагія пачастункі ў Тацяны проста не хапала грошай.

Тацяна й Андрэй пазнаёміліся больш за дзесяць гадоў таму — на тэнісным корце. Да гэтага ў кожнага зь іх было сваё жыцьцё. У Андрэя — сын, у Тацяны — дачка. Потым было каханьне. І нараджэньне 27 лістапада 1994 году дачкі Лены. Тацяна жартуе, што яна наўмысна зацягнула роды, каб яны не супалі з 26 лістапада, днём заснаваньня "Малога прадпрыемства Андрэя Клімава", якое ўвесь час вельмі ўрачыста адзначалася. Тацяна працавала ў свой час на адным з прадпрыемстваў Андрэя Клімава. Паводле яе, мужа зацягнула ў палітыку газэта, якую ён стаў выдаваць. Тацяна дагэтуль памятае выбары ў Вярхоўны Савет і тое, якім чынам Андрэй здолеў дасягнуць перамогі.

(Леановіч: ) "Калі вырашаўся лёс у другім туры, ён кінуў усе справы, і ўсе дзесяць дзён хадзіў па кватэрах. Ён наведаў практычна ўсе кватэры й пагаварыў з усімі, хто быў дома. І пасьля асабістых стасункаў людзі прагаласавалі за яго. Ён падняў тады самую інэртную масу — жонак прадпрымальнікаў сярэдняга ўзроўню. Як цяпер памятаю, як у нас на выбарчыя ўчасткі ішлі жанчыны ў прыгожых футрах галасаваць за Андрэя".

Тацяна Леановіч узгадала "Газэту Андрэя Клімава", якую той пачаў выдаваць напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Газэта выклікала тады неадназначныя пачуцьці, як з боку ўлады, так і тагачаснай апазыцыі. Па-рознаму ацэньвалі Клімава й ягоныя падначаленыя. Узгадвае журналіст "Комсомольской правды" Сяргей Маліноўскі:

(Маліноўскі: ) "Некалькі дзён таму я сустрэў Андрэя Клімава ў рэдакцыі нашай газэты "Комсомольская правда" і быў прыемна зьдзіўлены пераменамі, якія адбыліся зь ім у турме. Ён і сам прызнаў, што навучыўся цярпімасьці й стаў лепш ставіцца да людзей. Але я памятаю яго зусім іншым, яшчэ калі мы працавалі ў "Газэце Андрэя Клімава". Я ўдзельнічаў у стварэньні першых трох нумароў, якія, я лічу, і стварылі станоўчы імідж выданьня. Мне здаецца, Клімаў наагул нічога не разумеў у журналістыцы і таму больш нагадваў пана, які дзеля капрызу вырашыў стварыць нешта накшталт прыгоннага тэатру.

Пілётны нумар газэты рыхтаваўся ў рэдакцыі газэты "Знамя Юности". Мы расклалі па сталах старонкі будучай газэты й чакалі яго. Ён прыехаў, пакалупаўся ў носе й сказаў: "Ну нічога, хлопцы, нічога”. Вось гэткім быў ягоны ўдзел у першым нумары.

Ён часам даваў даволі дзіўныя даручэньні. Напрыклад, прапаноўваў даць пару тысяч даляраў якому-небудзь кагэбэшніку, каб той выдаў кампрамат на кагосьці з палітыкаў. Мне падалося, што на той час яму было ўсё роўна на каго — правых ці левых. Яму проста хацелася, каб яго заўважылі, каб зь ім лічыліся".

Ня вер, ня бойся, не прасі. Гэтую формулу турэмнага сьвету засвойвалі многія вядомыя людзі, трапіўшы за краты. Яны лічылі, што калі яе прытрымлівацца, можна больш-менш беспраблемна адбыць свой тэрмін. Андрэй Клімаў не прыняў турэмную формулу "Ня вер, ня бойся, не прасі".

(Клімаў: ) "Турма — гэта ня толькі сьцены, турма — гэта людзі. За кратамі ёсьць шмат нармальных людзей. Разумнага чалавека турма раскрывае, дапамагае выявіць найлепшыя якасьці. Гэтаксама яна дазваляе адразу пабачыць мярзотніка. Таму — як гэта ня верыць? Выдатную фразу я чуў у амэрыканскім фільме "Каляды на 38-й вуліцы ў Нью-Ёрку", якую сказаў адзін сьвятар: "Чалавек, які ня верыць людзям на слова, пражыве свае жыцьцё ў сумневах". І гэтым усё сказана — людзям трэба верыць. Таму што, калі ня верыць нікому, ты дойдзеш да таго, што ня будзеш верыць сабе, у сябе".

Ішэмічная хвароба сэрца й дыябэт у 36-гадовага мужчыны — гэта толькі фізычныя наступствы чатырохгадовага зьняволеньня. Цукровы дыябэт стаўся наступствам жорсткага зьбіцьця, калі Клімаў знаходзіўся на Валадарцы.

Усё пачалося з таго, што ў часе судовага паседжаньня ўзьнікла спрэчка паміж Клімавым і судзьдзёй Верай Тупік. Яна не дазволіла Андрэю падаць хадайніцтва, а потым і ўвогуле выдаліла з судовай залі, сказаўшы, што гэта — да канца паседжаньня. Наступным днём Клімаў адмовіўся ехаць у суд і патрабаваў, каб яму прынесьлі адпаведную паперу з пацьверджаньнем ягонага вяртаньня ў судовую залю. У выніку Клімава жорстка зьбілі ў камэры й прымусам прывезьлі ў суд. Калі судзьдзя Вера Тупік убачыла акрываўленага Клімава, яна выклікала "хуткую дапамогу". Лекары патрабавалі неадкладнай шпіталізацыі, але Клімава вярнулі ў ягоную камэру на Валадарцы і там проста кінулі.

(Песьня "Завіруха")

"Завіруха" ў выкананьні Аляксандра Ціхановіча і Ядзьвігі Паплаўскай неаднойчы гучала ў сьценах калёніі ўзмоцненага рэжыму УЖ 15/1. Андрэй Клімаў неаднойчы казаў, што за гады зьняволеньня не згубіў амаль ніводнага сябра. Аляксандар Ціхановіч і Ядзьвіга Паплаўская з гэтых шэрагаў. Артысты, звонку ляяльныя да лукашэнкавага рэжыму, не пабаяліся наведаць у калёніі апазыцыйнага палітыка.

Пачатак дзевяностых. У Менску праходзіць чэмпіянат сьвету па дзюдо. У рэстарацыі "Юбілейнай" за адным столікам аказаліся бізнэсовец Андрэй Клімаў і Ядзьвіга Паплаўская з Аляксандрам Ціхановічам. Выпадковае знаёмства перарасло ў сапраўднае сяброўства. Узгадвае Аляксандар Ціхановіч:

(Ціхановіч: ) "Ён праводзіў тады конкурс на стварэньне айчыннага аўтамабілю. У той час у нас была праграма "Поп-ТВ", і сумесна зь ім мы рабілі заключны тур конкурсу. Усе канкурсанты, якія атрымалі адзнакі ад журы, сабраліся ў студыі, і мы зрабілі шоў з нашымі беларускімі артыстамі. Ён падтрымліваў нашую праграму, і падтрымліваў нас на тэлебачаньні, калі выступленьні па расейскім тэлебачаньні сталі платнымі.

Мы зь ім сябры. А сяброўства, гэта ж ня толькі калі добра, а й калі нядобра. У жыцьці кожнага ёсьць моманты, калі трэба выбіраць. Калі цяжка было нам, тады Андрэй нам вельмі дапамагаў, дапамагаў і матэрыяльна, і па-чалавечы. І ня толькі нам, але й маладым выканаўцам".

Андрэй Клімаў вяртаецца ў публічную палітыку. Дакладней кажучы, ён адтуль і не сыходзіў, бо патрабаваньне аб вызваленьні Клімава было адным з галоўных чыньнікаў у, так бы мовіць, палітычнай гульні альбо палітычным гандлю Лукашэнкі зь міжнароднай супольнасьцю.

Адметная рэч. Калі Андрэй Клімаў, толькі вярнуўшыся з-за кратаў, наведаў офіс менскага бюро Радыё Свабода, журналісты прапанавалі яму паглядзець касэту "Апошні дыктатар Эўропы", зробленую актывістамі руху "Зубр". Андрэй адмовіўся глядзець кадры з Аляксандрам Лукашэнкам. Дарэчы, помсьціць яму ён не зьбіраецца. У палітыка Андрэя Клімава іншая задача — аднаўленьне справядлівасьці.

(Клімаў: ) "Людзі прыходзяць у палітыку з розных прычынаў. Самая ідэальная сытуацыя, калі чалавек прыходзіць з чыстымі намерамі — каб дасягнуць справядлівасьці. Не ў дачыненьні да сябе, а ў дачыненьні да акаляючага яго сьвету, людзей. Калі дрэсіроўшчык уваходзіць у клетку зь ільвамі, ён добра разумее, што ён — толькі дрэсіроўшчык, і ён уваходзіць у клетку са львамі. Я спрабаваў увайсьці ў клетку, у адзіную прастору для высьвятленьня адносінаў на палітычнай арэне са сваімі супернікамі. Але я нават ня меў з сабой пугі. Я думаў, што са мной будуць абыходзіцца цывілізавана. Але ў драпежнікаў зусім іншыя падыходы для доказу сваёй сілы. А ў мяне былі другія падыходы.

Зьмянілася што-небудзь? А нічога не зьмянілася. Я па-ранейшаму лічу, што месца драпежніку альбо ў глухім лесе, дзе ён ня будзе трывожыць людзей, альбо — у клетцы. Неабавязкова гэта трэба разглядаць як аналёгію з "зонай". Не, для нашых драпежнікаў ад палітыкі, якія цяпер кіруюць краінай, клеткай зьяўляюцца законы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG