Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЛЕСЬСЕ


Ігар Карней, Вячаслаў Ракіцкі, Залесьсе

(Карней: ) "Мы блукаем па былым фальварку Міхала Клеафаса Агінскага і, здаецца, кожнае дрэва ў францускім ды ангельскім парках, якое напэўна памятае свайго геніяльнага гаспадара, грае выбітны палянэз "ля-мінор". Той самы палянэз, які зрабіў мястэчка Залесьсе, што на паўдарозе паміж Маладэчнам і Смаргоньню, знакамітым на ўвесь сьвет”.

(Ракіцкі: ) "Ва ўсіх музычных энцыкляпэдыях сьвету абавязкова ёсьць згадка пра Залесьсе, пра беларускія Паўночныя Атэны. На шчасьце, ляндшафт ушчэнт яшчэ не зруйнаваны, і таму можна дадумаць, дафантазаваць, якім шыкоўным быў паркавы ансамбль. Тым болей, калі прачытаць паэму Леанарда Ходзькі ці палюбавацца ягонай гравюрай. Камяні памяці Касьцюшкі і настаўніка кампазытара — Жана Ралея, капліца, млын, сажалка, палац у выглядзе лацінскай літары “L” з чатырма вежамі...”

(Карней: ) "Заплюшчваеш вочы, і ўяўляеш, як зьяжджаюцца знакамітыя госьці ня меней знакамітага кампазытара і дыплямата Агінскага. Расплюшчваеш — і бачыш аблуплены, з забітымі дошкамі вокнамі будынак, ральлю на месцы ангельскіх траўнікаў. І нікому ў краіне няма справы да гэтых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, апрача двох асобаў — дырэктара Ўладзімера Ліхоты і навуковага супрацоўніка Сяргея Верамейчыка, якія і ёсьць увесь штат гэтага нібыта музэю”.

(Ракіцкі: ) "Прынамсі, яны сочаць, каб тое, што яшчэ засталося ад маёнтка, не расьцягнулі на дровы, час ад часу ладзяць экскурсіі для тых, каму патрэбная гісторыя краіны, арганізоўваюць сьвяты Агінскага, падчас якіх госьці Залесься чысьцяць тэрыторыю парку. Дырэктар, які водзіць нас сьцежкамі Міхала Клеафаса, безь вялікага аптымізму гаворыць пра пэрспэктывы аднаўленьня паркава-палацавага комплексу”.

(Ліхота: ) “Спадзяваньні на дзяржаву і той Камітэт рэстаўрацыі марныя. Рэльным можа быць толькі прыцягненьне інвэстараў. Напэўна, перш за ўсё замежных. Але для гэтага нават заканадаўчай базы няма ў краіне. Мы падалі заяўку на стварэньне грамадзкага аб'яднаньня. Гэта будзе арганізацыя, якая будзе зьбіраць сродкі на дабраўпарадкаваньне сядзібы”.

(Ракіцкі: ) "Ці бачыцца вам будучыня Залесься як турыстычнага цэнтру?”

(Ліхота: ) "Так, але толькі пасьля таго, як маёнтак ажыве...”

(Карней: ) "А побач, у мястэчку Залесьсе, паўтары тысячы яго жыхароў жывуць сваім звычайным жыцьцём, у якім сёньня хапае праблемаў і без Агінскага”.

(Ракіцкі: ) "Дваццаць першае стагодзьдзе. Людзі жывуць з натуральнай гаспадаркі: вырабілі прадукт — прадалі — купілі хлеб, вопратку, штосьці ў хату. У калгасе імя Леніна заробкі зусім нікчэмныя. Да таго ж у гэтым годзе не выплачваліся ні разу. Трэба выжываць, а для карэнных жыхароў Залесься важна ня проста выжыць, выжыць — годна. Пракарміць і сябе, і сваіх гарадзкіх дзяцей, якія пазьяжджалі, бо ў Залесьсі няма працы. Тут амаль кожны мае прынамсі гектар зямлі. Нягледзячы на адсутнасьць тэхнікі, яны яе апрацоўваюць, а вось прадаць сваю прадукцыю цяжка: ні раёну, ні калгасу яна нібыта не патрэбная”.

(Карней: ) "На вуліцы Акцябарскай вельмі прыстойныя дамы, з надворнымі пабудовамі ў традыцыях дасавецкага часу. Асобныя хлявы для сьвіньняў, кароў, авечак, пуні для сена, скляпеньні, летнія кухні.Набліжаўся Вялікдзень, пра што сьведчылі дзясяткі тонкіх і тоўстых каўбасаў, вялізныя кумпякі, паляндвіцы. Ня толькі ў нас (цяперашніх гараджанаў, чыё дзяцінства прайшло ў падобных да Залесься заходне-беларускіх мястэчках) цякуць сьлінкі; ад паху аж заходзіцца на панадворку сабака”.

(Ракіцкі: ) "Які чысты двор! Вісяць, сушацца каўбасы. Я налічыў шаснаццаць тонкіх, пяць тоўстых, паляндвічка... А яшчэ што ў вас будзе?”

(Спадарыня Зінаіда: ) "Кумпячкоў яшчэ будзе восем, такіх вось скрутачкаў...”

(Ракіцкі: ) "Заходзім у дом. І хоць пост яшчэ ня скончыўся, мы частуемся гэтымі смакотамі і гутарым пра жыцьцё-быцьцё з гаспадыняй Зінаідай. А ваша вуліца калі была пабудаваная?”

(Спадарыня Зінаіда: ) “У семдзесят трэцім годзе мы пераходзілі, і я нават назву давала: таму што на "акцябарскія" пераходзілі. Проста да гэтага сьвята. Ведаеце ж, як тады гэта было: усё рабілася да сьвята..."

(Ракіцкі: ) "Каго больш зараз у Залесьсі — маладых ці старэйшых?”

(Спадарыня Зінаіда: ) "Старэе вёска, старэе. Няма тут нейкай працы. Бог яго ведае, куды разбрыдаецца моладзь, па гарадох...”

(Ракіцкі: ) "А дамы людзі прадаюць?”

(Спадарыня Зінаіда: ) "Прадаюць, і за нішто прадаюць. Побач з намі тут добры дом ёсьць, і два вакны, такія венскія, як у нас завуць, такія вялікія... Шэсьцьсот даляраў просяць. І ніхто не дае тых шасьцісот даляраў”.

(Ракіцкі: ) "А якія тут заробкі, у калгасе?”

(Спадарыня Зінаіда: ) "Зарабляюць?.. Яшчэ за сьнежань не плацілі. Ужо й мэханізатарам мала плоцяць. Няма таго, што раней было...Што там плацяць за прадукцыю? Вось вазьміце мінэральную вадзічку. Гэта — 600–700 рублёў. А за літар малака нам плацяць 180 рублёў. І гэта пры тлустасьці 3,4%”.

(Карней: ) "Вуліца Акцябарская ў вясновых клопатах. Людзі на ўласных матаблёках (вытворчасьці Смаргонскага агрэгатнага заводу) развозяць гной, старанна вычышчаюць панадворкі. Разгаварыліся са спадаром Сяргеем. І разумеем: тое, што людзі маюць, гэта насуперак рэальнасьці і толькі дзякуючы іхнаму, на генным узроўні, працалюбству”.

(Спадар Сяргей: ) “Няма ўгнаеньняў. Нідзе не даюць: ні на базе, ні па разнарадцы, ні ў сельгасхіміі. Азотных няма, мачавіны няма, сялітры таксама няма. Кажуць, што дзесьці там у Шчучынскім раёне завезьлі, можна ехаць, купляць. Фэрмэра папросім, зьбяром грошы, і ён прывязе на ўсю вуліцу”.

(Ракіцкі: ) "Добра жывяце з фэрмэрам?”

(Спадар Сяргей: ) "Добра, вядома, добра”.

(Ракіцкі: ) "Зайздрасьці ў людзей няма, што ў яго і дом большы, і багацейшы, напэўна...”

(Спадар Сяргей: ) "Затое ён і болей працуе”.

(Карней: ) "А вы не хацелі б пайсьці ягоным шляхам, таксама заняцца фэрмэрствам?”

(Спадар Сяргей: ) "Ён у час пачаў, тады было лягчэй. Цяпер цяжэй: тэхніка дарагая, і цяжка прыдбаць яе. А тады можна было ў калгасе купіць таньней. Прадавалі свабодна сьпісаную тэхніку, а цяпер жа нічога не прадаюць. А купі новы трактар... Колькі ён каштуе? Дзесяць тысяч даляраў. А дзе іх узяць?”

(Ракіцкі: ) "Дом адзінага ў Залесьсі фэрмэра Ёсіфа Андрыцы — акурат насупраць дома Сяргея. Сядзіба, годная сапраўднага гаспадара. Мы не змаглі зь ім сустрэцца; ён быў дзесьці ў полі. Пагаварылі зь ягонай жонкай. Яна распавяла пра тое, як нялёгка сёньня ім здабываць той хлеб на 35 гектарах зямлі: пры нізкіх закупачных коштах на прадукцыю і несувымерна высокіх за насеньне, угнаеньні, паліва. Але гаварыць у мікрафон катэгарычна адмовілася”.

(Карней: ) "Крамы ў мястэчку пустыя. У Залесьсі іх некалькі: харчовая, прамысловых тавараў, нават кнігарня. Але пакупнікоў там няма. Людзі маюць вельмі сьціплыя заробкі, і таму ім не па кішэні плаціць даражэй за той жа тавар, які можна купіць на маладэчанскім ці смургонскім кірмашах нашмат таньней. Прыкладам, у залескай краме за кіляграм грэчкі трэба заплаціць каля 800 рублёў, а ў Маладэчне — 520. І тут залесцы ў вельмі выгодным стане: у Залесьсі амаль кожную гадзіну спыняюцца аўтобусы ды цягнікі, якімі можна даехаць, куды заўгодна — ў Маладэчна, Смургоні, Менск і нават Вільню”.

(Cпадар Анатоль: ) “Мы езьдзім на кірмаш і ў Маладэчна, і ў Смаргонь. Але ў Смаргонь цяпер спрытней, і цягнікі туды болей ходзяць. Квіток на аўтобус цяпер да Смаргоні — 360 рублёў. А цягніком — 160”.

(Карней: ) "Дык больш выгодна зьезьдзіць у горад па харчаваньне, чым тут купляць?”

(Спадар Анатоль: ) "Вядома, лепей. На кірмашы ўсё таньнейшае. І ўсё ёсьць. І мяса таньнейшае, і селядзец. Тут дзьве тысячы, а там тысяча. У два разы таньней”.

(Ракіцкі: ) “Як і паўсюль сёньня, у Залесьсі людзі прыстасоўваюцца да гэтага жыцьця. Адны, назавем іх гаспадарамі, дбаюць пра сапраўдны дабрабыт. Іншыя — пра тое, як пражыць хоць бы адзін дзень. І ўсе пры пэўных намаганьнях свайго дасягаюць. На той жа вуліцы Акцябарскай швэндаюцца два мужчыны невыразнага ўзросту, але выразнага выгляду. Заглядалі ў панадворкі: а раптам каму й спатрэбяцца?”

(Людзі нападпітку: ) “Людзі — во! Праз кожны дом ідзі й знойдзеш працу”.

(Карней: ) "Дык а плацяць чым — гарэлкай ці самагонам?”

(Людзі нападпітку: ) "Грашыма, а калі ёсьць жаданьне "ўмазаць", дык бяры гарэлкай. Стаўка тая ж. Кабана паклаў — вось табе і грудзінка, і адрэжуць, і нарэжуць”.

(Карней: ) "І галодным ня будзеш...”

(Людзі нападпітку: ) "Не. Кожны тыдзень аднаго кабана кладзем”.

(Ракіцкі: ) "А лёгка самагонку ў Залесьсі купіць?”

(Людзі нападпітку: ) "Няма праблемаў!”

(Ракіцкі: ) "І колькі за бутэльку?”

(Людзі нападпітку: ) "Рубель! Папіліў, пасек — няма праблемаў...”

(Карней: ) "П’янства — таксама рэалія сёньняшняга Залесься. Гэта тое, што сюды прынесьлі шэсьць дзясяткаў гадоў таму бальшавікі. Апошнімі гадамі яно расквітнела. А вынік мовай лічбаў давяла нам сакратарка Залескага сельсавету Вера Казлоўская”.

(Ракіцкі: ) "Паміраюць людзі?”

(Казлоўская: ) “Ой, яшчэ як... Маладыя. Раней мы пісалі прычыну сьмерці — "па старасьці". А цяпер ад гарэлкі паміраюць”.

(Ракіцкі: ) "І ў якім прыкладна ўзросьце?”

(Казлоўская: ) "Да пяцідзесяці”.

(Ракіцкі: ) "І даўно гэта пачалося?”

(Казлоўская: ) "Апошнімі гадамі. Летась у нас было 107 сьмерцяў. Гэта ўжо рэкордам лічыцца. У 2000 годзе было 87. І ўжо сёлета — 25, за няпоўныя тры месяцы”.

(Карней: ) "Гэта пераважна мужчыны, ці жанчыны?”

(Казлоўская: ) "Мужчыны... А нараджальнасьці няма. Вясельле сёлета толькі адно было: мой унук сёлета быў у лютым толькі другім запісаны”.

(Ракіцкі: ) "Але ня толькі думкай пра хлеб жывуць людзі ў Залесьсі. Іх хвалюе і стан роднай мовы, якой, дарэчы, гавораць усе без вынятку. І незалежнасьць краіны, і дэмакратыя. Натуральна, што найлепш гэта адчуваюць і фармулююць мясцовыя інтэлігенты. Мы ў гасьцёх у настаўнікаў-пэнсіянэраў Мікалая і Ларысы Ракаў”.

(Ларыса Рак: ) “На вёсцы беларуская мова яшчэ ня так загнаная. А ў гарадох... Вунь ужо і Смургоні такія. Едуць нашы на працу ў Маладэчна. Прыпынак Заскавічы, затым — Пруды... І сьмяюцца так у народзе, але гэта, напэўна, праўда: нашы садзяцца ў Залесьсі і да Заскавічаў яшчэ гавораць па-беларуску, да першага прыпынку, як пераедуюць першы прыпынак, ужо па-руску пачынаюць гаварыць. Значыць, ня хочуць быць беларусамі. Усе хочуць быць рускімі. Гэта ім падаецца лепей. Ну і што зробіш зь імі: так пастаўленае пытаньне ў краіне — дзьве мовы, што хто хоча, той тое і рабі”.

(Мікалай Рак: ) "Болей гадзінаў у школах трэба даваць на беларускую мову. капітальна каб было”.

(Ларыса Рак: ) "Ня толькі. Трэба, каб усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Нам усім сорамна, што ў Беларусі няма вышэйшай навучальнай установы, дзе бы ўсе прадметы вывучаліся па-беларуску”.

(Ракіцкі: ) "А як людзі ставяцца да гэтай улады, да Лукашэнкі?”

(Мікалай Рак: ) "Ён — марыянэтка. Ён ці беларус яшчэ... Вось так — сумневы ў людзей. Людзі па-рознаму кажуць. Адны кажуць, што...”

(Ларыса Рак: ) "Ды перастань ты лухту плесьці... Гледзячы хто. Вось Таланка, да прыкладу, наш таксама настаўнік былы, пэнсіянэр. Ён рэзка выступае, аж да таго, што гаворыць: "Трэба падымацца і крычаць..." А я яму кажу, ну хто табе дапаможа? Хто? А астатнія... Стар'ё гэтае... Ім абы пэнсію далі”.

(Ракіцкі: ) "Але мы вось толькі што былі на вуліцы Акцябарскай...”

(Мікалай Рак: ) "Людзі там жывуць нядрэнна. Там моладзь, яны і робяць там. Але тут шмат значыла, што сылікатны завод быў пад бокам. Матэрыялы танныя былі. І лёгка было дастаць, а што і кралі...”

(Ларыса Рак: ) "Хто мог, той і краў. А ты што ўкраў?”

(Карней: ) “Яшчэ адзін мясцовы інтэлігент. Сяргей Верамейчык скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. 13 гадоў таму прыехаў да сяброў-батлейшчыкаў Лася і Ліса, якія тады тут жылі, ды так і застаўся. Працуе навуковым супрацоўнікам музэю, вядзе ў школе мастацкую студыю “Апалонік”. Стварыў дзіцячы тэатар “Альтанка”, зь якім шмат гастралюе нават па-за межамі Беларусі. Ягоны дом сёньня ўжо больш нагадвае тэатральнае памяшканьне, дзе захоўваюцца дэкарацыі, касьцюмы; тут ён зь дзецьмі развучвае ім жа напісаную опэру "Вечар у Паўночных Атэнах":

(Дзеці сьпяваюць:)

Прыехалі мы да Міхала ў Залесьсе, Залесьсе,
Нас навіна сюды пазвала, паклікала нас!
Мы ўсе яго старыя сябры, сябры-знаёмцы,
Прыехалі мы ў Залесьсе,
Ня блытайце вы самі нас —
У Залесьсі жыве князь Міхал Клеафас!!!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG