Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ЎРАЧЫСТАЯ ЦЫРЫМОНІЯ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня дарога да Курапатаў была пазначаная бел-чырвона-белымі стужкамі — гэткім чынам будаўнікі агарадзілі шлях па менскай кальцавой дарозе да ляснога масыву. А 13-й гадзіне ў Курапатах было ўжо некалькі соцень чалавек — валанцёраў, сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў, дыпляматаў, навукоўцаў, шараговых грамадзянаў.

Цырымонію адкрыцьця адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі” распачаў амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.

(Козак: ) “Сёньняшняя імпрэза як мага лепш пасуе для таго, каб аддаць даніну павагі пахаваным у гэтай сьвятой зямлі. Шмат нявінных людзей былі забітыя ў гэтым месцы. У асноўным беларусы, але й расейцы, палякі, літоўцы, украінцы ды іншыя.

Хаця Беларусь больш за іншыя краіны пакутавала ад замежных захопнікаў і катастрафічных катаклізмаў, тыя, што тут пахаваныя, не былі ахвярамі падобных пакутаў. Калі дакладней, яны былі ахвярамі ўраду. І многія з тых, што тут пахаваныя, самі працавалі на той урад. Выдатны беларускі паэт Янка Купала адметна адлюстраваў гэтую ідэю ў сваім вершы:

І прыйдзе новых пакаленьняў
На нашы месцы грамада
Судзіць. Судзіць і суд —
Ці мы сумленна жыцьцё прайшлі
Ці чарада?
А ўжо свой выдасьць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разьбярэ, у чым справа тут”.

Як і 8 гадоў таму, калі 15 студзеня 1994 году амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан ушаноўваў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у Курапатах быў Станіслаў Шушкевіч, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі. Дарэчы, сёньня афіцыйныя беларускія ўлады прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Сычоў. Станіслаў Шушкевіч параўноўвае сёньняшнюю падзею з 1994 годам:

(Шушкевіч: ) “Сёньня, я лічу, на вельмі нізкім узроўні былі прадстаўленыя ўлады — на ўзроўні намесьніка міністра. Таму што, калі ўсталёўвалася гэтая лава, тады Хвастоў быў перакладчыкам у нас. Ён тут вельмі віўся. І сёньня мог бы прыехаць, я лічу. Тут прымаў усіх Пазьняк. У нас была вельмі складаная сытуацыя. Па-першае, было вялікае супрацьстаяньне візыту амэрыканскага прэзыдэнта наогул, і яшчэ найвялікшае супрацьстаяньне нават у апошнія гадзіны было, яго паездцы ў Курапаты”.

У часе сваёй прамовы амэрыканскі амбасадар выказаў падзяку аўтару памятнага знака скульптару Алесю Шатэрніку, які адрэстаўраваў лаву Клінтана.

(Шатэрнік: ) “Трэба было пераасэнсаваць. Проста склеіць было нецікава. Менавіта тое месца, дзе яна была расколатая на дзьве паловы, — я яго як бы пакінуў, зрабіў сымбалічным, і на гэта месца адліў з мэталу жалобны вянок. Зараз лава ператвараецца ў новы сымбаль”.

Восем гадоў таму Алесь Шатэрнік падараваў Білу Клінтану праз прадстаўнікоў амэрыканскай амбасады керамічную выяву Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, і быў вельмі ўражаны, калі праз пэўны час атрымаў ад Біла Клінтана ліст з падзякай. Сёньня Алесь Шатэрнік падараваў амэрыканскаму амбасадару Майклу Козаку бронзавую адліву выявы Эўфрасіньні Полацкай.

У Курапаты прыехала многа дыпляматаў. Пасьля цырымоніі я падышла да польскага амбасадара Марыюша Машкевіча. Ён стаяў ля крыжа, усталяванага ў памяць палякаў, якіх расстралялі ў Курапатах.

(Машкевіч: ) “Сёньняшні дзень паказаў, што цэлы цывілізаваны сьвет супраць таталітарызму, супраць тэрарызму, і ахвяры, каторыя там ляжаць у гэтых магілках, ахвяры НКВД, ахвяры таталітарнай сыстэмы — ушанаваныя, і гэта самае галоўнае. Для мяне як для польскага амбасадара важна тое, што такім чынам ушанавалі таксама й палякаў, якія там таксама спачываюць”.

Польскі амбасадар Марыюш Машкевіч разам зь літоўскім амбасадарам Ёнасам Паслаўскасам наведалі намёт, у якім жывуць абаронцы Курапатаў.

Дарэчы, ня ўсе валанцёры ўзялі ўдзел ва ўрачыстасьцях. Сябры Беларускай Партыі Свабоды ў часе цырымоніі заставаліся ў намёце. Паводле лідэра БПС Сяржука Высоцкага, гэта было выклікана тым, што яны не атрымалі запрашэньня на цырымонію, тады як былі запрошаныя ўсе астатнія апазыцыйныя палітыкі, і нават тыя, хто ўвогуле ня браў удзелу ў абароне Курапатаў, тыя, хто не наведваў урочышча апошнія месяцы.

(Высоцкі: ) “Гэта нашая зямля, мы ахоўвалі гэтае месца. Але ў самой цырымоніі мы ўдзельнічаць ня будзем. Гэта адэкватная рэакцыя — калі вас не запрашаюць кудысьці, то вы туды й ня йдзеце. Работнікі амбасады ЗША знайшлі магчымасьць запрасіць прадстаўнікоў усіх партыяў і арганізацыяў, зарэгістраваных і незарэгістраваных, апрача чыньнікаў курапацкай варты — прадстаўнікоў Беларускай Партыі Свабоды. Упэўнены, што гэта не пазыцыя амэрыканскага народу, гэта недагляд амэрыканскай амбасады”.

Тым часам ўрачыстасьці працягваліся. Айцец Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Леанід Акаловіч асьвяціў адноўлены мэмарыяльны знак. І, як і восем гадоў таму й шмат разоў за апошнія амаль чатыры месяцы, што ідзе вартаваньне Курапатаў, ва ўрочышчы гучаў “Магутны Божа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG