Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУРЫМ – ВЯСЁЛАЕ СЬВЯТА, АЛЕ НЕ ДЛЯ ЎСІХ!


Кастусь Бандарук, Прага

У адрозьненьне ад сьвята Ганукі, якое сымбалізуе духоўнае выратаваньне, Пурым увекавечвае драматычны пэрыяд гісторыі габрэйскага народу і фізычнае выратаваньне ад зьнішчэньня, апісанае ў гэтак званым “скрутку Эстэры”.

Сьвята было ўстаноўленае ў памяць выратаваньня габрэйскага народу ад генацыду 500 гадоў да нашай эры. Пэрсыдзкі імпэратар Ахашверош, зачараваны габрэйкай Эстэрай, узяў яе сабе за жонку, а ейнаму стрыечнаму брату Мардэхаю даручыў адну з найвышэйшых пасадаў у краіне. Аднак найбольш набліжанаму да імпэратара візыру Аману ўдалося пераканаць ўладара зьнішчыць усіх габрэяў у адзін дзень. Над габрэямі павісла небясьпека поўнага генацыду, але каралеве Эстэры ўдалося перахітрыць Амана, і затым той быў пакараны сьмерцю. Габрэям было таксама дазволена адпомсьціць сваім ворагам. Пасьля гэтага Мардэхай стаў другім па важнасьці чалавекам у дзяржаве. У памяць гэтага цуду і фізычнага выратаваньня народу габрэйскія сьвятары ўстанавілі сьвята Пурым, якому папярэднічае аднадзённы пост.

У гэтае сьвята у сынагогах чытаюцца фрагмэнты Кінігі Эстэры, а калі ў тэксьце гучыць імя Амана, прысутныя заглушаюць яго тупаньнем нагамі. У гэты дзень прынята даваць дзецям, а таксама сябрам і знаёмым падарункі, а бедным – міласьціну. Традыцыйным сьвяточным ласункам зьяўляюцца салодкія піражкі з макам і мёдам
“хумэнташэн” званыя “ вушамі Амана”. Для габрэяў імя “Аман” самае ненавіснае. У сьвята Пурым наладжваюцца багатыя банкеты, дабрачынныя балі і канцэрты. Пераапрантыя ў традыцыйныя і гістарычныя строі акторы адыгрываюць біблійныя сцэны.

Пурым – гэты адзіны за ўвесь год дзень, калі габрэям ня толькі можна, але і рэкамэндуецца добра выпіць, пажадана да такой ступені, каб не адрозьніваць слоў “пракляты Аман” ад “ блаславёны Мардэхай”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG