Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАЕМНІК АМБАСАДАРА ВІКА, МАГЧЫМА, ЗЬЯВІЦЦА Ў МЕНСКУ ЎЖО ПРАЗ ТЫДЗЕНЬ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня ў Бухарэсьце пачалося 9-е паседжаньне кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзяржаваў АБСЭ. Мяркуюць, што ва аўторак дзейны старшыня АБСЭ Мірча Джоана назаве імя пераемніка амбасадара Віка на пасадзе кіраўніка КНГ у Беларусі.

А паводле інфармацыі амбасадара Віка, якой ён падзяліўся перад ад'ездам у Бухарэст, новы кіраўнік КНГ, магчыма, зьявіцца ў Менску ўжо ў наступны панядзелак, 10 сьнежня. Разьвітальная вечарына Ганса-Георга Віка прызначаная на 20 сьнежня.

Імя пераемніка афіцыйна пакуль не называюць, але ў палітычных кулюарах кажуць, што ён, як і спадар Вік, мае ранг амбасадара і раней узначальваў дыпляматычную місію Нямеччыны ва Ўкраіне. Ён свабодна валодае расейскай мовай і добра ведае постсавецкія рэаліі.

Нагадаю, што на мінулым тыдні міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў не пажадаў, каб кіраўнік КНГ прысутнічаў падчас сустрэчы з рабочай групай у справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. З гэтай прычыны дэлегацыя рабочай групы на чале з Утай Цапф вымушаная была адмовіцца ад сустрэчы са спадаром Хвастовым.

Але ў пятніцу падчас паседжаньня Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Ганс-Георг Вік сказаў, што міністар Хвастоў жадае сустрэцца зь ім з нагоды ад'езду. Як дадаў спадар Вік, такім чынам міністар выпраўляе папярэднюю памылку.

Амбасадар Вік працуе ў Беларусі зь лютага 1998 году. Такім чынам, тэрмін ягонай працы фактычна наблізіўся да чатырох гадоў. Кажуць, што кіраўніцтва АБСЭ прапаноўвала Віку застацца ў Беларусі яшчэ на адзін тэрмін. Але нямецкі дыплямат, якому зараз 73 гады, палічыў, што гэта нямэтазгодна.

Беларусь на нарадзе ў Бухарэсьце будзе прадстаўляць міністар Хвастоў. Паводле інфармацыі з МЗС, Беларусь выступіць з ініцыятывай стварэньня камітэту, які б займаўся эканамічнай і экалягічнай праблематыкай, а таксама выкажацца за выпрацоўку Экалягічнага кодэксу паводзінаў для дзяржаваў АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG