Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЛАВЕК, ЯКІ ГАЛАСАВАЎ СУПРАЦЬ КАНСТЫТУЦЫІ


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) "Сёньня, калі ўзгадацаь страсьці 1994 году вакол прыняцьця Канстытуцыі, можна сьцьвярджаць, что чалавечая памяць захоўвае ўсё найлепшае. Усе чамусьці забылі, што гэта была звычайная палітычная замова, і прымалася гэтая Канстытуцыя ня дзеля беларускага народу, а дзеля толькі адной асобы — Вячаслава Францавіча Кебіча. І палітычны слёган таго часу быў: “Кебіч — наш адзіны прэзыдэнт”.

Затое ўсе памятаюць, што Канстытуцыя 1994 году — першая і пакуль што апошняя дэмакратычная Канстытуцыя. Мой сёньняшні суразмоўца Лявон Баршчэўскі — літаратар, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня — адзін з тых, хто прымае актыўны ўдзел у акцыях у абарону Канстытуцыі. Дарэчы, Лявон, а ці галасавалі вы за яе?”

(Баршчэўскі: ) "Натуральна, не. Агульная пазыцыя апазыцыі Беларускага народнага фронту, якую мы адстойвалі, пачынаючы з 1990 году, была такая: мы не прымаем варыянт прэзыдэнцкай рэспублікі ў нашых умовах. І хацеў бы, дарэчы, успомніць, што ў выступах Пазьняка часта гучала: прыняцьце прэзыдэнцкай пасады прывядзе да дыктатуры. Так у выніку і і здарылася”.

(Халіп: ) "А я вось хачу ўзгадаць адну гісторыю: калі Васіль Шаладонаў вырашыў правесьці рэйтынгавае галасаваньне, у залі знаходзілася 288 дэпутатаў. За моцнага прэзыдэнта прагаласавалі 147, за слабога — 101, за парлямэнцкую рэспубліку — 130 дэпутатаў. І тады дэпутат Лявон Баршчэўскі сказаў цудоўную фразу: «Мы жывем у сьвеце Кафкі». А як магло так атрымацца, што амаль 90 дэпутатаў, як вынікае з простых падлікаў, прагаласавалі за ўсе тры варыянты?”

(Баршчэўскі: ) "Разумееце, сытуацыя па канчатковым галасаваньні была неканстытуцыйная: быў ужыты сродак так званага галасаваньня бюлетэнямі, дзе дэпутаты не маглі самастойна выразіць сваю пазыцыю.

Я і па сёньняшні дзень упэўнены, што большасьць была супраць увядзеньня моцнага прэзыдэнта. Але калі было ўведзенае пайменнае галасаваньне бюлетэнямі, дзе ты павінен быў распісвацца за тое, як ты галасуеш, то гэта, натуральна, прымусіла частку намэнклятуры, якая займала высокія пасады, галасаваць ня так, як яны хочуць.

У выніку было атрымана на апошнім галасаваньні 256 галасоў за гэтую Канстытуцыю. Хоць да гэтага ніколі столькі не набіралася. І толькі ўвёўшы гэты падпольны трук, зрабіўшы галасаваньне гэтымі бюлетэнямі, тыя людзі, якія плянавалі ўвядзеньне гэтай пасады, дабіліся свайго”.

(Халіп: ) "Хто былі тыя людзі, якія працавалі на Кебіча? Гэта была каманда ў Вярхоўным Савеце?”

(Баршчэўскі: ) “Я падазраю, што, паколькі галоўным «прывадным рамянём» і таранам быў вядомы дэпутат Генадзь Казлоў — у яго былі вельмі шчыльныя кантакты з Масквой, ён часта езьдзіў туды на кансультацыі, — канчатковае рашэньне аб тым, што любымі стрдкамі трэба праціснуць той варыянт Канстытуцыі, было прынята там.

І Казлоў далажыў групе “Беларусь”, ён жа кантраляваў, як гэтая група галасуе. Там была жорсткая сыстэма кантролю. Гэта ён прапанаваў галасаваньне бюлетэнямі, і ў выніку такое рашэньне было прынятае. На жаль, група вельмі паважаных мной Карпенкі і Ганчара далучылася да намэнклятуры на гэтым этапе, хаця іх галасы, магчыма, і пераважылі б”.

(Халіп: ) "А Кебіч не сустракаўся з апазыцыяй Беларускага народнага фронту, з тымі, хто супрацьстаяў прыняцьцю гэтай Канстытуцыі?”

(Баршчэўскі: ) "Паколькі гэты працэс доўжыўся амаль чатыры гады, такіх сустрэч былі дзясяткі. І мы даказвалі, чаму ў нашай сытуацыі трэба ісьці прыбалтыйскім ці нямецкім шляхам, чаму фігура прэзыдэнта можа існаваць, але не з такімі паўнамоцтвамі. А так — ён пазыцыю нашую ведаў, і ніхто нас не ўгаворваў. Бо нават у праграмных дакумэнтах фронту было запісана, што мы за парлямэнцкую рэспубліку.

Самае галоўнае было тое, што, прагаласаваўшы ўсім гамузам за ўвесь тэкст, дэпутаты практычна пазбавілі сябе магчымасьці уносіць зьмены ў асобныя артыкулы. Вось, напрыклад, самы галоўны артыкул 100, частка 1, дзе напісана літаральна: “Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь прымае меры па ахове сувэрэнітэту, нацыянальнай бясьпекі, тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, забесьпячэньні палітычнай і эканамічнай стабільнасьці, захоўваньні правоў і свабодаў грамадзян”.

У гэтай фразе няма ніякай агаворкі наконт “у тых межах, у якіх дазваляюць законы Рэспублікі Беларусь” або “калі гэта не датычыць артыкулаў такіх, такіх, такіх...”. Гэта не было ўнесенае, і потым пры ўсіх нашых намаганьнях нам гаварылі, што ўжо позна, галасавалі за поўны тэкст, усё пайшло на подпіс, і нельга нічога зьмяніць.

Фактычна намэнклятура плянавала, што спадара Кебіча можна будзе кантраляваць, і далей там закладзеная магчымасьць адхіленьня ад пасады, канстытуцыйны суд і ўсё астатняе. Але артыкул 100, частка 1 — можа, нават па недагляду быў прапушчаны ў такім выглядзе”.

(Халіп: ) "Зараз у многіх краінах назіраецца тэндэнцыя вяртаньня манархаў — у тым жа Афганістане або ў Баўгарыі. Як вы думаеце, ці магла б у Беларусі ўсталявацца канстытуцыйная манархія? Тым больш што ў нас ёсьць тайна нараджэньня прэзыдэнта — хто ведае, можа, ён арыстакрат?”

(Баршчэўскі: ) “Канстытуцыйная манархія лепш, чым калхознае беззаконьне. А наконт нашчадкаў — гісторыкі мне гаварылі, што прынц Эдвард з Віндзарскай дынастыі зьяўляецца ў 35-м ці 36-м калене нашчадкам Рагнеды. Так што спадар Лукашэнка наўрад ці змог бы прэтэндаваць на гэтую пасаду”.

(Халіп: ) "Ці змог бы выратаваць Беларусь рэфэрэндум, калі б яго ўсё ж такі правялі ў 1992 годзе?”

(Баршчэўскі: ) "Я б сказаў, што рэфэрэндум мы маглі б прайграць — я маю на ўвазе дэмакратычныя сілы. У нас было спадзяваньне на разгубленасьць намэнклятуры, але пакуль ішла б падрыхтоўка, намэнклятура аднавіла б ужо сваю згуртаванасьць. Калі б рэфэрэндум быў прызначаны ў кастрычніку 1992 году, ён адбыўся б не раней за сакавік 1993 году.

Ведамства спадара Сталярова жорстка кантралявала эфір, і апазыцыі вельмі рэдка ўдавалася прабіцца ў тэлевізар. Мы маглі б прайграць, быў хутчэй разьлік на тое, што намэнклятура не пасьпее згуртавацца. Нездарма яны на сэсію не выносілі гэтае пытаньне.

Кастрычнік 1992 году — гэта было ўжо позна. А вось калі б увесну яшчэ, калі подпісы былі сабраныя, хуценька правесьці рэфэрэндум — тады быў шанец перамагчы”.

(Халіп: ) "Чаму апазыцыя Беларускага народнага фронту не атрымала ніводнага месца ў парлямэнце 13-га скліканьня?”

(Баршчэўскі: ) "Яна не атрымала іх у першую чаргу таму, што закон аб выбарах быў прыняты таксама пад ціскам пэўных сілаў. Калі б у нас выбары праходзілі па закону расійскаму або літоўскаму, па маіх падліках, каля 60 кандыдатаў ад Фронту і саюзных зь ім партыяў адназначна выйгравалі.

Я выйграваў у Заводзкім раёне, але мне 1,5% не хапала, спадару Беленькаму — 59 чалавек не хапіла для яўкі, спадару Голубеву — яшчэ менш. Хаця мы набіралі больш за 50% галасоў. Гэта была галоўная прычына, таму што пры апатыі людзей, якія ўвогуле не хацелі ісьці ні на якія выбары, перайсьці гэтую мяжу — 50% — ды яшчэ з пэўнымі фальсыфікацыямі, было немагчыма. Таму мы ня выйгралі б тыя выбары цалкам, але разам з саюзьнікамі маглі мець каля паловы і забясьпечыць стабільнасьць у разьвіцьці. Вядома ж, гэта быў бы хутчэй украінскі варыянт, з разгулам карупцыі, з цяжкасьцямі ў эканоміцы, але мы ўсё ж такі былі б значна уперадзе ў параўнаньні з тым, дзе мы сёньня знаходзімся”.

(Халіп: ) "Галоўная мэта любой дэмакратычнай Канстытуцыі — забясьпечыць роўныя суадносіны розных сілаў у грамадзтве, правы як слабых, так і моцных. Наколькі сёньняшняя Канстытуцыя забясьпечвае гэтыя суадносіны?”

(Баршчэўскі: ) "Пытаньне рытарычнае: слабых б’юць па фізіяноміі, а моцныя робяць што хочуць”.

(Халіп: ) “У студыі быў дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, літаратар Лявон Баршчэўскі. Адно пытаньне застаецца адкрытым: на якой Канстытуцыі будзе даваць прысягу наступны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG