Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ ГРОШАЙ БЕЛАРУСЬ МАЕ АД ЭКСПАРТУ ЗБРОІ?


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве старшыня расейскага Камітэту ў справах вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі Міхаіл Дзьмітрыеў паведаміў, што партфэль замоваў на экспарт вайсковае прадукцыі з Расеі на 2002 год перавышае 2 мільярды даляраў. Аднак, паводле ягоных словаў, гэтая сума датычыць толькі замоваў, сфармаваных не галоўным пастаўшчыком расейскае зброі "Расабаронэкспартам".

Агенцтва "Інтэрфакс" паведамляе, што сёлета экспарт зброі з Расеі склаў 4 мільярды даляраў. Такім чынам, "Расабаронэкспарт" мае толькі палову ўсіх паставак зброі, што ідуць за мяжу.

Спэцыялісты ў галіне гандлю зброяй сьцьвярджаюць, што частка расейскай зброі йдзе празь Беларусь. Ізраільскі часопіс "DEBKA" піша, што сёлета ў першым паўгодзьдзі Аляксандар Лукашэнка прадаў зброі больш як на 600 мільёнаў даляраў.

Паводле часопісу, Лукашэнкавы прадстаўнікі сёлета прадалі радарныя сыстэмы й палепшаную апаратуру сувязі камандаваньню ірацкіх сілаў паветранае абароны ды сыстэмы адсочваньня ракетаў іранцам, а таксама "Кацюшы", супрацьтанкавыя ракеты, міны й амуніцыю палестынцам і аўтаматычныя стрэльбы, кулямёты, міны й амуніцыю альбанскай вызваленчай арміі, што ваявала на Балканах.

Эўрапейскія крыніцы заявілі ізраільскаму часопісу, што "Лукашэнка мае падтрымку расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна й расейскае службы выведкі ФСБ, якія выкарыстоўваюць Лукашэнкавы паслугі дзеля дзьвюх мэтаў: прыхаваць расейскія адбіткі пальцаў на адчувальных зьдзелках са зброяй і прадаць палепшаныя сыстэмы зброі".

Я папрасіў пракамэнтаваць гэта Сімона Вэзэмана, экспэрта са Стакгольмскага інстытуту міжнародных мірных дасьледаваньняў (SIPRI), які ўжо выказваўся на беларускую тэму ў нашумелым інтэрвію нямецкаму агенцтву DPA. Вось што заявіў спадар Вэзэман:

(Вэзэман: ) "Беларусь ёсьць адной з найбольш закрытых краінаў што да паставак зброі. Мы ня маем ніякіх афіцыйных лічбаў. Наконт неафіцыйных лічбаў магу сказаць, што мы выводзім свае ўласныя лічбы, якія грунтуюцца не на фінансавых коштах, а на інфармацыі, якую мы атрымліваем з розных адкрытых крыніцаў. Мы аналізуем гэтыя крыніцы, іхную інфармацыю, а затым складаем рэгістар паставак зброі, і таму вы можаце бачыць, якая зброя, якія тыпы зброі былі пастаўленыя — у гэтым выпадку зь Беларусі — і якім краінам".

Агенцтва DPA і часопіс "DEBKA" абвінавацілі Беларусь і Аляксандра Лукашэнку ў падтрымцы тэрарыстаў. Ізраільскі часопіс нават назваў імя стваральніка Лукашэнкавай сеткі гандлю зброяй — Ліба Ройс, былы намесьнік міністра абароны Харватыі.

"Ягоныя вельмі шыкоўныя офісы ў Заграбе служаць цэнтрам гандлю зброяй Лукашэнкі", — піша часопіс "DEBKA" й дадае, што ў часе грамадзянскае вайны ў Босьніі ў сярэдзіне 1990-х Ройс прадаваў зброю ўсім бакам — сэрбам, харватам і басьнійскім мусульманам, дзеля чаго разьвіў шырокае супрацоўніцтва зь іншымі гандлярамі зброяй: савудаўцамі, ізраільцамі, іранцамі, палестынцамі, пакістанцамі й альбанцамі. "Гэтыя сувязі цяпер ставяць Лукашэнку ў вельмі добрую пазыцыю", — зазначае ізраільскі часопіс.

Вось як камэнтуе гэта стакгольмскі экспэрт Сімон Вэзэман:

(Вэзэман: ) "Мы сочым за вялікімі сыстэмамі, і яны, безумоўна, не трапляюць тэрарыстам. Яны трапляюць краінам, якім іншыя краіны зброю не пастаўлялі б. Мы кажам пра краіны кшталту Эфіёпіі, Уганды, Альжыру, Анголы... Калі мова йдзе пра кошт экспарту, яго вельмі цяжка вызначыць, таму што я ня бачыў афіцыйнай ці паўафіцыйнай інфармацыі пра кошт экспарту зброі. Але мы бачым, што сыстэмы былі пастаўленыя. І калі я гляджу на іх, дык тады сума 500 мільёнаў даляраў за паўгода ня будзе празьмернаю, яна апраўданая".

Я спытаўся, як спадар Вэзэман ставіцца да апошняй Лукашэнкавай заявы пра тое, што Беларусь не парушае правілаў ААН, гандлюючы зброяй.

(Вэзэман: ) "Я бачыў шмат паведамленьняў, якія могуць прымусіць думаць, што Беларусь парушае эмбарга ААН. Было шмат паведамленьняў пра ірацкі вайсковы пэрсанал, які навучаўся ў Беларусі", — нагадаў Сімон Вэзэман, супрацоўнік стакгольмскага інстытуту SIPRI.

Ізраільскі часопіс "DEBKA" таксама паведамляе, што сёлета ў красавіку і траўні расейскія сыстэмы ўзбраеньняў былі дастаўленыя самалётам у Багдад з вайсковага аэрапорту ў Менску. "Некаторыя з ірацкіх плацяжоў за гэтыя пастаўкі былі пералічаныя на Лукашэнкавы банкаўскія рахункі на Блізкім Усходзе, у Ганконгу й Маляйзіі ў якасьці камісійных", — паведаміў часопіс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG