Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ І ЭЎРОПА — ЦІ МАГЧЫМЫЯ НОВЫЯ КРОКІ НАСУСТРАЧ?”


Алена Панкратава, Менск

Выдавец часопісу “Belarusnews” — Цэнтар міжнароднай адукацыі і кантактаў у Дортмундзе (ІВВ), які стаў арганізатарам найбуйнейшай у гісторыі нямецка-беларускіх стасункаў канфэрэнцыі “Новая палітыка для Беларусі”, якая распачнецца 8 лютага ў Кёльне. Удзельнічаць у сустрэчы запрошаныя вядомыя палітыкі, палітолягі, грамадзкія дзеячы з абедзьвюх краінаў.

Выданьне знаёміць чытачоў з асноўнай праблематыкай будучай канфэрэнцыі. У некалькіх словах яна фармулюецца так: будучыня нямецка-беларускіх стасункаў у выніку пашырэньня межаў Эўразьвязу.

Як лічыць вядомы эўрапейскі палітык, кіраўнічка нямецка-беларускай парлямэнцкай групы Бундэстагу і старшыня адмысловай працоўнай групы АБСЭ Ута Цапф, усё залежыць ад тых рэальных крокаў, якія зробяць насустрач адна адной Беларусь і Эўропа. Інтэрвію Уты Цапф напярэдадні яе візыту на чале з дэлегацыяй АБСЭ ў Менск ёсьць адной з найгалоўных публікацыяў выданьня.

У часе сваіх сустрэчаў у Менску (яны адбудуцца на самым пачатку лютага) эўрапейскія палітыкі зьбіраюцца абмеркаваць найперш пытаньне дзейнасьці КНГ АБСЭ, а таксама праблемы свабодаў слова і незалежнай прэсы, самастойнасьці парлямэнту ў Беларусі.

Паводле Уты Цапф, з гледзішча эўрапейскіх стандартаў многія рэчы з тых, што адбываюцца ў палітычным жыцьці краіны, проста шакуюць. Напрыклад, колькасьць леташніх сьмяротных пакараньняў у Беларусі — 159. Ута Цапф выказвае надзею, што тыя абяцаньні, зь якімі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выступіў афіцыйны Менск, не застануцца абяцаньнямі толькі на паперы.

Паводле вядомага палітыка, інтэграцыя Беларусі і Эўропы немагчымая сёньня без Расеі. На жаль, дагэтуль Масква ўсё яшчэ захоўвае стрыманую пазыцыю, — лічыць Ута Цапф.

У той час, як нямецкія палітыкі толькі выпрацоўваюць стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю, прадстаўнікі магутнага грамадзкага руху Нямеччыны, які займаецца пытаньнямі ліквідацыі чарнобыльскіх наступстваў, лічаць, што эўрапеізацыя Беларусі магчымая дзякуючы далейшай гуманітарнай дапамозе беларускім грамадзянам.

Пра гэта са спасылкай на інфармацыйныя агенцыі фэдэральнай зямлі Пфальц піша сёньня орган чарнобыльскіх нямецкіх ініцыятываў — інтэрнэт-выданьне “Belаrusnews.de”. Паводле ўдзельнікаў штогадовага чарнобыльскага сходу ў Вайдэне, дапамога пацярпелым у выніку Чарнобыльскай катастрофы сёньня больш актуальная, чым 15 гадоў таму.

Як лічыць вядомы навуковец, прафэсар Гары Намаё (японец па паходжаньні), праз супрацоўніцтва зь беларускімі грамадзкімі арганізацыямі створаны сапраўдны падмурак для добрасуседзкіх дачыненьняў. Праекты, якія ладзіла Нямеччына для ахвяраў Чарнобылю, маюць ня толькі мэдычны эфэкт — яны дапамаглі і Беларусі, і Нямеччыне знайсьці тысячы сяброў, неглядзячы на тое, што афіцыйны Менск фактычна ізаляваў краіну ад Захаду.

Якой можа стаць мяжа аб’яднанай Эўропы на ўсходзе? З гэтае нагоды журналістка буйнога нямецкага выданьня “Wostok”, якое піша пра ўсходнеэўрапейскую палітыку краіны, наведала Берасьце. Як піша Брыта Воленвэбэр, з кожным годам меншаюць замежныя інвэстыцыі ў гэты памежны горад.

Ці не адзінае месца, дзе думаюць пра будучае суседзтва — гарадзкая праектная арганізацыя. Берасьцейскія архітэктары прапануюць вам дзясяткі цікавых рашэньняў мадэрнізацыі транспартнай сеткі гораду, гандлёвай зоны. Вы ўбачыце макеты гарадзкіх кварталаў з воднымі аазысамі і зялёнымі масівамі.

Аднак сёньня, — піша “Wostok”, — гэта ня болей чым ідэі. Берасьце — гэта тыповы беларуска-савецкі горад. Дынаміка ягонага росту складалася стыхійна. На архітэктуру рабілі ўплыў галоўным чынам партыйныя чыноўнікі. У выніку будаваліся манумэнты і спальныя блёчныя кварталы. Паралельна Берасьце забудоўвалі прыватнымі аднапавярховымі дамамі. Сёньня Берасьце — гэта горад, вёска і манумэнт адначасова. За чым жа будучыня?” — пытаецца журналістка Брыта Воленвэбэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG