Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЎ ПЕРАПІСАЦЬ ПАДРУЧНІКІ ПА ГІСТОРЫІ


Валянціна Аксак, Менск

Нагадаем, што першую спробу перапісаць падручнікі Лукашэнка зрабіў яшчэ ў 1996 годзе, бо ранейшыя, маўляў, былі напісаныя "нацыяналістычна настроенымі" людзьмі. Аднак і новымі ён застаўся не задаволены.

Сёньня на нарадзе Лукашэнка заявіў, што ў тых падручніках, па якіх зараз вучацца школьнікі й студэнты, "мала ўвагі надаецца вырашэньню ідэйна-палітычных задач". А вось як у інтэрвію нашаму радыё пракамэнтаваў намеры Лукашэнкі адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі Беларусі дацэнт Белдзяржунівэрсытэту Павал Лойка:

(Лойка: ) "Тут некалькі момантаў. Першы — гэта тое, што ня трэба, дарэчы, і паводле афіцыйнае палітыкі, ламаць старое. Але ж у паведамленьні па тэлебачаньні пра гэтую сустрэчу прагучала, што будуць перафармоўвацца аўтарскія калектывы і будуць перапісвацца падручнікі.

Падручнікі па гісторыі Беларусі ў нас напісаныя ўпершыню, і іх ня трэба адкідаць, а трэба браць найлепшыя і ўдасканальваць. З аднаго, двух, трох выданьняў ніколі клясычны падручнік ня выйдзе, але нельга ў гэтай справе кідацца ў палярнасьці, тут патрэбная вытрымка канцэпцыі.

Падручнікі па гісторыі краіны сапраўды павінны служыць справе выхаваньня дзяржаўнага патрыятызму. І таму ў падручніках мусіць быць адлюстраваная сапраўдная, аб’ектыўная гісторыя, а ня выбраная ў дагоду нейкаму аднаму ідэалягічнаму кірунку: усходняму, заходняму, паўночнаму, паўднёваму...

Патрэбна глядзець на гісторыю, як модна выказвацца цяпер, шматвэктарна, адлюстроўваць усе аб’ектыўныя факты. І мне здаецца, што сёньняшнія падручнікі якраз у асноўным і вытрыманыя ў такім аб’ектыўным гледзішчы”.

(Карэспандэнт: ) “Чым тады, на Вашую думку, не задаволены ў падручніках Лукашэнка, калі яны адпавядаюць гістарычным фактам? Якраз жа гэтую задачу ён і ставіць сёньня...”

(Лойка: ) “Яны не адпавядаюць накіраванасьці ягонай ідэалёгіі, бо прапагандуюць нашую багатую спадчыну. Менавіта нашую, беларускую, а ня іншую. Нашая спадчына да канца XVI стагодзьдзя была чыста эўрапейская, а не якая іншая, бо мы былі часткаю Эўропы. Дык давайце вяртацца ў Эўропу — у тым ліку і ў гістарычнай асьвеце, а не пазіраць увесь час на ўсход.

Думаю, што ёсьць яшчэ адзін момант. Гэтыя падручнікі рабілі прафэсіяналы, якімі складана маніпуляваць. Я дваццаць гадоў прапрацаваў у архівах. Праз мае рукі прайшло мноства фактаў, дарэчы, і з гісторыі роднай Лукашэнкавай Александрыі, у мяне ёсьць інвэнтар гэтае вёскі з XVIII стагодзьдзя. Так што жыцьцё нашых продкаў я добра ведаю, як гэта ведаў прафэсар Біч, ведае прафэсар Штыхаў і іншыя аўтары падручнікаў...”


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG