Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булавацкі: Дзяржаўная палітыка не спрыяе, каб мову ведалі добра


16 студзеня ў Магілёве абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы зладзіла штогадовае інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў «Беларускае пяціборства».

Праходзіла яно традыцыйна ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. З адміністрацыяй навучальнай установы ТБМ мае пісьмовую дамоўленасьць на правядзеньне тут свайго спабору.

У сёлетнім, дванаццатым, «Пяціборстве» ўзялі ўдзел 23 школьнікі. Летась іх было — 30. Як і ў папярэднія гады, удзельнікам прапаноўваліся заданьні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й па мове. Па суме балаў будзе вызначаны пераможца.

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі
Арганізатар «Пяціборства» — былы выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова, а цяпер рэпэтытар Міхась Булавацкі адзначыў нездавальняючы ўзровень веданьня беларускай мовы ўдзельнікамі:

«Мову ведаюць кепска зусім. Пытаньне: „Чаму?“ не да мяне. Тут вось побач настаўніца беларускай мовы сядзіць і яна кажа, што гэта пытаньне нават і не да школы. Дзяржаўная палітыка не спрыяе, каб мову ведалі добра. Калі ўдзельнікі бяруцца адказваць на пытаньні па матэматыцы ці па фізыцы, то тэрміналёгіі яны наагул ня ведаюць. Прыдумляюць свае словы. Ім жа ў школах ня кажуць, як гучыць матэматычная беларуская тэрміналёгія. Я раблю выснову, што ў школах мову вучаць у ня поўным аб’ёме. Вучаць яе як мову замежную».

У папярэднія гады Міхась Булавацкі па выніках «Беларускіх пяціборстваў» адзначаў тэндэнцыю па пагаршэньні веданьня школьнікамі нацыянальнай мовы беларусаў.

Канчатковыя вынікі «Пяціборства» будуць падведзеныя пазьней.

Удзельнікі «Пяціборства»
Удзельнікі «Пяціборства»
На «Беларускае пяціборства» запрашаюцца ўдзельнікі школьных прадметных алімпіядаў. Пераможцаў ганаруюць дыплёмамі й каштоўнымі падарункамі.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Рэкордная колькасьць удзельнікаў на «Беларускім пяціборстве» была ў 2010 годзе — 42 вучні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG