Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЙДУКЕВІЧ РАСПАЎСЮДЗІЎ ДАКУМЭНТЫ ПРА ДЗЕЙНАСЬЦЬ ЗАМЯТАЛІНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сытуацыя на Менскім трактарным заводзе спрычынілася да чарговага палітычнага скандалу. Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч перадаў у мэдыі колькі скандальных дакумэнтаў, якія, паводле Гайдукевіча, выкрываюць датычнасьць былога віцэ-прэм’ера Ўладзімера Замяталіна да магчымых махінацыяў з трактарамі "Беларусь".

Паводле Гайдукевіча, экс-дырэктара МТЗ Лявонава, які цяпер за кратамі, быццам бы прымусілі падпісаць нявыгадны для краіны кантракт на пастаўку у Ірак 500 трактараў па заніжаных коштах. Нібыта выйграла ад гэтага кантракту нейкая пасярэдніцкая фірма "Белмэталэнэрга", інтарэсы якой абараняў Уладзімер Замяталін.

У сёньняшняй "Народнай волі" надрукаваныя дакумэнты, якія гэта пацьвярждаюць. Сярод іх ліст Замяталіна да ірацкага міністра ўнутраных справаў Абдул-Разака, які ўтрымлівае наступны пасаж: "Мы хацелі б паінфармаваць Вас, што ... урад Беларусі прызначыў ААА "Белмэталэнэрга" ў якасьці адзінай беларускай кампаніі, якая ўпаўнаважаная прадстаўляць інтарэсы беларускіх вытворцаў на тэрыторыі Іраку й рэалізоўваць беларускія тавары ірацкім спажыўцам".

На падставе гэтых дакумэнтаў карэспандэнт "Народнай волі" робіць выснову, што менавіта Замяталін вызначаў "каму гандляваць беларускімі трактарамі з Іракам", але пры гэтым ён нібыта клапаціўся "не за Беларусь і не за Трактарны завод, а за асобна ўзятую фірму".

Былы віцэ-прэм’ер Уладзімер Замяталін назваў распаўсюджаныя Сяргеем Гайдукевічам дакумэнты "фальшыўкай".

(Замяталін: ) "Гэта глупства напісана, хлусьня ўсё цалкам. Прычым гэта напісана чалавекам, які ў Іраку прадстаўляўся віцэ-прэзыдэнтам Беларусі, і нават адмысловыя блянкі падрабіў. Маецца на ўвазе Гайдукевіч, гэта ягоных рук справа. Паўтараю яшчэ раз, што гэта ўсё паклёп". – заявіў для Радыё Свабода Ўладзімер Замяталін.

Ён выклаў сваю вэрсію зьяўленьня гэтых дакумэнтаў. Паводле Замяталіна, раней больш за 20 расейска-беларускіх кампаніяў, у тым ліку і тыя, да якіх маюць дачыненьне лібэрал-дэмакраты і асабіста Гайдукевіч, займаліся ўзаемазалікамі з Расеяй. Праз гэтыя фірмы ішлі ў тым ліку і беларускія трактары, але ў Расею яны траплялі ўдвая-ўтрая таньнейшымі. Пакуль працавалі гэтыя схемы, трактары ня мелі шанцаў патрапіць ў Ірак наўпрост з Беларусі, сьцвярджае былы віцэ-прэм’ер. З гэтай прычыны ўраду, маўляў, давялося ў гэта ўмяшацца, і цяпер пастаўкі ідуць праз беларуска-іракскую камісію. Але гэта не спадабалася былым пасярэднікам, якія згубілі немалыя грошы, таму яны і помсцяць.

"Гэта ўсё дзеці лейтэнанта Шмідта, ім няма чаго больш рабіць, як пісаць!" – выказаўся Замяталін на адрэсу Сяргея Гайдукевіча і ягоных аднадумцаў з ЛДПБ. Аднак пры гэтым Замяталін не зьбіраецца падаваць на Гайдукевіча ў суд, пра што і заявіў Радыё Свабода.

У сваю чаргу Сяргей Гайдукевіч таксама адмаўляецца ад датычнасьці да паставак беларускіх трактараў праз Расею ў Ірак. Паводле яго, гэта чарговая хлусьня былога віцэ-прэм’ера.

(Гайдукевіч: ) "Калі спадар Замяталін гэтак кажа, то я хачу яго спытаць: Ці я зьяўляюся прэм’ер-міністрам, віцэ-прэм’ерам ці кіраўніком адміністрацыі? Хто я такі, якое я маю дачыненьне да трактарнага завода, каб займацца трактарамі? Я наагул не хацеў чуць гэтае прозьвішча – "Замяталін" і не хачу чуць у будучыні. Я проста перадаў дакумэнты, якія мне перадалі".

Пасьля гэтага ён запрасіў мяне ў свой офіс паглядзець на слоік са стронцыем, што быў знойдзены сёньня ў адным з пакояў штаб-кватэры ЛДПБ. Паводле Сяргея Гайдукевіча, тое, што ў слоіку менавіта радыёактыўнае рэчыва, менавіта стронцый, пацьвердзілі адмыслоўцы зь міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Сяргей Гайдукевіч перакананы, што апублікаваньне дакумэнтаў наконт Замяталіна і гэтая правакацыя наўпрост звязаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG