Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКІХ ДАРОГАХ ЗЬЯВІЛІСЯ ПЕРШЫЯ "ПАДСЬНЕЖНІКІ"


Ігар Карней, Менск

"Падсьнежнікі" — так іранічна называюць аўтааматары з досьведам тых, хто езьдзіць толькі па сухіх дарогах, альбо чый аўтамабіль ня здольны перасоўвацца па сьлізкіх ды засьнежаных вуліцах. "Падсьнежнікі" і іхныя дзесяці-пятнаццацігадовыя аўто — рэальнась сучаснага беларускага дарожнага руху. Таму надыход вясны і не нясе асаблівай радасьці супрацоўнікам ДАІ: паводле штогадовай статыстыкі, увесну колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў павялічваецца ўдвая.

Я цярпліва чакаю ці ня чвэрць гадзіны, пакуль сяржант ДАІ разьбіраецца з чарговым парушальнікам. Здаецца, той нічога не разумее, чаго ад яго хочуць. Зараз я паспрабую задаць колькі пытаньняў інспэктару, які, так бы мовіць, "вартуе спакой" на скрыжаваньні праспэкту Скарыны і вуліцы Казлова.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, ці існуе праблема так званых "падсьнежнікаў", якія пасьля зімы выходзяць на вясновыя вуліцы?"

(Прадстаўнік ДАІ: ) "Праблема ёсьць. Але яна ня толькі ў тым, што машыны старыя. Сапраўды, усю зіму людзі ня езьдзяць, практыка губляецца. Таму любы дасьведчаны кіроўца ведае: такую машыну лепей аб'ехаць. Як яна выглядае? — старая, іржавая, старыя нумары. Трэба з такімі нешта рабіць.

Правільна Менгарвыканкам загадаў: старыя аўтамабілі эвакууюць з двароў, калі тыя доўга ня езьдзяць. Усё: уперад — на стаянку. На дарогах, самі ведаеце, паток павялічыўся. А ў такіх гора-кіроўцаў наагул правы забіраць трэба".

(Карэспандэнт: ) "Ці былі сёньня аварыйныя сытуацыі, дарожна-транспартныя здарэньні?"

(Прадстаўнік ДАІ: ) "Мала што аварыйныя сытуацыі. Дык аднаму дзеду яшчэ хуткую дапамогу выклікаў. Пачаў няўдала вырульваць, на яго пачалі раўці. Расхваляваўся, прыйшлося выклікаць "хуткую". Бабулька вось нейкая таксама... Лінзы ў акулярах таўшчынёй у мой палец. Куды едзе? Перакананы, што патрэбныя ўзроставыя абмежаваньні. Мэдкамісію "прыціснуць да пазногця". Куды такіх старых выпускаць? Ёй не да руля трэба, а ня ведаю ўжо куды... Няхай гуляе з унукамі.

І гэтыя курсанты пасьля школы... Ледзьве экзамэны здаў, і пра ўсё адразу забыўся. Праз колькі яны машыны купляюць? (Асабліва што да тых, якія школу скончаць, а машыну толькі праз два гады набываюць.) Яны ж таксама езьдзіць ні чорта ня ўмеюць. Але засьвяціла сонца, і ўсе паехалі".

Зараз на ўліку беларускай Дзяржаўтаінспэкцыі амаль два мільёны транспартных сродкаў. Палова зь іх — прыватныя аўтамабілі ды матацыклы. Штогод аўтакіроўцаў становіцца на 50—60 тысяч болей. Нарэшце ў Беларусі легкавік становіцца не раскошай, а сродкам руху.

А яшчэ зусім нядаўна раскошай было ня толькі дзесяцігадовае нямецкае аўто, але й магчымасьць навучаньня на адмысловых курсах кіроўцаў. Я добра памятаю год 1994, сваю амаль паўгадовую эпапею, калі давялося ня толькі заплаціць 300 даляраў за вучобу на курсах у ваенізаваным спартыўна-тэхнічным таварыстве, але яшчэ й купіць 60 літраў бэнзыну (хоць на тыя два дзясяткі гадзінаў трэнінгу кіраваньня і 10 літраў было зашмат).

Цяпер, натуральна, іншыя часы. Каб навучыцца езьдзіць, можаш выбраць любую з паўсотні менскіх спэцыялізаваных школаў. Можаш паўтара месяца займацца штодня, а можаш — толькі па выходных, тры месяцы. Ёсьць курсы ранішнія, вечаровыя... І кошты цяпер зусім іншыя — ад $90 да $150.

Ахвотных вучыцца шмат, бо бадай упершыню аўто сталі даступнымі ці ня кожнаму беларусу. Тое, што функцыю дазволу на здачу экзамэну ў ДАІ курсы выконваюць — безумоўна. Але ці даюць курсы навыкі язды? Як памятаю па сабе — калі б ня ўласны досьвед, дык наўрад ці чагосьці навучыўся бы, тры месяцы выпісваючы васьмёркі на засьнежанай пляцоўцы.

Мая суседка Вольга (ёй 30 год) пасьведчаньне кіроўцы атрымала мінулай восеньню. Стаць аўтааматарам прымусіла жыцьцё — зь менскага спальнага мікрараёну амаль немагчыма ўбіцца ў грамадзкі транспарт, каб даехаць да мэтро. Тым болей зь дзецьмі. Але нядоўга паезьдзіла: як падмарозіла, паставіла "жыгулі" на прыкол, бо з жахам езьдзіла і па сухіх дарогах. А цяпер зноў села за руль.

(Вольга: ) "Здала экзамэн з трэцяй спробы. Але склалася такое ўражаньне, што менавіта дзеля гэтага аўташкола і існуе — абы здаць экзамэн. Для жыцьця, на жаль, вельмі мала практычных ведаў. Я, пэўна, змагу зрабіць дыяганальную паркоўку — але ня побач з дарагімі машынамі, а побач са слупом. Але я зусім ня ўмею прыпаркавацца ўздоўж ходнікаў. Выходжу, а ў мяне паўтары мэтры ад краю дарогі, спыняюся ледзьве не на сярэдзіне".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, больш неабходна не тэорыі, а практыкі?"

(Вольга: ) "Практыкі й жыцьцёвых сытуацый. І езьдзіць не па адным маршруце, а па ўсім горадзе. Я лічу няправільным, што навучэнцам не дазваляюць езьдзіць па праспэкце. Калі я выехала на праспэкт (ужо пасьля заканчэньня курсаў), у мяне быў сапраўдны стрэс, хоць якраз тут ехаць ня цяжка. Але псыхалягічны стрэс, што мне нельга было езьдзіць у часе навучаньня.

Прыкладам, была сытуацыя, калі мне трэба было ехаць на буксыры. Зноў жа, я ня ведала, як гэта зрабіць, каб не наехаць на таго, хто мяне цягне. Я ўвогуле ня ведаю, навошта ў машыне тахомэтар. Ён ёсьць, але што ён паказвае? Кіроўцы кажуць пра нейкія тысячы абаротаў..."

Цяпер на курсах вучацца найбольш жанчыны: кажуць, ці ня 70%, і самых розных узростаў. І ўсе цьвердзяць, што той колькасьці ведаў, якія яны атрымліваюць, ніяк не хапае. Мо нездарма ў большасьці мужчынаў беларуская жанчына на дарозе выклікае жах? Да таго ж нават інструктары просяць, каб атрымаўшы правы, тыя ня езьдзілі.

Вольга распавядае, як уражаны быў ейны інструктар, калі выпадкова ўбачыў яе ў машыне на дарозе.

(Вольга: ) "Калі ён мяне ўбачыў, дык адразу спыніўся і некалькі разоў перапытаў: "Ты насамрэч езьдзіш сама? Дык ідзі пастаў машыну каля дому і хадзі пешшу!"

(Карэспандэнт: ) "Майстар, які навучае кіраваньня, загадзя ведае, што чалавека небясьпечна выпускаць на дарогу?"

(Вольга: ) "Ён вельмі баіцца, што я ежджу. І ніколі гэтага не хаваў..."

А ці хвалюецца ейны сын, Цімоха, калі мама за рулём?..

(Цімоха:) "Калі шчыра, то хвалююся. Калі галалёд быў, альбо сьнег моцны ідзе, мама мяне просіць маліцца".

(Карэспандэнт: ) "Што ты прасіў ад Бога?"

(Цімоха: ) "Каб даехаць... Без прыгодаў".

(Карэспандэнт: ) "Але лепей езьдзіць на аўтобусе ці на машыне?"

(Цімоха: ) "Усё роўна больш падабаецца на машыне".

Сёньня сустрэў яшчэ адну аўтааматарку. Яшчэ з раніцы ейная машына заглохла, а што далей рабіць — яна ня ведала. З роспаччу аблаяла тыя курсы, дзе вучылася, заявіўшы, што ім бы толькі грошы браць. Іна, так завуць маю новую спадарожніцу, лічыць, што ў тых курсаў толькі адна мэта — паставіць навучэнца ў безвыходнае становішча.

(Іна: ) "Працэс навучаньня даў зразумець, што, аказваецца, можна езьдзіць на "жыгулях". Праўда, калі ты пасьля гэтага езьдзіш на добрай машыне, то трэба будзе потым зноў вучыцца, калі прыйдзецца, крый Божа, сесьці ў "жыгулі". Адна карысьць ад тых курсаў, што разумееш: можна езьдзіць і на дрэнных машынах..."

Іна ня можа супакоіцца: у яе "Фіат", а на курсах яна забівала галаву тым, што ёй ніколі ў жыцьці не спатрэбіцца.

(Іна: ) "Прыкладам, тармазны шлях аўтобуса выпуску да 1985 году. Правілы, натуральна, ведаць трэба. Але праграму падаваць трэба разумна!"

Дзьве кароткія, але тыповыя размовы. А за імі — нявыказанае ўслых. Тры, чатыры штурмы іспытаў у ДАІ псыхічна вычэрпваюць чалавека, і ён пачынае шукаць іншыя шляхі. Зрэшты, яшчэ на самым пачатку тых курсаў атрымліваеш дакладную інфармацыю пра таксы за здачу іспытаў.

"Кансультацыйна-інфармацыйныя" паслугі супрацоўнікаў аўташколы і ДАІ каштуюць $20 і $50 адпаведна. А ёсьць яшчэ і хітры спосаб вымаганьня грошай ужо ня толькі даішнымі ці каля-даішнымі пэрсонамі, а наўпрост ДАІ разам з усё тымі ж курсамі — абавязковыя дзяжурствы курсантаў на скрыжаваньнях менскіх вуліцаў. Без 15 гадзінаў стаяньня са сьвістком у роце ў самым цэнтры гораду пасьведчаньня пра заканчэньне курсаў не атрымаеш. Але і тут выйсьце ёсьць — інструктар за колькі пляшак гарэлкі ці за дзясятку баксаў праблему вырашыць на раз.

За дадатковыя $10 той жа інструктар бярэцца таксама правесьці па экзамэнацыйным маршруце на ўласным аўто. 12 тысяч рублёў каштуе кожная гадзіна практычных заняткаў звыш нормы. Да таго ж, ня варта забывацца, што кожная няўдалая спроба іспытаў цягне аплату за паўторны "заход" — а гэта таксама каля $10.

Таму шукаю чалавека, якому ёсьць з чым параўнаць. Узгадваю пра сябра, які яшчэ летам зьехаў у Канаду і потым, патэлефанаваўшы, першай справай распавёў, што вытрымаў вялізны конкурс і даволі хутка атрымаў пасьведчаньне прафэсійнага кіроўцы. У Таронта шэсьць раніцы, але пачуўушы знаёмы голас, новы канадыец ахвотна распавядае пра свае подзьвігі.

(Сябра з Таронта: ) "Звычайна ўсё адбываецца за тры этапы. Спачатку тэарэтычны іспыт на кампутары. Ён падобны да нашага, толькі без усялякіх нагрувашчваньняў пра хуткасьць грузавіка на аўтастрадзе, матацыклістаў бяз шлему і г.д. Здаеш на легкавік — значыцца і адпаведныя пытаньні. Пасьля гэтага ўжо маеш права езьдзіць, але ў суправаджэньні чалавека, у якога досьвед язды ў краіне чатыры гады.

Сярод абмежаваньняў — нельга рухацца ўначы і ў некаторых месцах з інтэнсіўным рухам. Карацей, усё прадумана. Потым здаеш на наступны этап, дзе атрымліваеш паўнавартасны дазвол G1. А ўжо недзе праз год можна здаваць на прафэсіянала, гэта ўжо дазваляе працаваць па найму, таксі вадзіць, маленькія тракі-грузавічкі".

Зрэшты, па-разумнаму вучаць ня толькі за акіянам. Многія знаёмыя пераказваюць, як сур'ёзна і разам безь непатрэбнага, састарэлага балясту выкладаюць аўтакіраваньне ў Нямеччыне, Брытаніі, ды нават былых краінах сацыялістычнай садружнасьці.

Мэтады выкладаньня ў беларускіх аўташколах не зьмяняюцца дзесяцігодзьдзямі. Шмат людзей баяцца курсаў як агню. Адна думка, што трэба прайсьці праз усе колы пекла, каб атрымаць правы, адбівае ўсялякаю ахвоту стаць аўтамабілістам. Правяраю на сваім суседу, ці яно так?

(Карэспандэнт: ) “Ну, што, Кузьміч, калі за руль?”

(Кузьміч: ) "Мне зручней даехаць на працу грамадзкім транспартам. Пакуль я трасуся ў мэтро, я магу пачытаць газэту. А калі я еду побач з жонкай у машыне, то магу толькі абвяшчаць, што наперадзе. Таму я перад складаным выбарам".

(Карэспандэнт: ) "Гэта боязь нестандартных сытуацыяў; ці можа — ДАІ?"

(Кузьміч: ) "Дакладна нават не скажу. Я шмат чуў пра даішнікаў як пра нейкіх вурдалакаў. Вурдалакаў баяцца; вось з даішнікамі тое ж самае. Я пакуль не сустракаўся зь імі рэальна, але ўжо ведаю шмат пра іх, мне вядомыя іхныя паводзіны, запыты..."

Кузьміч, Кузьміч... З такім пэсымізмам і надалей будзеце езьдзіць у трамваі.. А зрэшты, мой даўні сябра, пра якога я ўзгадваў напачатку рэпартажу, таксама быў пэсымістам, пакуль ня зьехаў у Канаду.

У Беларусі пра рэформу навучаньня кіраваньня аўтамабілямі толькі пачынаюць гаварыць. Маўляў, больш увагі сапраўды трэба надаваць практыцы. Але, як мы сёньня бачылі, справа ня толькі ў гэтым, а ва ўсёй сыстэме, якая склалася яшчэ за савецкім часам. Сёньня яна набывае нейкія новыя, але сутнасна не адрозныя формы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG