Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДБЫЎСЯ РАЗБОЙНЫ НАПАД НА ОФІС ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

У пятніцу ўвечары ў офісе ЗБС а 19-й гадзіне мусіў адбыцца сход, які штотыдня праходзіў у гэты час. Гэтым скарысталіся злачынцы. Два чалавекі, адзін у масцы аранжавага колеру, а другі бяз маскі, але з нажом у руцэ, увайшлі ў пакой і загадалі ўсім легчы на падлогу. Пасьля гэтага яны перарэзалі тэлефонны дрот.

У офісе былі Вольга Кузьміч, намесьніца старшыні Рады ЗБС, Андрусь Сухаверхі, дырэктар офісу, і сыстэмны адміністратар Юрась Сідун.

(Вольга Кузьміч: ) “Яны адразу ведалі, дзе што стаіць, што да чаго. У аднаго зь іх быў такі выгляд — бачна было, што чалавек сядзеў, і не адзін раз. Такога крымінальнага выгляду. Ён махаў нажом, казаў: “Я ваяваў у Чачэніі, а вы чым тут займаецеся”. Ён увесь час усіх пужаў.

Другі, той, што быў у аранжавай масцы, ён зьбіраў тэхніку. Бачна было, што чалавек выдатна ведае, што за тэхніка і дзе яна стаіць. Але неяк зьбіраў яе неахайна. Адзін кампутар узялі, а другі — не. Узялі мадэм і некалькі мышэй. А навошта ім спатрэбіліся мышы?

Адзін зь іх спытаў, ці ёсьць золата, але нават не чакаў адказу. Гэта было пытаньне ў неба. Магчыма б, гэта й выглядала на тое, што яны прыйшлі нешта скрасьці — ну, калі ведалі, што тут арганізацыя і ёсьць кампутары. Але потым, калі разышоўся той, што быў бяз маскі й кідаўся на нас з нажом, то другі падбег і загадаў яму адчапіцца ад нас. Ён патлумачыў нам, што нас чапаць ня будуць, што ім заплацілі не за гэта. Паабяцаў, што, як толькі выканаюць загад — сыдуць”.

(Юрась Сідун: ) “Мадэм, які яны скралі, гэта мадэм для вылучанай лініі, вельмі дарагі. Ён каштуе 200 даляраў. Напэўна, яны ведалі, што гэта за мадэм, бо звычайны каштуе недзе 20 даляраў. Ну, а таксама новы кампутар за 500 даляраў, куртка — 300 даляраў і мабільны тэлефон за 200 — вось такая атрымліваецца сума”.

Калі злачынцы сышлі, Андрусь Сухаверхі пабег на трэці паверх і выклікаў міліцыю. Міліцыянты прыйшлі праз 10 хвілінаў. Яны зьнялі адбіткі пальцаў, апыталі ўсіх прысутных і суседзяў. Стол, на якім засталіся адбіткі ад нажа, супрацоўнікі міліцыі забралі ў сьледчы аддзел. Яны патлумачылі юнакам, што гэта рэчавы доказ таго, што адбыўся менавіта разбойны напад, а не звычайнае хуліганства.

Юрась Сідун кажа, што міліцыянты ставіліся да пацярпелых ветліва й спачувальна.

(Юрась Сідун: ) “У прыватных размовах міліцыянты казалі (але я ня ведаю, наколькі гэта сур’ёзна), што раней, пару гадоў таму, яны б дакладана ведалі, хто гэта зрабіў альбо хто замовіў. Міліцыянты паскардзіліся на тое, што цяпер разьвялося шмат спэцслужбаў, можа 105, а можа й 107. Было відаць, што яны самі разумеюць, што гэта не звычайны крымінальны напад, а справа больш сур’ёзная, хутчэй зьвязаная зь дзяржавай”.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да сьледчага крымінальнага вышуку Паўла Раманава:

(Павал Раманаў: ) “Я ня ведаю, ёсьць тут палітыка ці няма. Для мяне гэта звычайнае злачынства, над якім трэба працаваць. Так, яно зьяўляецца цяжкім, таму над ім трэба вельмі добра працаваць”.

Сябры ЗБС лічаць, што разбойны напад заказалі спэцслужбы, якія перайшлі да новых мэтадаў запалохваньня.

(Вольга Кузьміч: ) “Я лічу, што ўчорашні прыклад і тое, што адбылося на акцыі ў Дзень сьвятога Валянціна, насамрэч сьведчыць, што спэцслужбы, улада зьмянілі тактыку. Раней яны пагражалі, выклікалі на размовы ў КГБ, канфіскоўвалі тэхніку, судзілі, ліквідоўвалі арганізацыі наогул. Цяпер яны бачаць, што гэта ня дзейнічае.

Яны перайшлі да іншай тактыкі. Сталі пагражаць самым апошнім — жыцьцём людзей. Яны запалохваюць новых людзей, якія толькі прыходзяць у арганізацыі. Калі гэтыя людзі вырастуць, будзе сур’ёзная небясьпека. Менавіта гэтага ўлады і баяцца, таму й перайшлі да такіх мэтадаў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG