Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЕНЕ БЫЎ АГУЧАНЫ ДАКЛАД КІРАЎНІЧКІ АДМЫСЛОВАЙ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПА БЕЛАРУСІ УТЫ ЦАПФ


Юры Сьвірко, Менск

Пра працэдуру абмеркаваньня дакладу Уты Цапф мне распавёў дарадца капэнгагенскага сакратарыяту Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ Ян Ёран, які знаходзіцца зараз у Вене й слухаў даклад пра Беларусь.

(Ёран: ) “Так, ён быў абмеркаваны, але пакуль не было аніякіх рашэньняў на гэты конт. Гэта адбылося не на самой сэсіі асамблеі, а ў часе паседжаньня яе пастаяннага камітэту. І ніякіх вялікіх дыскусіяў вакол гэтага пытаньня ўжо ня будзе”.

Паведаміў спадар Ёран, кіраўнік інфармацыйнае службы ПА АБСЭ.

Прысутны на венскай сэсіі намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету й лідэр Аб'яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька распавёў падрабязнасьці абмеркаваньня справаздачы рабочай групы на чале з Утай Цапф. Як заўжды, гэтак званаму Нацыянальнаму сходу Беларусі спрабаваў дапамагчы сьпікер расейскае Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў.

(Лябедзька: ) “Селязьнёў і прадстаўнік Казахстану хацелі навязаць дыскусію па прадстаўніцтве Беларусі ў ПА АБСЭ. На гэта ніхто не пайшоў і пытаньне ня ставілася ў парадак. Калі была дыскусія, спадарыня Ута Цапф згадвала сытуацыя, што склалася вакол місіі АБСЭ. Гэта ўсімі ацэньваецца як такі трывожны факт, без станоўчага вырашэньня якога ў ПА АБСЭ ні аб якім статусе размаўляць ня будуць”.

Заявіў спадар Лябедзька. Тым часам беларускія ўлады спрабуюць шантажаваць ПА АБСЭ пагрозамі прыпыніць сяброўства Беларусі ва ўсёй АБСЭ, калі Нацыянальны сход не атрымае месца ў Парлямэнцкай асамблеі.

Вось што распавёў сёньня на брыфінгу ў МЗС ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка:

(Латушка: ) “Сапраўды мы лічым, што кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі заняло неканструктыўную пазыцыю. У нас выклікае зьдзіўленьне той факт, што кіраўніцтва ПА АБСЭ не праявіла такту і гатоўнасьці да дыялёгу з кіраўніцтвам парлямэнту краіны. Разам з тым, рашэньне аб сяброўстве Беларусі ў АБСЭ на эмацыйным узроўні мы вырашаць ня будзем. Гэтае пытаньне занадта сур’ёзнае, каб сёньня яго абмяркоўваць”.

Заявіў спадар Латушка, прадстаўнік беларускага МЗС. Намесьнік Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Анатоль Лябедзька камэнтуе гэта так:

(Лябедзька: ) “Мы задаволеныя тым, што пакуль лукашэнкаўскі парлямэнт ня мае афіцыйнага статусу – гэта адпавядае нашаму падыходу. Па-другое, мы адзначаем як станоўчы фактар і ўдзел нашай дэлегацыі. Вось зараз мы знаходзімся на сустрэчы ў МЗС Аўстрыі – гэта як бы паралельна з тым, што мы робім у ПА АБСЭ. У нас заплянаваныя сустрэчы – і мы мяркуем, што яны заўтра адбудуцца – з прадстаўнікамі амэрыканскай дэлегацыі, з прэзыдэнтам Севярынам і з прадстаўнікамі рабочай групы па Беларусі”.

Анатоль Лябедзька ацэньвае даклад гэтай рабочай групы пад кіраўніцтвам Уты Цапф гэтак:

(Лябедзька: ) “Можна зь нечым пагаджацца, зь нечым – не. Яны вельмі доўга шукалі, што можна знайсьці станоўчага. Станоўчым яны прызналі, што Вайтовіч і Папоў накіравалі пісьмо прэзыдэнту Севярыну, у якім паабяцалі, што будуць пашыраць паўнамоцтвы “палаты”. І другі станоўчы факт – гэта згода беларускага боку правесьці рэцэнзію закону аб СМІ. Вось гэта тое, што яны змаглі сабраць за паўгода пасьля таго, як прайшла палітычная кампанія пад назвай “прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі”. Усё астатняе яны разглядаюць як нэгатыўныя фактары”.

Заявіў Анатоль Лябедзька, лідэр Аб'яднанае грамадзянскае партыі, які знаходзіцца ў Вене на зімовай сэсіі ПА АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG