Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ РАШЭНЬНЕМ ПАЛІТЫЧНАГА КАМІТЭТУ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Уладзімер Глод, Менск

Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прапанаваў беларускім уладам дзьве новыя ўмовы для паляпшэньня стасункаў з эўрапейскай супольнасьцю. Гэта – адмена пакараньня сьмерцю і ўвядзеньне пасады амбудсмэна – упаўнаважанага ў правах чалавека. Але з ранейшых чатырох праблемаў, якія паводле міжнародных рэкамэндацыяў мусіла вырашаць улада, дзьве цяпер выключаныя – паляпшэньне выбарчага заканадаўства і стварэньне ў краіне клімату даверу.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка выказвае агульнае для ўсіх васьмі партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную Раду, меркаваньне:

(Вячорка: ) "Мне даволі трывожна. Я ня стаў бы ўглядаць у гэтым нейкую хітрамудрую прапагандовую палітыку, але я сапраўды асьцераюгаюся, што у гэтых людзей, якія слаба зарыентаваныя ў справах Беларусі, чатыры ключавыя ўмовы, сфармуляваныя намі і падтрыманая АБСЭ, а менавіта рэальная свабода мэдыяў, сапраўды дэмакратычнае выбарчае заканадаўства, зьмена палітычнага клімату і ўранаважаньне паўнамоцтваў галінаў улады, каб гэтыя ключавыя чатыры ўмовы, прынамсі, дзьве зь іх, могуць быць падмененыя ў значнай ступені фармальнымі, якія Лукашэнка зноў жа фармальна можа выканаць. Такім чынам, дэмакратычныя пэрспэктывы Беларусі застаюцца ні з чым" .

Чаму Эўропа раптам зьмяняе свае патрабаваньні да беларускіх уладаў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне яшчэ адзін удзельнік сёньняшняга паседжаньня, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) "Эўропа бачыць, што на яе моцны уплыў Лукашэнка адказвае адмовай. Ён не зьбіраецца нічога рабіць з таго, што прапаноўвае Эўропа. Таму зараз прымаюцца больш лёгкія крокі, на якія Лукашэнка можа пайсьці. Той жа крок – увесьці пасаду амбудсмэна. Трэба нагадаць, што яшчэ ў Вярхоўным Савеце 13 скліканьня ў прешым чытаньні быў прыняты законапраект аб ўпаўнаважаным па правах чалавека. Гэта было шэсьць гадоў таму. Зараз увесьці гэта вельмі лёгка. Можна нават сказаць, хто, магчыма, будзе такім кіраўніком. Гэта зямляк Аляксандра Рыгоравіча Юры Аляксандравіч Кулакоўскі, якога ўжо разглядалі ў “Палаце прадстаўнікоў” першага скліканьня як патэнцыйную кандыдатуру на гэтую пасаду. Ну і зробяць тое, што яны плянавалі раней".

Партыйныя лідэры дамовіліся давесьці сваю трывогу да міжнароднай супольнасьці. І, мабыць, першым, хто пра гэта даведаецца з вуснаў саміх беларускіх палітыкаў, будзе новы старшыня адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ута Цапф. Яе візыт у Беларусь пачнецца 25 лістапада. У той жа дзень Кансультацыйная рада вырашыла правесьці адмысловае паседжаньне, ня якое спадарыня Цапф ужо атрымала запрашэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG