Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ: Я СУПРАЦЬ ПАЛІТЫКІ ІЗАЛЯЦЫІ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Прага

(Панкратава: ) “Спадарыня Цапф, мне прыходзілася чуць пра вас ад вашых нямецкіх калегаў, што ў пытаньнях Беларусі вы працуеце ня толькі галавой, але і сэрцам. Якія будуць вашыя першыя крокі “ад сэрца” і “ад галавы” ў дачыненьні да Беларусі на пасадзе старшыні камісіі АБСЭ?”

(Цапф: ) “Спачатку я хацела б ад ўсяго сэрца паўдзельнічаць ў Менскім Форуме, які адбудзецца ў Менску 23-га лістападу – гэта вельмі цікавая імпрэза з удзелам эўрапейскіх і беларускіх палітыкаў, палітолягаў, грамадзкіх дзеячаў, дыпляматаў, якая праводзіцца ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры некалькі год запар. І акрамя ўдзелу ў гэтым форуме, я б хацела дадаткова на працягу двух дзён правесьці некалькі грунтоўных азнаямляльных размоваў, каб з самых першых і аўтарытэтных вуснаў атрымаць інфармацыю адносна нейкіх зрухаў пасьля выбараў. Затым я прыеду ў Менск зноў, здаецца, у студзені ў складзе гэтык званай воркінг-груп (рабочай групы). Гэта будуць нямецкія палітыкі, дыпляматы, экспэрты. Мы будзем размаўляць з людзьмі з адміністрацыі, парлямэнтам, таксама апазыцыяй, з грамадзкімі групамі, з НЖО, а таксама з амбасадарамі з ЭЗ і з прэсай. І тады вось з гэтых дзвюх сустрэчаў мы паспрабуем стварыць такую агульную карціну, што ўяўляе сабой Беларусь. І гэта вельмі важна зараз пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Па-сутнасьці, мне трэба было б адзначыць гэта ў першую чаргу, нас цікавяць зрухі ў заканадаўчай сыстэме Беларусі, зрухі ў пытаньнях незалежнасьці парлямэнту. Мы таксама будзем назіраць за правамі прэсы, мы будзем ўважліва сачыць за ходам заканадаўчых і канстытуцыйных працэсаў у дачыненьні да беларускага парлямэнту. Гэта тое, што пачалося ў РБ і што зьяўляецца вельмі важным пунктам. Другі момамнт – гэта назіраньне за правамі прэсы і апазыцыі. Мы хочам ведаць, ці існуе ў гэтым зьвязку перасьлед апазыцыйных сілаў з боку ўладаў”.

(Панкратава: ) “Я маю некаторую інфармацыю з крыніцаў блізкіх да нямецкай палітычнай клясы, што распрацоўка новай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі вельмі складаная для Захаду справа. Многія палітыкі ў роспачы – як сумясьціць агульныя эўрапейскія патрабаваньні з суседзкімі зносінамі. Па-сутнасьці, Эўразьвяз мае агульную мяжу з эўрапейскай краінай, у якой проста не выконваюцца элемэнтарныя прававыя паводле эўрапейскіх стандараў нормы...”

(Цапф: ) “Я хачу быць правільна зразуметай. Я маю толькі паўнамоцтвы пэўнай камісіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Я не хачу дэкляраваць, што атрымаўшы новую пазыцыю, я зараз пачну ажыцьцяўляць абсалютна новую палітыку. Як парлямэнтар, я адыгрываю зусім іншую ролю, чым прадстаўнік ураду”.

(Панкратава: ) “Але парлямэнтары ў вас маюць пэўны ўплыў на ўрад…”

(Цапф: ) “Канечне, гэта пакуль некалькі інакш, чым у вас. Канечне, мы будзем абмяркоўваць неаднойчы беларускую тэму з эўрапейскімі дэпутатамі і ўрадам. Зразумела, “гэта вядомы сакрэт, як кажуць немцы, што я належу да тых палітыкаў, якія зьбіраюцца праводзіць некалькі іншую палітычную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі: я – за перманентны і субстанцыйны дыялёг з рознымі сіламі. Але якія крокі я магу прапанаваць у гэтым напрамку Радзе Эўропы і Эўрапейскаму ўраду – гэта мы убачым у будучыні”.

(Панкратава: ) “Зноў жа пра тое, што мне даводзілася чуць ад нямецкіх калегаў, нават чытаць у вашай прэсе, а менавіта... У зьвязку з апошняй моцнай дружбай Расеі з Захадам, Захад фактычна заплюшчвае вочы на правы чалавека ў Беларусі...”

(Цапф: ) “Вось гэтага я не магу нават і ўявіць сабе. Зразумела, ёсьць пэўныя крытыка на адрас апошняй каапэрацыі паміж Расеяй, Нямеччынай і ЗША, што быццам бы заплюшчваюцца вочы на правы чалавека ў Чачэніі або ў Беларусі. Я лічу, што гэта недапушчальна. Аднак сапраўдныя палітыкі павінны думаць пра пэўны балянс, адчуваць на ўзроні кончыкаў пальцаў месца паміж санкцыямі, ізаляцыяй і дыялёгам. Праваабаронцы ў такім выпадку лічаць, што калі праводзіцца дыялёг, хаваюцца пад сукно галоўныя праблемы. Але гэта ня так”.

(Панкратава: ) “Карацей, Вы супраць палітыкі ізаляцыі?”

(Цапф: ) “Так. Я супраць такой палітыкі. Аднак я лічу, што Рэспубліка Беларусь і сама павінна зрабіць крокі, пра якія я ўжо гаварыла, у напрамку, каб ізаляцыя была пераадолена. Я шукаю партнэраў па дыялёгу. Я не хачу вучыць беларускую апазыцыю адносна груповак. Я зычу ўсім згуртаваньням апазыцыі, якія выступаюць за дэмакратыю, каб яны не выступалі адзін супраць аднаго, каб яны дасягалі сумесных мэтаў сумеснымі намаганьнямі, каб у гэтым накірунку кожная з груповак дасягала і сваіх уласных мэтаў, а не пазбаўляла сілаў сябе і апанэнтаў у барацьбе адно з адным”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG