Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ БЕЗ ЗАТРЫМАНЬНЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску стаяць моцныя маразы. Нават удзень тэмпэратура не падымаецца вышэй за 15 градусаў марозу. Я прыйшоў сёньня на сталічны праспэкт Скарыны прыкладна за 5 хвілінаў да пачатку апазыцыйнай акцыі, аднак яе ўдзельнікаў бачна нідзе не было. Толькі міліцэйская машына каля станцыі мэтро "Кастрычніцкая" ды людзі характэрнай зьнешнасьці ў цывільным і зь відэакамэрамі нагадвалі, што тут павінна адбыцца апазыцыйная акцыя.

Аднак роўна а 15-й гадзіне ўздоўж усяго праспэкту — ад "Кастрычніцкай" да Галоўпаштамту — паўсталі людзі з партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, а таксама заўчасна памерлага Генадзя Карпенкі ды зьняволенага Андрэя Клімава.

Я спытаўся ва ўдзельніцы гэтага ланцугу менскай студэнткі Алесі, што прывяло яе ў такі холад на праспэкт:

(Алеся: ) "Я бяру ўдзел у гэтай акцыі, таму, што мне ня ўсё роўна, што адбываецца ў нас у краіне. Вельмі хвалюе, што людзі зьнікаюць бязь вестак, і ўсе ведаюць хто ў гэтым вінаваты. Моцны мароз — гэта ня самае страшнае, страшней тое, што людзі могуць зьнікаць надалей. І калі мы акцыяй не дапаможам знайсьці гэтых людзей, то хоць можа ніхто больш ня зьнікне".

Гэтую думку падзяляюць і ўсе іншыя ўдзельнікі акцыі Ланцуг неабыякавых людзей, зь якімі я сёньня размаўляў.

Неўзабаве на праспэкце з партрэтамі зьявіліся палітыкі Аляксандар Дабравольскі, Генадзь Быкаў, Аляксей Кароль, Павал Знавец, а таксама сваякі зьніклых вядомых людзей. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "У нашай краіне людзі, на жаль, не заўсёды разумеюць, што бяда чужая — гэта, можа быць, і іхная бяда. І мы хацелі б ім нагадаць, што зьнікненьне кожнага чалавека, а тым больш палітыка ці журналіста — гэта бяда для ўсёй краіны, бо гэта значыць, што ў краіне штосьці ня так. Мы хочам нагадаць людзям, што трэба ўзгадаць пра добрыя пачуцьці, пра тое спачуваньне, якога вартыя мець людзі, што страцілі сваіх родных. Мы хацелі б, каб усё было ў нашай краіне інакш".

Разам са сваякамі з Андрэя Клімава й Генадзя Карапенкі у ланцугу стаяла жонка зьніклага Анатоля Красоўскага з дачкой Валерыяй. Гаворыць Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) "Усе, хто прыйшоў сюды — мы, нашыя дзеці, суседзі, знаёмыя — усе гэтыя людзі памятаюць пра тое, што адбылося. І я лічу, што ўлады павінны (я ня думаю, што гэта будзе вельмі хутка, але павінны) будуць даць адказ на пытаньне: што здарылася?"

Ланцуг неабыякавых людзей, прысьвечаны ўсясьветнаму дню правоў чалавека, працягваўся цэлую гадзіну, і міліцыя не перашкаджала яго правядзеньню. Паводле арганізатараў, падобныя акцыі сёньня прайшлі яшчэ ў 50 гарадах Беларусі, а таксама ў Вільні. Заўтра такія ж мерапрыемствы маюць адбыцца ў Брусэлі, Гаазе, Амстэрдаме, Стакгольме, Бэрліне, Варшаве, Таліне, Кіеве й Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG