Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЁНЫ ЗАКАТАВАНЫХ У “СЫБІРСКІХ КУРАПАТАХ” ВЯРТАЮЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ


Галіна Абакунчык, Менск

“Расстрэльны сьпіс” — так называе апублікаваныя ў кнізе імёны 1261 чалавека аўтар выданьня, навуковец Ігар Кузьняцоў, бо больш за 1000 зь іх былі расстраляныя. Гэта першы пайменны сьпіс ураджэнцаў Беларусі, закатаваных бальшавікамі на тэрыторыі цяперашняй Томскай і Новасыбірскай абласьцей Расеі. Такім чынам, у іх сваякоў упершыню зьявілася магчымасьць даведацца пра лёс родных, а таксама выставіць расейскім уладам патрабаваньні матэрыяльнай кампэнсацыі. Гаворыць Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Тут іх ніхто ня ўзгадваў. У многіх яшчэ жывыя сваякі, але праз 50 гадоў яны нічога ня ведаюць пра лёс рэпрэсаваных. У кнізе зьмешчаныя дакумэнты, на падставе якіх адбываліся рэпрэсіі, а таксама карта лягераў Сыбіру, якая публікуецца ўпершыню. Тут імёны толькі невялікай часткі закатаваных — тых, што былі рэабілітаваныя. І гэта той дакумэнт, празь які сваякі загінулых атрымоўваюць поўнае юрыдычнае права патрабаваць кампэнсацыі, бо ў адпаведнасьці з Законам аб рэабілітацыі РФ гэтыя людзі цалкам адноўленыя ў правах”.

Па аналёгіі зь беларускімі, “сыбірскімі Курапатамі” й па сёньня называюць узьбярэжжа ракі Об у горадзе Калпашава Томскай вобласьці Расеі. На пачатку 1990-х стала вядома, што там былі пахаваныя каля 10 тысяч ахвяраў бальшавісцкага генацыду, у тым ліку й тых ўраджэнцаў Беларусі, імёны якіх занатаваныя ў кнізе. А напрыканцы 1970-х, калі абрынуты бераг ракі адкрыў перад калпашаўцамі жахлівае відовішча з мноствам чалавечых костак і чарапоў, перапалоханая партнамэнклятура не знайшла тады нічога лепшага, як вінтамі цеплаходаў зрэзаць людзкія парэшткі ў ваду.

Увогуле ж ссыльныя беларусы гінулі на тэрыторыі 40 суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Шмат дзе ў тых месцах усталяваныя помныя знакі альбо выдадзеныя кнігі. У нас на дапамогу дзяржавы разьлічваць не даводзіцца: аналягічныя выданьні паводле рэпрэсіяў у Маскоўскай і Ленінградзкай абласьцях таксама выйдуць пад патранажам грамадзкага аб’яднаньня “Дыярыюш”. Гаворыць Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Гэта кніга безганарарная, але я не настолькі наіўны, каб разьлічваць на ўлады. Падзеі ў Курапатах паказваюць, што нашае кіраўніцтва ня возьмуць аніякія эмоцыі. Іншая рэч, што калі любая сям’я, дзе ёсьць рэпрэсаваныя, выдаткуе адну тысячу рублёў, то можна будзе прадоўжыць гэты індэкс і выдаць сэрыю народных кніг. Іншага выйсьця няма”.

У кнізе “Індэкс ураджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных у Сыбіру” прыведзены адрас Томскага ўпраўленьня ФСБ Расеі, куды сваякі рэпрэсаваных могуць зьвярнуцца, каб больш падрабязна даведацца пра лёс сваіх родных. Адно што наклад выданьня — усяго 113 паасобнікаў на ўсю Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG