Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАЛА Ў БРУСЭЛІ, ШТО НАВАТ У НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ НЯ ЗМОЖА ЎВЕСЬЦІ ВІЗАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

З-за недахопу грошай у бюджэце Польшча ня толькі ня зможа ўвесьці візаў для беларусаў і расейцаў сёлета, але і, праўдападобна, не атрымаецца зрабіць гэта і ў наступным годзе.

Пра гэта афіцыйна заявілі напярэдадні прадстаўнікі польскага боку ў часе перамоваў з Эўразьвязам. Неафіцыйна ўдзельнікі перамоваў кажуць, што хутчэй за ўсё візы для беларусаў і расейцаў будуць уведзеныя толькі ў 2003 годзе, а для ўкраінцаў – у 2004, адначасова з далучэньнем Польшчы да Эўразьвязу.

Справа ў тым, што ўвядзеньне візавага рэжыму патрабуе значных сродкаў на паўстаньне новых консульстваў, навучаньне пэрсаналу, а таксама кампутарнае забесьпячэньне, інакш рух людзей праз дзяржаўную мяжу можа быць спаралізаваны.

“Увядзеньне візаў – гэта вялізная задача, бо, прыкладам, у мінулым годзе Польшчу наведалі каля 6 мільёнаў беларусаў, больш за 6 мільёнаў украінцаў і каля трох мільёнаў грамадзянаў Расеі, у той час, як ўсе польскія консульствы ў сьвеце, выдалі летась толькі 185 тысячаў візаў,” – заявіў кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Тушчыньскі ў часе перамоваў з Эўразьвязам у Брусэлі.

Замаруджваньне з увядзеньнем візаў для усходніх суседзяў можа значна пагоршыць шанцы польскага боку на хуткае далучэньне да Аб’яднанай Эўропы, бо усходняя мяжа Польшчы ў будучым мае быць найбольш доўгай сухапутнай мяжой Эўразьвязу.

“А без яе ўпарадкаваньня функцыянаваньне агульнаэўрапейскага рынку, часткай якога мае намер стаць і Польшча, будзе ў небясьпецы,” – падкрэсьліваюць чыноўнікі з Брусэлю.

У хуткім часе польскі бок распачне перамовы зь Беларусьсю ды іншымі дзяржавамі, чые грамадзяне маюць права на бязьвізавы ўезд у Польшчу, у справе перагляду існуючых дамоваў ды мэханізму паступовага пераходу да візавага рэжыму.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG