Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕЦ ПАДАЕ Ў СУД НА НЯМЕЦКІЯ ЎЛАДЫ ЗА ТОЕ, ШТО ЯНЫ НЕ АБАРАНЯЛІ ЯГО АД БЕЛАРУСКІХ СПЭЦСЛУЖБАЎ


Алена Панкратава, Менск

Нямецкая інфармацыйная агенцыя DPA і баварская газэта "Мuenchener Merkur" зьмясцілі невялікія паведамленьні, паводле якіх 53-гадовы жыхар гарадку Гарміш-Пантэкірхен Крыстаф Лец зьбіраецца падаваць у суд на нямецкую дзяржаву.

"Я быў усяго толькі разьменнай картай у вялікай палітыцы, і мяне выкарысталі напоўніцу, па самым вялікім рахунку", — заявіў вядомы ў Беларусі шпіён карэспандэнтам DPA.

"Спачатку садзяць, а потым адусюль выкідаюць", — спасылаюцца на словы Крыстафа Леца журналісты "Мuenchener Mеrkur".

Паводле нямецкага друку, Лец трапіў у незайздросную сытуацыю. Былы польскі афіцэр, ён у час халоднай вайны ўцёк у Нямеччыну і стаў працаваць сьпярша на нямецкую выведку BND, а потым на эўрапейскае падразьдзяленьне ЦРУ— Цэнтар Маршала, што месьціцца ў баварскім Гармішы. Летась яго затрымалі ў Маскве ў выніку сумеснай апэрацыі расейскіх і беларускіх спэцслужбаў.

Леца абвінавацілі ў вэрбоўцы беларускіх грамадзянаў з мэтай збору канфідэнцыйнай інфармацыі. Адседзеўшы год у сьледчым ізалятары КГБ, якую ў Беларусі называюць "амэрыканкай", нямецкі грамадзянін сёлета ў ліпені атрымаў прысуд — 7 гадоў, аднак вельмі хутка быў амніставаны Лукашэнкам і высланы назад у Нямеччыну, у Гарміш.

На былым месцы працы гадавая адсутнасьць Леца была юрыдычна аформленая як водпуск без утрыманьня. Праз хуткі час Леца ўвогуле звольнілі з Цэнтру Маршала. Адміністрацыя Разьведчага Цэнтру аргумэнтавала гэтае рашэньне доўгай адсутнасьцю свайго супрацоўніка на працоўным месцы, якая пры гэтым суправаджалася непажаданымі публікацыямі ў прэсе.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што выпадак зь Лецам найхутчэй прынес немалыя страты абедзьвюм спэцслужбам — і нямецкай, і амэрыканскай. Характэрна, што кожны з бакоў даваў зразумець журналістам, што Лец — гэта хоць і іхны шпіён, але ж толькі ў другую чаргу. Паводле немцаў, ён галоўным чынам працаваў на амэрыканцаў, а паводле амэрыканцаў — на немцаў.

Сам Лец пакуль што зьбіраецца падаваць пазоў у нямецкі суд супраць Нямеччыны — краіны, якая ў свой час дала яму палітычны прытулак і грамадзянінам якой ён цяпер зьяўляецца. Лец лічыць, што дзяржава ў ягоным выпадку ня выканала сваіх функцыяў як абаронца ўласных грамадзянаў, — паведамляе DPA.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG