Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – 70 ГАДОЎ “ЛІМУ”


Валянціна Аксак, Менск

Заснаваная кампартыйнымі органамі савецкае Беларусі дзеля прапаганды сваёй ідэалёгіі сродкамі літаратуры і мастацтва, газэта ад першых сваіх нумароў была падпарадкаваная гэтай задачы. Даваенныя нумары “ЛіМу” цалкам прысьвечаныя юбілейным датам і адлюстраваньню тагачаснае сацыялістычнае рэчаіснасьці.

У вайну газэта не выходзіла, а пасьля яе акцэнты рабіліся на ўслаўленьне ваенных подзьвігаў і перамогаў. У 1960-я гады на яе старонкі патрапляе дазаваная праўда жыцьця, якая хутка аднак зноў замяняецца ідэалягічнай траскатнёй. І толькі ў другой палове 1980-х “ЛіМ” робіцца сапраўды газэтаю творцаў, у тым сэнсе, што пачынае пісаць пра праблемы, якія іх хвалююць: мова, культура, гісторыя.

Ці было гэта зьвязана з агульнымі зьменамі ў савецкай дзяржаве, ці паўплываў на тое асабісты фактар тагачаснага галоўнага рэдактара, спыталася я ў Анатоля Вярцінскага.

(Вярцінскі: ) “І тое, і другое. І так званая палітыка галоснасьці, і, відаць, мела нейкае значэньне і мая перакананасьць у слушнасьці тэмаў публікацыяў. Ды і не згадзіўся б я пайсьці на гэтую пасаду, калі б быў іншы час і ня стаў дзьмуць вецер пераменаў, вецер галоснасьці. Я тады адчуў, што можна нешта зрабіць, нешта данесьці чытачом”.

Тады “ЛіМ” упершыню распачаў дыскусію пра стан беларускае мовы, якая выклікала надзвычайны інтарэс да газэты. А публікацыя Шмыгалёва і Пазьняка “Курапаты — дарога сьмерці” яшчэ больш дадала ёй папулярнасьці. Наклад тыднёвіка сягнуў за 20 тысяч. Тады ж на старонках “ЛіМу” зьявіўся першы пераклад на беларускую мову “Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чаславека” і дыскусія пра стан гэтых правоў у рэспубліцы.

Ніводная з узьнятых тады тэмаў ня страціла надзённасьці й сёньня, аднак цяпер “ЛіМ” іх не кранае. Ці ўплывае гэта, на думку спадара Вярцінскага, на аўтарытэт выданьня.

(Вярцінскі: ) “Безумоўна, уплывае. Але тут справа ня толькі ў тым, хто сёньня працуе ў газэце, ня толькі ў тым, хто яе рэдагуе, хто ўзначальвае выданьне. Справа ў тым, што, на жаль, памянялася грамадзка-палітычная сытуацыя. З галоўным рэдактарам падпісваюць кантракт, а гэта яго абавязвае... Выдаюцца распараджэньні наконт стварэньня так званых хольдынгаў літаратурна-мастацкіх выданьняў, распараджэньні наконт іхнага фінансаваньня”, — лічыць былы галоўны рэдактар “ЛіМу” Анатоль Вярцінскі.

Былых і сёньняшніх прыхільнікаў газэты “лімаўцы” запрашаюць 1-га сакавіка ў Дом літаратара на ўрачыстасьці з нагоды свайго 70-годзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG