Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДЗЮДО З ПУЦІНЫМ” – АРТЫКУЛ У WASHINGTON POST


Юры Дракахруст, Прага

Падчас цяперашняй паездкі па Эўропе дзяржсактар ЗША на працягу 8 дзён наведае 10 краінаў. Пры гэтым ён тройчы сустрэнецца са сваім расейскім калегам Івановым. Першая сустрэча адбылася сёньня ў Бухарэсьце, на нарадзе міністраў замежных справаў АБСЭ, другая адбудзецца ў Турэччыне, трэцяя – у Маскве.

Зьбліжэньне Расеі з Захадам ці прынамсі з ЗША спараджае спробы знайсьці інстытуцыянальныя, сталыя формы гэтага зьбліжэньня. І прэзыдэнт ЗША Буш, і прэм’ер-міністар Велікабрытаніі Блэр ужо выступілі з прапановамі падвысіць узровень супрацоўніцтва Масквы з НАТА. Наколькі пасьпяховымі могуць быць гэтыя спробы? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе Джым Гоуглэнд у артыкуле ў сёньняшнім нумары Washington Post .

Паводле ягонага меркаваньня Пуцін прызнаў стратэгічную рэальнасьць, што Расея больш не зьяўляецца звышдзяржаваю. Аднак расейскі прэзыдэнт выкарыстоўвае спосаб, які Шарль Дэ Голь называў сілаю слабога. Расейскі майстра дзюдо атрымлівае ад свайго стылю адчувальную перавагу – піша Washington Post .

Гэтае меркаваньне газэта ілюструе трыма сюжэтамі.

Расейскія войскі пасьля 10-гадовай адсутнасьці вяртаюцца ў Кабул па шляху, расчышчаным амэрыканскімі бомбамі. Газэта адзначае, што гэтае вяртаньне расейцаў у Кабул стала нечаканасьцю для Вашынгтону. Праўда, варта адзначыць, што афіцыйны Вашынгтон гэта адмаўляе, у прыватнасьці дзяржсакратар Паўэл заявіў:

(Паўэл: ) “Злучэньні, які расейцы накіравалі туды, гэта мэдычныя і гуманітарныя злучэньні, іх нават нельга назваць войскамі. Большасьць зь іх належаць да міністэрства па надзвычайных сытуацыях, якое забясьпечвае гуманітарную падтрымку”.

Тым ня менш газэта Washington Post адзначае, што сьмелае рашэньне Пуціна супрацоўнічаць з ЗША ў антытэрарыстычнай апэрацыі садзейнічала ўсталяваньню традыцыйных расейскіх інтарэсаў у рэгіёне.

Падчас сустрэчы з Джорджам Бушам у Шангаі ў кастрычніку Пуцін быццам пагадзіўся на амэрыканскія выпрабаваньні сыстэмы супрацьракэтнай абароны – працягвае Washington Post . Аднак падчас сустрэчы ў Тэхасе расейскі лідэр раптоўна ізноў заняў жорсткую пазыцыю і адмовіўся ад саступак у пытаньні скасаваньня дамовы пра супрацьракэтную абарону.

Той ж стыль – піша Washington Post – Пуцін дэманструе і ў адносінах з НАТА. Падчас адной сустрэчы з генэральным сакратаром НАТА Робэртсанам ён дае зразумець , што прыём у НАТА балтыйскіх краінаў ня ёсьць праблемай для Масквы. Падчас наступнай сустрэчы гэта ізноў робіцца праблемаю.

У мінулым месяцы генэральны сакратар НАТА, прэзыдэнт ЗША і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі прапанавалі падыход, які б даў Расеі адчуваньне больш актыўнага ўдзелу у структуры эўрапейскай бясьпекі, падвысіў узровень яе супрацоўніцтва з НАТА, пры тым што ключавыя рашэньні ў межах альянсу засталіся б за паўнавартаснымі сябрамі НАТА.

Аўтар Washington Post параўноўвае гэтую прапанову з дачыненьнямі гэтак званай “вялікай сямеркі” да Расеі. Міністры фінансаў “сямеркі” шчыльна супрацоўнічаюць увесь час, але штогод сямерка робіцца васьмеркаю – на саміт запрашаецца прэзыдэнт Расеі для абмеркаваньня больш шырокага кола пытаньняў.

Аднак падчас апошняй сустрэчы з Робэртсанам – адзначае Washington Post Пуцін заявіў, што Расея не зьбіраецца стаць сябрам НАТА ані наўпрост, ані ўскосна. Хутчэй за ўсё ён патрабуе роўнага ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў – піша газэта.

Што гэта: нерашучасьць, вынік ціску ваеных і іншых лябістаў? Магчыма. Аднак амэрыканская палітыка мусіць быць гнуткаю, і ўлічваць, што зігзаг – істотны элемэнт тэхнікі Пуціна як на дыване для дзюдо, гэтак і ў Крамлі – такімі словамі завяршаецца артыкул Джыма Гоўглэнда ў сёньняшнім нумары Washington Post.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG