Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ХВАСТОЎ: "РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКІ КАНСТЫТУЦЫЙНЫ АКТ БУДЗЕ РАСПРАЦОЎВАЦЦА ГРАМАТНА Й НЯХУТКА"


Юры Сьвірко, Менск

Кіраўнік беларускага дыпляматычнага ведамства Міхаіл Хвастоў сёньня паведаміў журналістам, што група расейскіх экспэртаў скончыла сваю працу ў Менску ды "практычна скасавала ўсе пытаньні" наконт экспартных мытаў у Беларусі ды Расеі. Спадар Хвастоў чакае, што 25 сьнежня на чарговай сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх краінаў гэта ўсё будзе ўхваленае. Беларускі міністар таксама падкрэсьліў:

(Хвастоў: ) "Прэзыдэнты вырашылі не паскараць працэсы чыста палітычнага характару й, што важна, не зьмяняць дзейную дамову, якой створаная саюзная дзяржава, а дзейнічаць у ейных рамках. Цяпер вядзецца распрацоўка Канстытуцыйнага акту, і я думаю, што гэта будзе працэс, які будзе разьвівацца граматна й няхутка".

Міхаіл Хвастоў паведаміў, што пытаньня пра зьмену старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савету "саюзнае дзяржавы", а на гэтай пасадзе зараз Аляксандар Лукашэнка, у парадку дня каляднае сустрэчы ў Маскве няма. Беларускі міністар таксама зазначыў:

(Хвастоў: ) "Што датычыць выбараў у саюзны парлямэнт, калі можна так сказаць, — я б хацеў сказаць, што ня думаю, што тут трэба сьпяшацца. Усё ж такі трэба напрацаваць дакумэнтальную базу ці юрыдычную базу, якая дазволіць нам адметна выкарыстаць тыя магчымасьці, якія прадставіць нам саюзны парлямэнт".

Міхаіл Хвастоў сказаў, што нічога ня ведае пра заяву саюзнага дзяржсакратара Паўла Барадзіна наконт таго, што ўжо 25 сьнежня Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка прызначаць дату рэфэрэндуму пра зьмены ў нацыянальных канстытуцыях і дату выбараў у саюзны парлямэнт.

Таксама спадар Хвастоў нічога ня ведае, калі адбудзецца прызначэньне пераемніка амбасадара Ганса-Георга Віка на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі й хто стане гэтым пераемнікам. Прынамсі, ён не адказаў на адпаведныя пытаньні журналістаў.

А вось якім быў адказ міністра замежных справаў на маю просьбу пракамэнтаваць бухарэсцкую прамову дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла, які зноў заявіў пра неадпаведнасьць верасьнёўскіх выбараў у Беларусі міжнародным стандартам:

(Хвастоў: ) "Я ня маю намеру даваць нейкія камэнтары таму, што было сказана. Успрымайце гэта так, як было сказана".

Міхаіл Хвастоў пацьвердзіў, што меў у Бухарэсьце сустрэчу зь міністрам замежных справаў Польшчы, які наўпрост сказаў беларускаму калегу: пакуль афіцыйны Менск ня выканае вядомыя чатыры ўмовы АБСЭ, пакуль ня будуць знойдзеныя зьніклыя людзі або пакараныя вінаватыя ў іх зьнікненьнях, датуль Беларусь не атрымае доступ у эўрапейскія палітычныя салёны, а двухбаковых польска-беларускіх кантактаў найвышэйшага ўзроўню ня будзе.

Аднак спадар Хвастоў наконт доступу ў Эўропу кінуў рэпліку на адрас польскага калегі:

(Хвастоў: ) "Я ня думаю, што міністар замежных справаў упаўнаважаны выступаць ад імя ўсёй Эўропы".

Аднак, паводле таго ж спадара Хвастова, на наступны год плянуюцца візыты Аляксандра Лукашэнкі толькі ў Расею, Украіну й Малдову, а таксама на саміт Руху недалучэньня.

Цікава, што Беларусь, якая нібыта інтэгруецца з Расеяй, насамрэч прыхільная да ідэяў недалучэньня й вуснамі шэфа сваёй дыпляматыі заяўляе:

(Хвастоў: ) "Што тычыцца выхаду з Руху недалучэньня — не, мы ня маем намеру выходзіць з гэтага руху".

Міхаіл Хвастоў сёньня выказаў упэўненасьць, што пацяпленьне стасункаў Расеі з Захадам будзе спрыяць паляпшэньню стасункаў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. "Наша становішча істотна палепшыцца", — прагназуе беларускі міністар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG