Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНАСЬЦЬ НЕЗАРЭГІСТАВАНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ РНЕ Ў МЕНСКУ СТАЛА АБ'ЕКТАМ УВАГІ СУДУ Ў СПРАВЕ ГРУПОЎКІ ІГНАТОВІЧА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дагэтуль разглядаліся эпізоды, якія непасрэдна не былі звязаныя зь лёсам зьніклага апэратара ОРТ, але цяпер працэс ўсутыч наблізіўся да гэтай да канца ня высьветленай гісторыі.

У прыватнасьці, сёньня вывучалася роля Валерыя Ігнатовіча ў дзейнасьці менскай філіі РНЕ. Паводле сьледзтва існуе наўпростая сувязь паміж палітычнымі сымпатыямі Ігнатовіча і зьнікненьням Завадзкага. Маўляў, Ігнатовіч адпомсціў журналісту менавіта таму, што той скампрамэтаваў яго ў вачах адзінадумцаў – расейскіх нацыяналістаў.

І вось суд сёньня паспрабаваў высьветліць, ці сапраўды былы баец элітнага падразьделу ўнутраных войскаў быў актывістам гэтай незарэгістраванай арганізацыі. Ёсьць інфармацыя, што сьведкі гэта пацьвердзілі.

Больш за тое, зь іхных паказаньняў вынікае, што ў пэўным сэнсе, Ігнатовіч быў адным з лідэраў менскай філіі расейскіх нацыяналістаў. Свой аўтарытэт сярод шарагоўцаў ён падтрымліваў па-рознаму. Фактычна быў галоўным інструктарам на трэніроўках валоданьня зброяй ды прыёмах барацьбы. Пры гэтым вылучаўся бязьлітасцю нават да "сваіх".

Гэтак, адна сьведка, былая актывістка арганізацыі, паведаміла, што Ігнатовіч неаднойчы зьбіваў сябраў арганізацыі. А другая сьведка, камэндант інтэрнату, дзе да арышту жыў Ігнатовіч, распавяла пра ягоную актыўнасць ў справе прапаганды партыйных поглядаў. Аказалася, што ў пакоі Ігнатовіча заўсёды было шмат прафашыстоўскай літаратуры, сьцены былі завешаныя адпаведнай сымболікай, у іншых пакоях інтэрнату раз-пораз знаходзілі ўлёткі, пра гэтым Ігнатовіча ніхто да адказнасьці не прыцягваў. Сьведка патлумачыла гэта тым, што зь ім баяліся звязвацца, бо ўсе ведалі, што ён былы міліцыянт ды яшчэ спэцназавец. Характар абвінавачанага гэтая сьведка назвала замкнёным і сьхільным да помсты.

Такім чынам, сёньняшнія паказаньні з большага стасуюцца да высноваў сьледзтва пра тое, што гэта па ініцыятыве Ігнатовіча выкралі Завадзкага. Між тым, жонка зьніклага апэратара ОРТ Сьвятлана Завадзкая па-ранейшаму ня лічыць, што гэта спатрэбіліся асабіста Ігнатовічу. На ейную думку, былы спэцназавец мог выконваць чыйсьці загад, але сьледзтва не знайшло, а магчыма, і не жадала знайсьці гэтых людзей.

Падобнай высновы прытрымліваецца і журналіст ОРТ Павал Шарамет, былы калега Зьмітра Завадзкага. Вось што ён заявіў радыё "Свабода":

(Шарамет: ) "Лічу, што працэс распачаты толькі для таго, каб даказаць, што група Ігнатовіча неяк зьвязаная са справай Завадзкага. Я ня веру у гэтую вэрсію. Мне падаецца, што Ігнатовіч напэўна забойца, але ў гэтай справе ён быў толькі нейкім несамастойным зьвяном. Наколькі мне вядома, суд робіць ўсё магчымае, каб хутчэй завершыць працэс, і каб ўся праўда пра гэтую справу да грамадзкасьці не дайшла."

Павал Шарамет сам празь некалькі дзён таксама будзе выступаць у судзе ў якасьці сьведкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG