Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЗ ПРАГРЭСУ БЕЛАРУСЬ НЯ ВЫРАШЫЦЬ СВАЁЙ ПРАБЛЕМЫ Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Ўта Цапф правяла выніковую прэсавую канфэрэнцыю. Спадарыня Цапф падкрэсьліла: група зыходзіць з таго, што вядомыя чатыры крытэры не згубілі сваёй актуальнасьці.

(Цапф: ) "Мы прапануем дыялёг. І мы адзначаем, што не зацікаўленыя ў ізаляцыі Беларусі ад міжнародных арганізацыяў. Але крытэры, якія павінны быць выкананыя, наступныя: гэта свабода слова і доступ да мэдыяў; пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту; паляпшэньне заканадаўства для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў; адсутнасьць дыскрымінацыі адносна палітычнай апазыцыі й партыяў. Нашая палітыка ў тым, каб заахвочваць ва ўсіх гэтых галінах дэмакратыю ў гэтай краіне".

Ута Цапф таксама адзначыла, што Беларусь цяпер не прадстаўленая ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, паколькі адносна Беларусі дзейнічае канцэпцыя "пустога крэсла". І толькі значны прагрэс у чатырох галінах можа нейкім чынам вырашыць гэтую праблему.

Дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі выказала занепакоенасьць з нагоды рэпрэсіўных захадаў супраць недзяржаўных мэдыяў і палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях Уладзімера Ганчарыка і Сяргея Гайдукевіча.

Ды й адносна рабочай групы ўлады Беларусі павялі сябе дзіўна. Як патлумачыла Ўта Цапф, сустрэча зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым не адбылася таму, што міністар пярэчыў удзелу ў ёй кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі амабасадара Віка.

(Цапф: ) "Паводле міжнародных дыпляматычных нормаў, рабочая група ніколі нікуды ня едзе без амбасадара спадара Віка. І я лічу, што было некарэктна адмовіць спадару Віку ў гэтай сустрэчы. І гэты візыт, на жаль, не адбыўся".

Тут варта дададаць, што гэта ўжо другі падобны выпадак. Першы раз такое здарылася, калі кіраўніком рабочай групы быў Адрыян Севярын. Тады ён таксама палічыў размову зь міністрам без амбасадара Віка абразай.

Я спытаўся ў спадарыні Цапф, як яна ацэньвае суадносіны паміж ізаляцыяй і самаізаляцыяй Беларусі. Адказ быў такі:

(Цапф: ) "Я лічу, што, канечне, тут больш самаізаляцыі, таму што Лукашэнка і ягоны ўрад атрымалі шмат прапановаў. Але яны іх не ўспрымалі. Яны самі ніколі нічога не прапаноўвалі свайго, каб палепшыць і дэмакратызаваць сытуацыю. Гэта дрэнная сытуацыя. З другога боку, каб ня быць нямымі, мы прапануем дыялёг паміж краінай і яе партнэрамі. Вось чаму мы прапануем дыялёг і спадзяемся, што ў будучыні будзе лепш, чым зараз".

Было адзначана, што пакуль дэлегацыя ня будзе рабіць ніякіх рэкамэндацыяў Сталаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Да ягонага паседжаньня, якое заплянаванае на сярэдзіну лютага 2002 году, рабочая група яшчэ раз (а можа, і два) наведае Беларусь. Прычым, як адзначыла кіраўніца групы, наведае абавязкова поўным складам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG