Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* САН-ДЫЕГА (КАЛІФОРНІЯ). У мінулы аўторак у Сан Дыега ў веку 81 году памёр Уільям Джаванавіч, былы кіраўнік аднаго з найбольшых амэрыканскіх выдацецтваў, якое выдала творы некаторых найбольш уплывовых аўтараў ХХ стагодзьдзя. Нашчадак польскіх і сэрбскіх эмігрантаў, Джаванавіч прайшоў шлях ад прадаўца школьных падручнікаў да дырэктара выдавецтва Harcourt Brace Jovanovich. Сярод выдадзеных Джаванавічам аўтараў — Джордж Орвэл, Ганна Арэнт, Томас Стэрнз Эліот, Італа Кальвіна, Умбэрта Эка, Гюнтэр Грас.

* РЫО-ДЭ-ЖАНЭЙРА. Пісьменьніца Зэлія Гаттаі, удава Жоржы Амаду, была абраная ў склад Бразыльскай Акадэміі Пісьменства, заняўшы месца свайго мужа, які памёр 8 жніўня сёлета ў веку 89 гадоў. Праз тыдзень пасьля сьмерці мужа пісьменьніца падала сваю кандыдатуру ў Акадэмію. Яна абвясьціла, што ня проста зьбраецца заняць крэсла мужа, але дамагчыся яго як пісьменьніца. 85-гадовая Зэлія Гаттаі — аўтар трынаццаці кніг, у тым ліку раману «Анархісты, Божай ласкаю».

* БАГДАД. У Іраку шырока рэклямуецца кніга, аўтарства якой ірацкія інтэлектуалы прыпісваюць Садаму Хусэйну. Кніга «Непрыступная крэпасьць», на вокладцы якой не пазначаны аўтар, — ужо другая прыпісваная Садаму Хусэйну пасьля кнігі «Забіба і кароль», што выйшла ў лістападзе 2000 году. Новая кніга неўзабаве зьявіцца ў продажы. Паводле рэклямы, гаворка ў ёй ідзе пра «змаганьне са Злом» і пра «цяжкае падарожжа ў сьвет Дабрадзейнасьці». Цьвердзіцца, што ўсе прыбыткі з кнігі пойдуць на дабрачынныя мэты.

* ЛЁНДАН. У Брытанскім музэі адкрылася выстава «Агата Крысты і археалёгія: Таямніца ў Мэсапатаміі». У 1930 годзе пісьменьніца выйшла замуж за археоляга Макса Мэлавана і на працягу дзесяцігодзьдзяў амаль штогод удзельнічала ў мужавых экспэдыцыях у Іраку і Сырыі. Пісьменьніца, якая лічыла Мэсапатамію «самым рамантычным месцам у сьвеце», непасрэдна працавала на раскопках, апрацоўвала знаходкі, фатаграфавала. Досьвед археалягічнай працы Агата Крысты шырока выкарыстала ў сваіх раманах.

* НЬЮ-ЁРК. Калекцыя з 32 лістоў Джэрама Сэлінджэра да дачкі Маргарэт, якія апошняя выставіла на продаж на аўкцыёне «Садэбіз», так і не была прададзеная — ніхто з пакупнікоў не запрапанаваў мінімальнай сумы ацэнкі. Паводле адміністрацыі аўкцыёну, патэнцыйныя пакупнікі спадзяюцца пазьней купіць гэтыя 43 старонкі карэспандэнцыі пісьменьніка прыватна. Сэлінджэр перастаў публікавацца ў 1965 годзе, таму гэтыя лісты ўяўляюць сабой унікальныя дакумэнты ягонай творчасьці і прыватнага жыцьця.

* АТАВА. Дэпутаты канадыйскага парлямэнту прынялі пастанову аб заснаваньні афіцыйнай пасады «нацыянальнага паэта» пры парлямэнце. Абавязкі афіцыйнага паэта будуць палягаць у напісаньні твораў на замову канадыйскага ўраду, напрыклад, з нагоды важных падзеяў. Разам з тым паэт будзе выконваць абавязкі кансультанта пры галоўным бібліятэкары парлямэнту. Афіцыйнага паэта будзе абіраць на два гады кіраўніцтва парлямэнту з кандыдатаў, запрапанаваных адмысловай камісіяй.

* МАДРЫД. Калюмбійскі пісьменьнік Альвара Мутыс стаў сёлетнім ляўрэатам прэміі Сэрвантэса — галоўнай літаратурнай прэміі гішпанамоўных краінаў. Прэмію памерам 15 мільёнаў пэсэтаў кароль Гішпаніі Хуан Карлас уручыць пісьменьніку 23 красавіка ў родным горадзе Сэрвантэса — Алькала дэ Энарэс. Мутыс, які ўжо 35 гадоў жыве ў Мэксыцы, апублікаваў свае першыя творы ў 1947 годзе. У 1953 годзе выйшаў раман «Элемэнты катастрофы», дзе ўпершыню зьяўляецца адзін з самых вядомых літаратурных пэрсанажаў гішпанамоўнай літаратуры апошняга стагодзьдзя — матрос Макроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG