Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА ВА ЎКРАІНЕ АДБЫЛІСЯ ПАРЛЯМЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Юры Дракахруст, Прага

Афіцыйныя вынікі выбараў яшчэ не аб’яўленыя, але і папярэднія падлікі, агучаныя цэнтарвыбаркамам, даюць падставы для пэўных высноваў. Фактычна яснай сталася карціна адносна галасаваньня па партыйных сьпісах. Бар’ер 4% пераадолелі 6 партыйных блёкаў: “Наша Ўкраіна” на чале з былым прэм’ерам Віктарам Юшчанкам – 21% галасоў, кампартыя – 20%, прапрэзыдэнцкі блёк “За Едыну Ўкраіну”, ачолены кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Літвіным – 14%, сацыялістычная партыя на чале з былым сьпікерам парлямэнту Александрам Марозам – каля 8%, блёк былога віцэ-прэм’ера Юліі Цімашэнкі – каля 6% і нарэшце аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя – крыху менш за 6%.

Паводле дадзеных апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў (exit poll) карціна выглядае крыху інакш: асабліва істотныя адрозьненьні тычацца вынікаў галасаваньня за “Нашу Ўкраіну” і за прапрэзыдэнцкі блёк “За Едыну Ўкраіну”. Паводле зьвестак трох экзыт-полаў, што праводзіліся рознымі дасьледнымі цэнтрамі, блёк на чале зь Віктарам Юшчанкам набраў прыкладна чвэрць галасоў, а не 21%, як заяўляе цэнтарвыбаркам. Адпаведна за “Едыну Ўкраіну” галасаваў, паводле зьвестак экзыт-полаў, толькі кожны дзясяты выбаршчыка, а не 14%, як цьвердзіць ЦВК. Адрозьненьні, як бачым, на 4%. Праўда, прадстаўнікі блёку “Наша Ўкраіна” мяркуюць, што фальсыфікацыя склала 8-12%.

Лідэр блёку Віктар Юшчанка заявіў:

(Юшчанка: ) “Парушэньні ў некаторых акругах настолькі істотныя, што можна казаць пра тое, што выбары несапраўдныя. Падчас выбараў былі зарэгістраваныя больш за 10 тысяч парушэньняў. Нам трэба крыху часу, каб прыняць рашэньне пра магчымыя дзеяньні адносна гэтых парушэньняў”.

У той жа час лідэр прапрэзыдэнцкага блёку Ўладзімер Літвін выказаў пэўнае задавальненьне вынікамі.

(Літвін: ) “Я мяркую, што канфігурацыя парлямэнту будзе вызначацца блёкам “За Едыну Ўкраіну”.

Аднак нават аб’яўленыя цэнтарвыбаркамам вынікі не даюць падстваў для такога аптымізму. Ня здолелі пераадолець бар’ер 4% праўрадавыя блёкі “Жынкі за майбутне” і партыя зялёных, а таксама блізкі да камуністаў блёк Натальлі Вітрэнкі. З другога боку, дамагліся посьпеху апазыцыйныя Сацыялістычная партыя Ўкраіны і блёк Юліі Цімашэнкі.

Ужо вядомыя і дадзеныя па мажарытарных акругах: каля 100 дэпутатаў абраных па гэтых акругах не належаць ні да якіх партыяў, 70 дэпутатаў прадстаўляюць блёк “За Едыну Ўкраіну”, 33 – блёк “Наша Ўкраіна”.

За хадою выбараў ва Ўкраіне сачылі каля тысячы замежных назіральнікаў. Паводле іх папярэдніх заяваў, яшчэ рана казаць, што выбары адпавядалі міжнародным стандартам, але эўрапейскія назіральнікі не зафіксавалі парушэньняў, якія маглі сур’ёзна паўплываць на вынікі галасаваньня.

Паводле прагнозу кіеўскага Інстытуту палітычнага мадэляваньня, у выніку выбараў у Вярхоўнай Радзе ўтворацца тры цэнтры вагі: “Наша Ўкраіна” і яе спадарожнікі будуць кантраляваць прыкладна траціну парлямэнцкіх месцаў, прыкладна столькі ж будуць мець прапрэзыдэнцкія дэпутаты, згуртаваныя вакол блёку “За Едыну Ўкраіну”, і яшчэ каля 20% месцаў будзе ў камуністаў.

Як вынік, стварэньне ўстойлівай парлямэнцкай большасьці будзе немагчымае, прапрэзыдэнцкі блёк будзе вымушаны манэўраваць паміж камуністамі і Юшчанкам, што на думку Інстытуту будзе спрыяць узмацненьню пазыцыяў лідэра “Нашай Украіны” у наступныя два гады, што засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG